ГНЮСНЫ ЭКСПРОМТ
16 сьнежня беларускія тэлегледачы ўбачылі сапраўднае шоў на непараўнальным тэлеканале БТ. Было бачна, што пуцінскі загад праводзіць прэзыдэнцкія выбары праз тры месяцы застаў зьнянацку самых прыслужнікаў рэжыму. Не былі разьмеркаваны прапагандысцкія ролі, не былі зьляпаны агітацыйныя тэксты. Нават на звычайна бэтонна-статычных тварах палатнікаў чыталася разгубленасьць і дэзарганізаванасьць. На палатную трыбуну палезьлі філіяльшчыкі маскоўскіх партыяў жырык Гайдукевіч і яблычніца Абрамава. Яны лыпалі вачыма і “лілі ваду” пра “демократію, которая станет ешчё демократічней в результате волі народа...”. Потым буйным плянам паказалі расфуфыраную палатніцу, што з бажавільнай усьмешачкай гукала: “Хорошо, что выборы в марте. Люді любят рожать детей весной...”. Сьледам за ёй замахаў рукамі нейкі гладкі палатнік і пераконваў, што “летом нікого не соберёшь, а в марте так удобно проводіть выборы...”. Слухаючы гэтую клінічную лухту, кепска зрэжысіраваную і крывадушна-прадажніцкую, мы зразумелі, што рэжым па камандзе з Масквы пачынае пракручваць адчайны па свайму нахабству электаральны экспромт. Больш-менш падрыхтаваўся да выбарчага шоў мясцовы філіял Лубянкі. КГБ РБ апошнімі днямі арганізаваў прыняцьце палаткамі рэпрэсійнага закону ў стылі 58-га сталінскага артыкула ды папярэдзіў, што закон уваходзіць у сілу на “дзень ВЧК-НКВД” 20 сьнежня. Але ж як мужна маўчалі героі-дзяржынцы, ня выдалі праект свайго маскоўскага начальніка! Цяпер многае становіцца зразумелым. Авантурнае жаданьне агарошыць беларускае грамадзтва дэманструе на самой справе не стратэгічны розум арганізатараў авантуры, а іхны панічны страх перад нашым народам, салідарнасьці якога баіцца расейскае акупанцтва. Вырашылі гнаць мутную хвалю на нашы галовы, ня даць людзям апамятацца, падрыхтаваць ініцыятыўныя групы, агітацыйныя матар'ялы і давесьці да людзей праўду пра падзеі. Адчуваецца, што Маскве ўжо напляваць на Закон і на зьнешнія формы прыстойнасьці. Расея ўжо не хвалюецца наконт прызнаньня альбо непрызнаньня выбарчага шоў. Арда прэ напралом па нашай сьвятой зямлі. Адказам акупанцкай нечысьці і мясцовым фальсіфікатарам павінна быць наша Беларуская Салідарнасьць у абароне Бацькаўшчыны. Гуртуймася вакол лідара беларускага народу Зянона Пазьняка!
Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ