У КУРАПАТАХ СЁНЬНЯ ПРЫБІРАЛІ СЬЛЯДЫ ВАНДАЛІЗМУ

Cёньня ва ўрочышчы Курапаты сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ прыбіралі сьляды вандалаў — змывалі чырвоную свастыку і сатанінскія знакі з памятных знакаў і рамантавалі крыжы. Сябры Партыі БНФ вырашылі не чакаць, пакуль улады пачнуць прыбіраць з памятных курапацкіх знакаў фашыстоўскую свастыку і надпісы, і самі наладзілі ва ўрочышчы талаку. Спадар Анатоль пачаў скрэбці нажом свастыку з курапацкага каменя.

Анатоль: “Хто гэта робіць? Расейскія фашысты вось што робяць у Беларусі”.

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Юрась Беленькі прынёс у Курапаты адмысловыя хімічныя рэчывы, каб прыбраць свастыку з курапацкіх знакаў.

Беленькі: “Гэта спэцыяльная так званая змыўка старой фарбы, якая выкарыстоўваецца ў аўтамабільнай прамысловасьці. Паспрабуем гэта выкарыстаць, каб усю гэтую брыдоту змыць”.

Спадар Беленькі лічыць, што ўлады не прымаюць неабходных захадаў, каб прадухіліць факты вандаліму ў Курапатах.

Беленькі: “Калі бы сапраўды была зацікаўленасьць дзяржаўных структураў, каб тут быў парадак, шаноўнае, паважлівае стаўленьне дзяржавы да гэтага сьвятога месца, то яно гэтак бы і было. А вынікае з усіх дзеяньняў і рэакцыі сілавых структураў, што яны якраз не зацікаўлены ў тым, каб тут не адбываліся акты вандалізму”.

Як стала вядома Радыё Свабода, менавіта сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ адрамантавалі крыжы і памятныя знакі і паставілі на месца “лаву Клінтана” пасьля першага апаганьваньня ўрочышчы напачатку мінулага тыдня. Аднак пазьней былі ўчыненыя новыя акты вандалізму — нанесеная свастыка на курапацкі камень, мэмарыяльны знак памяці расстраляных габрэяў і мусульманаў, капліцу-абраз “Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных”, амэрыканскі знак “Народу Беларусі ад народу ЗША дзеля памяці” быў заліты чырвонай фарбай. А 6 сьнежня ў Менскім райадзеле міліцыі была заведзеная крымінальнай справа па факце апаганьваньня памятных знакаў ва ўрочышчы.

Сёньня ва ўрочышча прыехала і навуковая кіраўніца курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная, чый бацька беларускі паэт Тодар Кляшторны быў расстраляны, праўдападобна, ў Курапатах.

Кляшторная: “Трэба, каб варта была. Гэта помнік першай катэгорыі, і трэба, каб ён ахоўваўся адпаведна сваёй значнасьці. А калі варты ня будзе, то тут ніякія фарбы і скрабкі — нічога не дапаможа. Паколькі недасканалае выхаваньне нашай моладзі пасьля савецкага часу і дае такі “патрыятызм” ня ў той бок, які накіраваны на лінію Сталіна і ўшанаваньне ягонай памяці”.

Далей гутару з удзельнікамі талакі Кастусём Кашэлям і Уладзімерам Юхо.

Кашэль: “Гэта антычалавеча, а па-другое, міліцыя павінна выконваць свае абавязкі”.

Юхо: “Будзем аднаўляць крыжы, анаўляць усё, бо той вандалізм, які адбыўся апошнім часам, пакінаў сьлед на гэтым сьвятым месцы. Наша сёньня асноўная задача — аднавіць ўсё, каб усё стала, як было раней”.

У выніку талакі, наладжанай актывістамі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, з большага сьляды вандалізму былі змытыя, канчаткова ўсё будзе прыбранае падчас наступнай талакі.

Паводле “Радыё Свабода”