СЬВЯТЫ СЬЦЯГ

30 сьнежня 2005 г. Дацкая газэта "Politiken" паведамляе пра рашэньне кіраўніцтва Дацкай Народнай партыі распачаць кампанію ў абарону нацыянальнай і дзяржаўнай сымволікі Даніі. Юрыдычныя экспэрты партыі распрацоўваюць плян захадаў дзеля прыняцьця паправак у заканадаўстве краіны, паводле якіх акты блюзьнерства ў адносінах да дзяржаўнага сьцяга Даніі, сьведамае пашкоджаньне або зьнішчэньне сьцяга караліся б турэмным зьняволеньнем да двух гадоў. Штуршком для гэтай дыскусіі паслужылі факты публічнага спаленьня дацкага сьцяга (разам са сьцягам ЗША) падчас адной з дэманстрацыяў у Капэнгагене, на якой дэманстранты патрабавалі вывесьці заходнія войскі з Іраку. Юрысты з Народнай партыі даказваюць, што строгі закон "не парушае правы чалавека і свабоду слова".

Наш камэнтар: Датчане любяць свой старажытны сьцяг (яны называюць яго Danebrog). Паводле легенды чырвонае палотнішча з белым крыжам упала зь нябёсаў на дацкіх рыцараў падчас крыжовай выправы ў Эстоніі ў 12-м стагоддзі. Пад сьвятым нацыянальным сьцягам дацкі народ прайшоў праз стагоддзі стваральнай працы, далёкіх падарожжаў, войнаў і абаронаў. Але на пачатку 19-га стагоддзя інтэлектуальная эліта ўбачыла, што працэс германізацыі дацкага грамадзтва зайшоў надта далёка і ўзьнікла пагроза поўнага растварэньня дацкай нацыі ў чужынскай стыхіі (такой "прывабнай" і "перадавой", як сьцьвярджалі некаторыя). Нямногія патрыёты распачалі тады рух за Danskhed (Дацкасьць) — у шырокім сэнсе за Адраджэньне нацыянальнай мовы і культуры, за вяртаньне дацкай мовы на дзяржаўны пасад. Яны не зьвярталі ўвагі на насьмешкі і кпіны згерманізаваных арыстакратаў, якія сьмяяліся з "мовы грубых рыбакоў". Нацыянальнае Адраджэньне пачалося, шырылася і перамагала пад нацыянальным сьцягам. З тае пары датчане з асаблівай павагай ставяцца да свайго сьцяга. У будзённыя дні і ў сьвяты па ўсёй краіне лунаюць тысячы і тысячы сьцягоў.

Нават падчас нямецка-фашыстоўскай акупацыі захопнікі не наважыліся забараніць дацкі сьцяг. А пасьля вайны ніхто не наважыўся абазваць нацыянальную сьвятыню "фашыстоўскім сьцягам" за тое, што сьцяг існаваў падчас акупацыі. І вось агульная дэмаралізацыя заходняга соцыюму прывяла да ўспышак блюзьнерства ў стылі "всё позволено" (так выходзіць бокам воля, дазволеная лібэраламі збачэнцам розных жанраў). І хто ж першым стаў на абарону сьвятыні? Зразумела, што патрыёты-нацыяналісты з Народнай партыі (якіх левыя абзываюць "эсктрэмістамі"). Так што ня трэба думаць, што беларусы адзіныя ў Эўропе абараняюць свой сьвяты нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг ад рознай дрэні.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ