БЛІЖЭЙ ДА КАМУНІЗМУ

Папраўкі да крымінальнага кодэксу Беларусі 25 лістапада прыняла ў першым чытаньні так званая лукашэнкаўская “палата прадстаўнікоў нацыянальнага сходу”.

Гэтыя папраўкі, у прыватнасьці, прадугледжваюць арышт і зьняволеньне ад шасьці месяцаў да двух гадоў за ўдзел у дзейнасьці арганізацыяў, якіх пазбавілі дзяржаўнай рэгістрацыі, а таксама за прадастаўленьне замежнай дзяржаве або міжнароднай арганізацыі зьвестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным ці міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, якія суд палічыць яўна лжывымі.

На практыцы гэта будзе абазначаць, што зьяўленьне незарэгістраваных беларускіх арганізацыяў гэбоўскія ўлады будуць трактаваць як крымінальнае злачынства. Гэтак было і пры савецкай акупацыі за часы Сталіна — Хрушчова — Брэжнева, а за крытычныя артыкулы пра рэжым ў замежным друку ўводзяць крымінальны перасьлед. Такія дзеяньні гэбоўскіх ўладаў зьвязаныя з будучымі выбарамі прэзыдэнта і, што істотна, улічаны апатыя і абыякавасьць грамадзтва. Лукашысты лічаць, што рабіць можна ўсё, што захочацца.

Тамаш Ракса, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ