ДАЦКІ АВАНГАРД

25 сьнежня 2005 г. Дацкая газэта "Information" піша пра ўчорашнія мэмарыяльныя мерапрыемствы. У Міндэлюндэне непадалёк ад Капенгагена 24 сьнежня сабралася некалькі сотняў людзей на традыцыйную штогадовую сустрэчу моладзі і вэтэранаў дацкага Руху Супраціву. Мерапрыемствы пачаліся з выкананьня песьні “Сьцішыўся лес” у памяць герояў, што загінулі ў барацьбе супраць нямецка-фашыстоўскіх акупантаў. Потым перад моладзю выступіў Пэтэр Ільсёэ, вэтэран Супраціву. Ён сказаў: "Цяпер тым, хто змагаўся тады, усім больш за восемдзесят гадоў. Мы заўсёды будзем памятаць нашых сяброў, якія не дажылі да перамогі. Загінулі самыя лепшыя. Чытайце іхныя, выдадзеныя нядаўна лісты, што былі напісаны з турмы да іхных жонак і каханых. Вучыцеся ў іх мужнасьці і любові".

Наш камэнтар: Сустрэчы з сытым і самазамілаваным скандынаўскім грамадзтвам могуць наштурхнуць на думку, што там ужо не засталося нічога сапраўды жывога і чалавечнага. Але ж не, некалькі сотняў маладых асобаў, замест таго каб піць-гуляць на дыскатэках у сьвяточны вечар, сабралася на спатканьне і малітву з народнымі героямі, якія баранілі Данію ад чужынцаў. Маладыя не засьмяяліся, калі дзед параіў ім чытаць не коміксы і "Плэйбой", а лісты патрыётаў. Няхай такая моладзь не прадстаўляе бальшыні дацкага грамадзтва, якое ў цэлым не надта цікавіцца гісторыяй і займаецца выключна сабой. Але, як і ў нас, — беларусаў, — так і ў датчан, змаганьне за гістарычную памяць і культуру цяпер, за незалежнасьць і волю ў розныя пэрыяды мела формы менавіта авангарднай барацьбы. Актыўна змагалася няхай сабе меншая частка грамадзтва, але змагары ніколі не плакаліся і не наракалі — "нас мала". Яны змагаліся і перамагалі нават на фоне пасыўнасьці і прыстасаванства так званай большасьці. Калі Гітлер імклівым манэўрам захапіў 10 красавіка 1940 г. усю тэрыторыю Даніі, то кіраўніцтва каралеўства бязрадна апусьціла рукі. Стралялі па акупантах паасобныя артылерыйскія разьлікі, некалькі самотных кулямётчыкаў, якія не жадалі здаваць свае пазыцыі. Падпольную барацьбу супраць фашыстаў пачалі мужныя людзі самых розных палітычных арыентацыяў. У Лёндане быў утвораны нацыянальны ўрад Даніі, які прызналі краіны антыгітлераўскай кааліцыі. Менавіта з эміграцыі адбывалася кіраўніцтва Рухам Супраціву ў Даніі. Эміграцыйнаму ўраду падпарадкоўваліся некалькі вайсковых караблёў, што ваявалі супраць немцаў разам з брытанскім флётам, і вялікі дацкі гандлёвы флёт, які зрабіў вялікі ўнёсак у барацьбу супраць фашызму. Змагарная меншасьць не давала акупантам спакойнага жыцьця. Адной з прыярытэтных справаў было зьнішчэньне найбольш актыўных калябарантаў і стукачоў (па-дацку яны называліся падобна — "sticker"). Спачатку мясцовая паліцыя актыўна палявала на патрыётаў. Аднак, у 1943 г. нават гэтыя прыслужнікі сразумелі, што іхная справа дрэнь і пачалі дапамагаць Руху Супраціву. Грамадзтва спачатку цешылася спакоем і вялікімі харчовымі пайкамі, бо немцы былі зацікаўлены ў стабільнасьці Даніі і бесперабойнай працы мясцовых прадпрыемстваў. Аднак, барацьба змагарнай меншасьці не прапала дарэмна. Калі па наводцы падпольшчыкаў брытанская авіяцыя разбамбіла штаб-кватэру і турму гестапа ў Капенгагене, людзі схавалі і выратавалі ўсіх вязьняў, якія ўцяклі з руінаў турмы. Калі стала вядома, што немцы плянуюць арыштаваць і вывезьці ў канцлягеры ўсё габрэйскае насельніцтва Даніі, тысячы датчанаў, рызыкуючы жыцьцём, ратавалі габрэйскія семьі, перапраўлялі іх на чаўнах у Швэцыю. Калі ў траўні 1943 г. акупанты запатрабавалі перадаць ім сьпісы людзей, якія займаліся сабатажам, усю краіну ахапіў агульнанацыянальны страйк. Немцы стралялі па людзях з танкавых гарматаў, а народ зьбіраўся зноў і граміў фашыстоўскія сімвалы. Нічога ў акупантаў ня выйшла са "стабільнасьцю" у акупаванай краіне, праваліўся праект эксплюатацыі паняволенага народу дзеля подлай фашыстоўскай справы. Таму што першай пачала барацьбу змагарная "меншасьць".

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ