ФАЛЬШЫВАЯ ПАЗЫЦЫЯ
10 сьнежня 2005 г. Нарвэжская газэта “Dagbladet” дае рэпартаж з ратушы нарвэжскай сталіцы Осла, дзе адбылася ўрачыстае ўручэньне Нобэлеўскай прэміі міру. Прысутнічалі кароль, каралева, кронпрынц, іграла музыка і г.д. Сёлета прэмію міру атрымала МАГАТЭ (міжнародная арганізацыя па атамнай энэргэтыцы з цэнтрам у Вене). Ейныя прадстаўнікі выступалі пра мір, мірны атам і дапамогу чалавецтву. Потым атрымалі залаты мэдаль і 10 мільёнаў нарвэжскіх кронаў.
Наш камэнтар: Беларусам добра запомнілася гэтая МАГАТЭ і ейныя “экспэрты-атамшчыкі”. З першых дзён Чарнобыльскай катастрофы гэтая прафэсурка мітусілася па нашай зямлі, рабіла замеры, мацала беларускіх дзяцей за лімфавузлы. А потым пачала рабіць заявы па савецкай тэлевізіі і ў газэтах: “Усё ў парадку, таварышы, жыць можна. Радыяцыя нават карысная ў некаторых аспэктах. Нічога надзвычайнага не адбылося...”. Склаўся дзікі хаўрус савецка-крамлёўскай і міжнароднай атамнай мафіі. Абедзьве сілы былі зацікаўленыя ў працягу антыгуманнага экспэрымэнту над мільёнамі людзей (якім, ведаючы маштабы трагедыі, гэтыя монстры адмовілі ў адэкватнай дапамозе). Атамная банда працягвае тварыць зло разам з цяперашнім маскоўскім рэжымам і ягоным менскім васалам. Цяпер аказваецца, што гэтак МАГАТЭ “змагаецца за мір”. Іх бы ня ў Осла запрашаць, а везьці пад канвоем у Гаагскі трыбунал або адразу ў Нюрнбэрг. Мабыць, яны лічаць, што экспэрымэнт вядзецца ўдала, што “навука” атрымлівае “каштоўныя дадзеныя”, зьнятыя з шматмільённай папуляцыі атручанай Чарнобылям тэрыторыі. Працэс над гэтымі “барцамі за мір” яшчэ наперадзе. І ня трэба зьдзіўляцца нарвэжскаму камітэту па прысуджэньню прэміі. Многія ўжо заўважылі, што ў нобэлеўскіх камітэтах даўно валадарыць маразм. Прысуджаюць мільённыя прэміі па літаратуры мала каму вядомым пісакам, якія ўславіліся альбо мацюгальнай лексікай альбо скандальнымі паводзінамі (для нашага генія Васіля Быкава прэміі не знайшлося). А што да антычалавечай “навукі”, то нобэлеўскі камітэт мае даўнюю традыцыю. Так, у 1921 г. прэмію па хіміі атрымаў нямецкі “навуковец”, на распрацоўках якога былі створаныя атрутныя баявыя газы, пачынаючы з іпрыта (імі немцы забілі і скалечылі сотні тысячаў людзей падчас Першай сусьветнай вайны). Як гэта яны Леніну, Гітлеру альбо Сталіну не адгрузілі па залатому мэдалю разам з мільённым чэкам?
Юрка Марозаў, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ