“РЭЗКІ” ЧЭРЧЫЛЬ
3 студзеня 2006 г. Чэшская газэта "Lidove Noviny" паведамляе пра публікацыю раней закрытых фондаў National Security Archive ў амэрыканскім унівэрсітэце Джорджа Вашынгтона. Да біяграфіі Уінстана Чэрчыля дадаюцца новыя факты і рысы. Ён, напрыклад, выступаў за тое, каб злоўленага ў палон Адольфа Гітлера пасадзіць на электрычнае крэсла і не марудзіць са сьледзтвам і судом. Даведаўшыся пра расстрэл немцамі сотняў закладнікаў у чэшскай вёсцы Лідзіцэ ў 1942 г., Чэрчыль патрабаваў разбамбіць тры нямецкія вёскі. Зь ім не пагадзіліся калегі па кабінэце міністраў, і ён незадаволена бурчэў: "А трэба было б дзейнічаць толькі так..."
Наш камэнтар: Чэрчыль быў адным з нямногіх заходніх палітыкаў, якія ў 1920-я гг. патрабаваў дадушыць да канца "бальшавіцкую гадзіну". Яго бянтэжыла згодніцтва і "талерантнасьць" эўрапейскіх дэмакратыяў. У 1930-я гг. лібэральныя колы ў Брытаніі актыўна адштурхоўвалі яго ад дзяржаўных справаў, аргумэнтуючы, што "Чэрчыль — рэзкі, ня хоча кампрамісаў з Гітлерам і Сталіным, такі палітык нанясе шкоду справе міру..." Гэта праўда — Чэрчыль ня ўмеў і не хацеў хлусіць свайму народу, не хацеў гнуцца перад нахабнымі фашыстамі і камунай. Ён быў адным з нямногіх, хто папярэджваў пра небясьпеку згодніцтва, якое давядзе да вялікай вайны. Але наперад забеглі балбатлівыя і "мяккія" прыстасаванцы, кшталту тадышняга брытанскага прэм'ера Чэмбэрлена. Яны падпісвалі любыя дамовы з Гітлерам, а потым махалі ў лёнданскім аэрапорце гэтымі паперкамі, гукаючы: "Я прывёз вам мір!" Калі ўрэшце Гітлер распачаў вайну, і на Лёндан пасыпаліся бомбы, то ўсе раптам успомнілі пра "рэзкага" Чэрчыля. У першым жа сваім звароце да нацыі ён не хлусіў людзям: "Мы баронім нашу краіну ад лютага ворага. Я абяцаю вам толькі барацьбу, пот і кроў..." І вось жа, ён ужо нікому не здаваўся "рэзкім" і "грубым". Таму што менавіта такія людзі, такія палітычныя лідэры (а не дэмагогі і брахуны) здольныя аб'яднаць народ у барацьбе за волю і незалежнасьць.
Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ