ЧАРГОВЫ СКАНДАЛ У ВІЛЬНІ
4 студзеня 2006 г. летувіская газэта "Lietuvos Rytas" піша пра прыезд афіцэраў амэрыканскага ФБР у Вільню. Разам з летувіскімі калегамі яны разьбіраюць справы (неіснуючага ўжо) банка "Гэрміс". ФБР раскапала доказы аб тым, што ў 1990-я гг. былы прэм'ер Украіны Павел Лазарэнка (у агульнай схеме з тадышнім прэзыдэнтам Кучмай) актыўна адмываў скрадзеныя ва ўкраінскага народу грошы ў гэтым летувіскім банку. Адна з кіраўнічак былога банку Надежда Навіцкая (Новіцкене) настойліва адмаўляе факт удзелу "Герміса" у брудных афёрах кіеўскага супэржуліка, які сядзіць у амэрыканскай турме.
Наш камэнтар: Зразумела, што Н. Новіцкая (такі варыянт прозьвішча больш адэкватны) усё адмаўляе — у маскоўскай мафіі (і яе кіеўскага кучмаўскага філіялу) "доўгія рукі". Толькі чаму ж так доўга летувіскія ўлады глядзелі на гэтыя прагныя, нячыстыя рукі, якія варочалі буйнымі справамі ў Летуве? Дух захапіла ад "дэмакратыі і правоў чалавека"? Думалі, што разьвіталіся з крамлёўскай бандай назаўжды? Беларусы добра памятаюць, як палітычная Вільня кпіла: "У вас колхознік, а мы уже в НАТО..." Скандал з падстаўным лубянскім прэзыдэнтам Паксасам нечакана ацьвярэзіў летувіскі эстэблішмэнт. Аказалася, што стракаты слуп на мяжы яшчэ не азначае гарантыяў сапраўднага сувэрэнітэту, што за сваімі палітыкамі і банкірамі трэба глядзець. І з суседзяў не спяшацца кпіць, а лепш думаць, як разам вылазіць з постсавецкага сіндрому.
Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ