ПАДВОЙНЫ СТАНДАРТ

15 сьнежня 2005 г. Італьянская газэта “Corriere della Sera” піша пра публікацыю штогадовай справаздачы дзіцячага фонду ААН ЮНІСЭФ. Апублікаваная статыстыка ўражвае калясальнымі лічбамі. У сьвеце налічваецца 143 мільёны дзяцей, якія ня маюць абодвух альбо аднаго з бацькоў. 50 мільёнаў нованароджаных дзяцей нідзе не рэгіструюцца. Найбольш трагічныя дадзеныя справаздачы ўзяты з жыцьця недаразьвітых краінаў Афрыкі і паўднёвай Азіі.

Наш камэнтар: Чамусьці ў справаздачы ААН ня згадваецца антычалавечы экспэрымэнт (з удзелам таго ж ААН) над сотнямі тысячаў дзяцей, які праводзяць на тэрыторыях, атручаных Чарнобылем, расейскі акупацыйны рэжым і ягоны менскі сатэліт. Ня дзіва, што чыноўнікі змаўчалі. Прадстаўнічкі ААН рэгулярна інспэктуюць Беларусь, у чарнобыльскіх раёнах Беларусі бываюць. Ківаюць галовамі, вохкаюць, удаюць з сабе гуманістаў. А потым публічна заяўляюць, што на гэтых землях можна жыць і працаваць, абы “захоўваць сродкі бясьпекі” (гэта як? — ня піць, ня есьці і ня дыхаць?). Маскальскія акупанты і іхныя мясцовыя найміты ўсё глыбей заштурхваюць наш народ у прорву, дзе пакутуюць самыя няшчасныя народы трэцяга сьвету. Пад барабанны бой афіцыйнай прапаганды наш народ хочуць пазбавіць будучыні. Нідзе больш у Эўропе няма столькі сіратаў, пакінутых і хворых дзяцей. (Расею ня ўлічваем, Расея — не Эўропа). Разбурэньне эканомікі ў выніку шызоіднай арыентацыі на маскальскую імпэрыю, расейская агрэсія і ізаляцыя ад цывілізаванага сьвету, дэмаралізацыя грамадзтва сатанінскім рэжымам — вось галоўныя прычыны гэтага крызісу. Ніякія замежныя гуманітарныя грузы (якія антыбеларускі рэжым і тыя, што каля яго, навучыліся эфэктыўна раскрадаць), ніякія выезды дзіцячых групаў на тры-чатыры тыдні за мяжу ня зьменяць трагічнае становішча. Выратаваць дзяцей можа толькі сам народ, усталяваўшы ў сваёй краіне сваю беларускую ўладу.

Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ