“СУВЕРЭНІТЭТ ХАМА”

23 лістапада А. Лукашэнка выступаў перад расейскімі журналістамі. Беларусы, якія ня ведаюць ягонай псіхікі зблізку, падумалі, што ў яго ізноў паталягічна расстроіўся розум. Вось што ён гаварыў:

Лукашэнка: “Калі нацыяналісты на чале з Шушкевічам прыйшлі да ўлады — частку ўлады захапілі заканадаўча, бо Вярхоўны Савет усім кіраваў і ўрад прызначаў — яны, нацыяналісты, усё пад сябе падмялі. Тады расейцаў, расейскіх людзей на чамаданы былі пасадзілі цягам некалькіх сутак. Яны цяпер хочуць зноў вярнуцца да ўлады, і расейцам трэба памятаць, як яны сядзелі тут на чамаданах. Вось быў бы цуд, каб са сваёй фактычна краіны вам давялося б зьяжджаць”.

Тут няма ніводнага слова праўды, выдумка відавочная, прымітыўная і дурная. Але гэта якраз і ёсьць стыль паводзінаў. Дурнота і хлусьня настолькі нахабныя, што нармальны розум ня можа паверыць што чуе хлусьню, бо ня можа паверыць, што нехта гэтак можа ілгаць. Тут тыпова гёбэльсаўскі прыём, клясычны, сумесь як казаў адзін расеяц, “лжеца, наглеца і подлеца”.

Нядаўна Лукашэнка сказаў, што да ягонага выбраньня на прэзыдэнта ва ўладзе ў Беларусі былі беларускія нацыяналісты і што “яны ўсё прапілі”.

Дакладна вызначыў тып мэнтальнасьці Лукашэнкі ягоны былы паплечнік (цяпер “расчараваўся”) былы кіраўнік прававога ўпраўленьня лукашэнкаўскай адміністрацыі Аляксандар Пласкавіцкі.

Пласкавіцкі: “Для Лукашэнкі нікога не існуе. Таму ён усіх абражаў і працягвае абражаць, уключна са сваімі самымі блізкімі саюзьнікамі. Гэта сувэрэнітэт хама, хамскі сувэрэнітэт. І яго стала яшчэ болей”.

Тамаш Ракса, Інфармацыйная камісія КХП — БНФ