КАМУНІСТ АШЧЭРЫЎСЯ

28 сьнежня 2005 г. Партугальская газэта "Diario de Noticias" піша пра вядомага ў саветах грэцкага камуніста Мікіса Тэадаракіса. Нядаўна ён выступіў з памфлетам супраць праекта рэзалюцыі Рады Эўропы. Праект прысьвечаны асуджэньню злачынстваў камунізму і распрацаваны прадстаўнікамі краінаў, якія вызваліліся ад камуністычнай дыктатуры. "Ганьба! — лемантуе Тэадаракіс. — Гэта дазволіць арганізаваць у будучым перасьлед камуністаў у Эўропе".

Наш камэнтар: Мы яшчэ не чыталі гэты праект, але можна меркаваць, што нічога асаблівага там не напісана — усё знаёмыя рэчы. Патрабуецца толькі публічная агульнаэўрапейская канстатацыя — камунізм ёсьць Зло, антычалавечая ідэялёгія і практыка, прапаганда і ажыцьцяўленьне якіх недапушчальны ў сучасным сьвеце. Але чырвоны цмок жыве, засядае ў парлямантах, ставіць сам сабе помнікі, зноў азіраецца на Маскву, дзе адбываецца рэанімацыя бальшавіцка-фашыстоўскай чумы. Тэадаракіс, якому ўжо скора сто гадоў, ня можа забыцца, што на працягу дзесяцігоддзяў хаваўся ў гэтай Маскве, верна служыў ёй разам са стракатай кампаніяй іншых госьцікаў з парткніжачкамі. Гэтых "доўгажыхароў" не пераканаюць ні разаблачэньні сталінізму, ні кітайскія жахі, ні Пал Пот. Іх ня выправіць нат магіла. Гэта яшчэ раз даказвае, што павінен урэшце адбыцца міжнародны трыбунал над камуністычнай ідэялёгіяй і канкрэтнымі камуністычнымі злачынцамі. Такі трыбунал, які быў арганізаваны супраць злачынцаў нямецкага фашызму ў Нюрбэргу і супраць японскіх забойцаў у Токіо пасьля разгрому восі Рым-Бэрлін-Токіа (памятаем, што італьянцы не чакалі трыбунала, а вельмі апэратыўна пакаралі сваіх фашыстаў). Калі б быў трыбунал, то не тлумілі б больш людзям галаву зюганавы-тэадаракісы, мясцовыя калякіны не засьвечваліся "апазыцыйнымі дзеячамі" побач з падстаўным Мілінкевічам.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ