УЛЁТКА: КРЫМІНАЛЬНЫ КОДЭКС ВЫСЬВЯТЛЯЕ ДЗЕЙНАСЬЦЬ А. ЛУКАШЭНКІ

Адзнаку дзейнасьці А. Лукашэнкі дае Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Дастаткова параўнаць гэтую дзейнасьць з артыкуламі кодэксу і адразу высьвятляецца яе злачынная сутнасьць, накіраваная супраць грамадзянаў і дзяржавы.

Галоўны крымінал у наступным:

І. Антыканстытуцыйная дзейнасьць па стварэньні так званай “саюзнай дзяржавы”, незаконнае падпісаньне 8 сьнежня 1999 года дагавора аб стварэньні “саюзнай дзяржавы”. Гэтае злачынства вядзе да таго, што распараджацца жыцьцём, тэрыторыяй і ўласнасьцю беларусаў зноў будзе расейскі чынуша, якому пляваць на нашыя інтарэсы. Ужо цяпер расейскія генэралы лічаць нашу тэрыторыю сваім “непатапляемым авіяносцам”, пляцоўкай “падскоку” іхных стратэгічных самалётаў зь ядзернымі бомбамі на барту. Мала нам Чарнобылю? Нехапала, каб гэтае старое ламачча зь ядзернай атрутай ляснулася на нашу зямлю (вядомая “надзейнасьць” рускай тэхнікі, усе памятаюць падлодку “Курск”). Такая незаконная дзейнасьць Лукашэнкі падпадае пад артыкулы крымінальнага кодэксу:

— Артыкул 356. Здрада дзяржаве.

— Артыкул 424. Злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі.

— Артыкул 426. Перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў.

— Артыкул 357. Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады.

— Артыкул 361. Заклікі да зьвяржэньня або зьмены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь або зьдзяйсненьню злачынстваў супраць дзяржавы.

ІІ. Масавы, шырокамаштабны злачынны эксперымент над здароўем жыхароў Беларусі праводзіць Лукашэнка. Па яго ініцыятыве вядзецца гаспадарчая дзейнасьць на забруджаных радыёнуклідамі землях, вырабляюцца прадукты і прадаюцца па ўсёй Беларусі. Плянуе пашырыць гэтае злачынства. Так 26 красавіка сёлета заявіў, што ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці будуць пабудаваныя ажно 13 аграгарадкоў. Гэтая злачынная дзейнасьць падлягае судоваму перасьледу па артыкулах:

— Артыкул 131. Экацыд.

— Артыкул 308. Непаведамленьне пра небясьпеку для людзей.

— Артыкул 365. Парушэньне патрабаваньняў экалягічнай бясьпекі.

— Артыкул 268. Схова або сьвядомае іскажэньне дадзеных аб забруджаньні навакольнага асяроддзя.

ІІІ. Лукашэнка незаконна распараджаецца ўласнасьцю, якая яму не належыць. 50% кошту ўсёй беларускай маёмасьці праз чэкі “Маёмасьць” належыць грамадзянам і зьяўляецца іх прыватнай уласнасьцю. Указам № 70 (люты 2003 г.) ён надаў сабе права распараджацца і прадаваць буйнейшыя і лепшыя прадпрыемствы. Так у сьнежні 2002 г. прадаў пуцінскаму алігарху Абрамовічу Мазырскі НПЗ усяго за 207 мільёнаў даляраў, калі гэты завод каштуе ў дзесяць разоў больш. У ліпені 2004 года перадаў бясплатна Расеі ўсе нафтапровады Беларусі. Гэта ёсьць карупцыя ў міжнародным маштабе. Расея падтрымлівае яго ўладу, а ён разьлічваецца маёмасьцю і лёсам беларусаў. У крымінальным кодэксе маецца два артыкулы, пад якія падпадае яго дзейнасьць па катэгорыі парушэньне права ўласнасьці, у тым ліку:

— Артыкул 210. Крадзёж шляхам злоўжываньня службовым становішчам.

— Артыкул 211. Прыўлашчваньне або растрата.

IV. Прымяненьне адміністрацыйнага ўціску на грамадзянаў падчас выбарчых кампаніяў, узурпацыя права фармаваньня выбарчых камісіяў і арганізацыя адміністратыўнага кантролю за дзейнасьцю камісіяў, масавыя фальсіфікацыі вынікаў галасаваньня падпадаюць пад наступныя артыкулы:

— Артыкул 190. Парушэньне роўных правоў грамадзянаў.

— Артыкул 191. Перашкода зьдзяйсьненьню выбарчых правоў або працы выбарчых камісіяў.

— Артыкул 192. Парушэньне заканадаўства аб выбарах, рэфэрэндуме.

— Артыкул 185. Прымус.

V. Безпадстаўнае запалохваньне грамадзянаў пагрозай вайны з боку эўрапейскіх краінаў, дэманстрацыя ваеннай сілы, падпарадкаваньне беларускага войска маскоўскаму ваеннаму округу РФ, парушэньне безядзернага статусу Беларусі ёсьць прапаганда вайны, што забаронена:

— Артыкулам 123. Прапаганда вайны.

VI. Сукладаньне ўсіх незаконных дзеяньняў Лукашэнкі і яго рэжыму ў дачыненьні да беларусаў і беларускай дзяржавы падлягае судоваму перасьледу па:

— Артыкулу 127. Генацыд.

Інфармацыйная камісія КХП — БНФ