СЛУЦКІ ЗБРОЙНЫ ЧЫН — НАШ ГЕРАІЧНЫ ПРЫКЛАД

Дарагія землякі, дарагія беларусы! Віншую вас са слаўнай гадавінай Слуцкага Збройнага Чыну! 85 гадоў таму нашы народныя змагары ўзьняліся на абарону Беларусі ад маскоўска-бальшавіцкай мільённай арды. Тады ў народзе жыў дух змаганьня за волю, свабоду і Беларусь. І ніхто не лічыў сілы ворага, не рахаваў сябе ў розуме варта змагацца ці не. Ішлі і змагаліся. Ішлі нават бяз зброі з голымі рукамі. Тады ніхто не баяўся вайны за Радзіму. І маці высылалі сваіх сыноў абараняць Бацькаўшчыну, бо трэба было ваяваць за Беларусь.

Вось гэтаму — сьмеласьці і змагарнасьці тых людзей — могуць павучыцца цяпер ўсе беларусы. Толькі пры гэтай умове можна абараніць Бацькаўшчыну. Толькі такія людзі здабываюць будучыню і свабоду.

Два Беларускія палкі змагаліся супраць расейскіх дывізіяў, ды так, што аж пер’е ляцела з бальшавікоў.

Тады расейцы яшчэ больш павялічылі свае сілы і кінулі на фронт дывізіі з людзей азіяцкага паходжаньня з жоўтай скурай. Перад гэтай цьмой, ня маючы дастаткова зброі, каб перастраляць ворага, беларускія палкі адышлі за рэчку Лань, захаваўшы асноўныя свае сілы.

Потым слуцкія змагары далей ўдзельнічалі ў беларускім змаганьні ХХ стагоддзя. Гэта было вельмі няроўнае змаганьне. Вораг быў і з усходу і з захаду. Але, як бы там ні было, у ХХ-м стагоддзі мы вярнулі незалежнасьць Беларусі.

Цяпер зноў ужо знутры напаўзае на нашу свабоду маскоўскі гэбізм. Толькі нічога не атрымаецца ў гэтых крамлёўскіх вычварэнцаў. Пройдзе няшмат часу і гэтая старая ардынская імпэрыя разваліцца канчаткова, захлынецца ва ўласнай імпэрскай мярзоце.

Аднак вечна будзе жыць Беларусь, йшчэ адродзіцца нашае слаўнае Вялікае Княства Літоўскае, затрапеча на ветры наш Беларускі Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і па ўсёй нашай вольнай зямлі загучыць наша моцнае беларускае слова.

Верма і змагаймася! Так і будзе!

Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

26 лістапада 2005 года