РОЗНЫ ЎЗРОВЕНЬ — РОЗНЫЯ ДАЧЫНЕНЬНІ

18 сьнежня 2005 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” піша пра рашэньне некалькіх амэрыканскіх габрэяў выкупіць дом-музэй Папы Яна-Паўла ІІ у Вадовіцах паблізу Кракава і падарыць яго роднаму гораду Кароля Вайтылы. Многіх усхвалявалі зьвесткі з Польшчы, што ў дома, у якім нарадзіўся і пражыў першыя 18 гадоў жыцьця будучы Папа, увосень знайшоўся гаспадар. Габрэйскі домаўладальнік Рон Баламут узбаламуціў усіх каталікоў, заламіўшы вельмі высокую цану за гістарычны будынак. Старшыня кракаўскай габрэйскай грамады Тадэвуш Якубовіч зьвярнуўся да багатага габрэйства з заклікам выкупіць гэты дом і падарыць яго Вадовіцам, “бо Папа Ян-Павал ІІ шмат зрабіў дзеля справы пагадненьня паміж хрысьціянамі і юдэямі”. Амэрыканскім габрэям нават удалося трошкі зьнізіць пачатковую цану, выстаўленую Баламутам.

Наш камэнтар: Сапраўды, вельмі адэкватна паступілі прадстаўнікі амэрыканскага габрэйства. На фоне паводзінаў культурных людзей паўстае адно актуальнае пытаньне. На пачатку сёлетнега сьнежня расейскія фашысты зьдзейсьнілі некалькі актаў блюзьнерства ў Курапатах: паламалі некалькі крыжоў на магілах ахвяраў расейскага тэрору ў Беларусі, зноў паламалі “лаву Клінтана” (падарунак ад амэрыканскага народу беларускаму народу дзеля Памяці) і размалявалі фашыстоўскімі свастыкамі і расейска-нацыстоўскімі лёзунгамі Помнік, усталяваны ў Курапатах габрэйскай абшчынай Беларусі. Пра гэта паведамлялі СМІ. Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ аднавілі крыжы і сьцерлі блюзьнерскія надпісы на габрэйскім Помніку. А старшыня габрэйскай арганізацыі сп. Левін у інтэрвію Радыё Свабодзе паведаміў, што гатовы ўключыцца ў конкурс на лепшы праект помніка ў Курапатах (сп. Левін ёсьць архітэктар). Толькі вось ні сп. Левін, ні хто іншы з ягонай грамадзкай арганізацыі ў Курапаты так ані разу й не прышлі, не пацікавіліся, як там габрэйскі Помнік? Сп. архітэктару ня церпіцца паўдзельнічаць у “конкурсе”, які абяцае абвесьціць афіцыйная ўлада, што якраз на працягу гадоў робіць усё, каб зьнішчыць Курапаты і сьцерці памяць пра нашы ахвяры. Няхай бы сп. Левін патэлефанаваў у Кракаў сп. Тадэвушу Якубовічу ды спытаў, як трэба паводзіць сабе ў культурным грамадзтве.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ