ГРОШЫ АРГАНІЗАТАРАМ ТЭРОРУ

Зіма ў Эўропе сёлета не вызначаецца нізкімі тэмпэратурамі, але “маразм крепчает...” 16 сьнежня Эўразьвяз пачаў разглядаць праект фінансавай дапамогі Расеі “на барбу з тэрарызмам”. Мяркуецца выдаткаваць крамлёўска-лубянскім “барцам” 275 тысячаў эўра. Усё дзеля разьвіцьця сучасных тэхнічных сродкаў, а таксама для правядзеньня сэмінараў для “барцоў” і для супрацьдзеяньня легалізацыі злачынных даходаў. Сярод усяго гэтага эўрамаразму асабліва цікавы апошні пункт праекту. Таму што сёньня ж кіраўніцтва Грузіі замарозіла расейскія рахункі ў сваіх банках, бо яны выкарыстоўваліся для дапамогі абхазкім прыслужнікам Масквы. Эўрасума, канешне ж, не вялікая, але важны хутчэй сімвал. Эўраспэцы зьбіраюцца аплочваць лубянскую кантору, якая зьнішчае людзей ня толькі ў Чачэніі і Беслане, але і ў іхных краінах. Мы думалі, што ў праявах прамаскоўскага халуйства Шродэр пераплюнуў усіх. Аказваецца, халуйская пэрспэктыва ня мае межаў, магчымыя бясконцыя варыяцыі дэманстратыўнага прадажніцтва. Прапануем Эўразьвязу выдаткаваць гэтую суму на адліцьцё на пецярбургскім манэтным двары залатых знакаў “Отлічнік ФСБ” ды ўручыць іх незабыўнаму Гансу Віку, непаўторнай Бэніце ды шэрагу іншых нямецкіх брусэльскіх товарішчей.

Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ