“А НАМ ВСЁ РАВНО...”
На фоне “шалёных” (прапагандовых) посьпехаў эканомікі РБ 5-6 сьнежня адбыўся шалёны візыт у Кітай. Шклоўскі начальнік паведаміў нам: “Як важна арыентавацца не на Захад, а на Усход!” Яму, мабыць, скора нададуць тытул мандарына (так называлася кітайская шляхта) за абяцаньне заваліць Кітай беларускай бульбай. Спадзяемся, што хаця б па адной бульбіне дастацецца кожнаму з мільярда з паловай кітайцаў. Яго запрасілі быць назіральнікам таксама ў Шанхайскай арганізацыі разьвіцьця. Сапраўды, цудоўная альтэрнатыва ў параўнаньні з нейкай там эўрапейскай цывілізацыяй. “Там главнымі такіе азіатскіе страны, как Россія і Кітай. — гукаў па БТ шкловец. — Там ядерные державы Індія і Пакістан. Кітай — наш велікій сосед...”. Тэ-экс, сабралася кампанія, нас толькі там і не хапала.
Вярнуўшыся ў Беларусь, начальнік пасадзіў на ланцужок яшчэ адзін прафэсійны цэх. Загадаў, каб мэдычныя работнікі адпачывалі толькі на тэрыторыі РБ. А хто зьбіраецца за мяжу, каб прасілі дазволу ў міністэрства аховы здароўя. На ланцужок ужо пасоджаныя студэнты і школьнікі, ім таксама трэба прасіць дазволу у сваіх міністэрствах. Ня кажам ужо пра вайскоўцаў і дзяржаўных служачых нізкага зьвяна, для тых даўно ўжо існуюць толькі сібірскія тропікі. А вышэйшае зьвяно Эўропа сама да сябе не пускае. Ізаляцыя, арганізаваная па загадзе з Масквы, паступова апускаецца на галовы нашых грамадзянаў. А яны нават ня чухаюцца: “А мне всё равно, я же не студент ілі врач”. Нічога, сьпявайма часьцей песеньку “всё равно” — дойдзе да ўсіх чарга. Дойдзе чарга і да Расеі, якая пачне прышчапляць на сваіх грамадзянах вынікі лябараторнага экспэрымэнту, праведзенага ў Беларусі. Пакуль жа расейскія турысты і мафіёзі шумна вырабляюцца на ўсіх курортах сьвету.
Янка Базыль, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ