АБ РАСКОЛЕ АРГАНІЗАЦЫІ БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ
Заява
Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ заяўляе пра сваю маральна-палітычную падтрымку беларускай літаратуры і Саюзу Беларускіх пісьменьнікаў, што падвяргаюцца перасьледу з боку існуючай улады.
Сойм зьвяртае ўвагу на плянамернасьць антыбеларускай палітыкі прамаскоўскага рэжыму, накіраваную на разбурэньне беларускіх арганізацыяў і нацыянальна-культурнага жыцьця народа.
Тыповым мэтадам такога разбурэньня зьяўляецца інсьпірацыя расколу арганізацыі і стварэньне падстаўнога альтэрнатыўнага яе аналягу, арыентаванага на падтрымку антыбеларускага рэжыму. Адзначаем, што рэжым у сваёй разбуральнай працы не хавае русіфікацыйнага зьместу сваёй палітыкі, не спыняецца перад выкарыстаньнем адміністрацыйнай улады, рэпрэсіямі, правакацыямі і абсурдам (кіраўніком новастворанага прарэжымнага саюзу пісьменьнікаў Беларусі прызначаны сэнатар генэрал Чаргінец, які заявіў, што “ніколі не лічыў сябе беларусам”).
Сойм заклікае беларускіх пісьменьнікаў, арганізацыю якіх перасьледуюць і хочуць забараніць, не паддавацца націску і тварыць дзеля Бацькаўшчыны-Беларусі, свабоды, дабра і справядлівясьці, бо нішто ня можа затаптаць вялікую літаратуру, якая жыве народным духам.
Сойм заклікае грамадзкасьць Беларусі абараняць нацыянальную літаратуру і падтрымаць беларускіх пісьменьнікаў.
Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
11 сьнежня 2005 г.