“СПЭЦПАДПОЛЬШЧЫКІ”

22 сьнежня 2005 г. Швэдская газэта “Sydsvenska Dagbladet” публікуе рэпартаж зь Менску. Маладзенькі журналіст Коле Кніівілэ наведаў офіс “інстытута па маніторынгу грамадзкай думкі” і сустрэўся з ягоным дырэктарам Алегам Манаевым. Журналіст накідаў драматычны эскіз інтэр'ера і нацюрморта: “Офіс нядаўна быў забаронены ўладамі, а таму Манаеў трымае тут ложак, каб заўсёды можна было сказаць паліцыі, што гэта не офіс, а жыльлё. На стале дырэктара ляжыць брашура з інструкцыямі на выпадак нечаканага арышту”. Манаеў усьміхаецца і кажа: “Мы заўсёды гатовыя да гэтага”. Па ўсёй краіне ўлады закрылі трыццаць газэтаў. А незалежнага тэлебачаньня тут ніколі не было. Манаева нядаўна выклікалі ў пракуратуру... Ён кажа: “Улады баяцца праўды...”. А сам Манаеў не надта баіцца. Нядаўна ўлады прынялі суровы закон супраць крытыкі ўладаў.

Наш камэнтар: Вось і пазнаёміцца швэдскі чытач з героям беларускага падпольля Манаевым (гэта ж гераізм — спаць у офісе, які зарэгістраваны на тваё імя). Пашэнціла й журналісьціку. Вось яны зьбяруцца ў рэдакцыі на плянёрку. Нехта раскажа пра паездку ў Ірак, як поўзаў па пяску пад кулямі. Нехта толькі што вярнуўся з Тайланда, дзе мацаў грыпозных курэй. Але ў цэнтры ўвагі будзе Коле Кніівілэ, які праз паліцэйскія кардоны і гэбоўскія пасткі прабраўся ў самы цэнтар падпольнай апазыцыі РБ. Чытаеш гэтую лабуду і перад вачыма ўстаюць яркія вобразы шэдэўра Ільфа-Пятрова: Саюз Мяча і Арала, “заграніца нам поможет, делайте взносы...”, “расходіться по одному, возможно будем отстреліваться...”. За гэтыя гады “особа, прібліжённая к імператору” статыстык Манаеў добра прымільгаўся беларусам. На арэне псэўдаапазыцыйнага цырку ён запомніўся прафэсіяналізмам дзеяньняў побач з такімі нікчэмнымі аматарамі, як Лебедько, і самазамілаванымі балбатунамі, як Віцучок. Манаеў заўсёды апэраваў статыстыкай, пад маркай “незалежнага маніторынгу” выдаваў на ўвесь сьвет сфабрыкаваныя на Лубянцы дадзеныя міфічных (але такіх эфэктных) сацыялягічных апытаньняў. Скажоная карціна грамадзкага стану выглядала, аднак, заўсёды вельмі “граматна” ў выкананьні камітэцкага профі. Цяжка пераболшыць аб'ём шкоды, якую прынёс гэты “падпольшчык” справе Беларускага Адраджэньня. І вось менавіта да яго БАЖ пасылае заходняга журналіста на інтэрв'ю з элемэнтамі сьмяротнай рызыкі. “Белорусская ассоціація журналістов” пад фармальным кіраўніцтвам Ж. Літвіной выконвае гнюсную ролю каардынатара паездак заходніх рэпарцёраў па Беларусі, рыхтуе для іх маршрут, графік сустрэчаў з “падпольшчыкамі”, прымае “взносы на меч і орало”. Яны дураць заходніх наіўнячкоў на працягу гадоў, а тыя працягваюць лавіцца на яркую і пустую блясну. Здараюцца проста анэкдатычныя выпадкі. Быў такі рэдактар Паша Жук. Балбатуны падказалі нарвэжскім грантадаўцам, што вельмі варта даць Пашы грант на разьвіцьцё газэты “Свабода”. Тыя адгрузілі 10 тысячаў даляраў. Паша грошы ўзяў і зусім не хаваўся. Купіў ланд-ровэр і паехаў з усёй сямьёй адпачываць у Грэцыю. Сьмяялася ўся грантаўская публіка РБ: “Вось як крутануў дурыкаў, знай нашых...”. Уся гэтая падстаўная публіка даўно згніла і служыць інтарэсам ворагаў Беларусі. Але, як вядома, грошы не сьмярдзяць.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ