У НЯСЬВІЖЫ СМУТКУЮЦЬ. ПАМЕРЛА К. ШЫШЫГІНА-ПАТОЦКАЯ

У Нясьвіжы смуткуюць з нагоды сьмерці краязнаўцы Клаўдзіі Шышыгінай-Патоцкай. Сёньня (18 лістапада) знаную дасьледчыцу Радзівілаўскага роду, памерлую на 71 годзе жыцьця, пахавалі на мясцовых могілках.

Нясьвіская краязнаўца была, хіба, самым вядомым жыхаром гораду. Гаворыць лідэр мясцовай суполкі Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Язьвінскі:

Язьвінскі: “Клаўдзію Шышыгіну ведаюць ня толькі ў Нясьвіжы, і нават ня толькі ў краіне. Яна чалавек даволі вядомы. Ёю напісаны шэраг кнігаў пра Нясьвіж. Яна заўсёды перажывала душою за ўсё беларускае і за Нясьвіж у першую чаргу. Асабліва яна займалася Радзівіламі. Яе хваляваў палац. Яна вельмі хваравіта ўспрымала, калі гэта ня так падавалася. Вельмі шмат у яе было знаёмстваў. Нашы афіцыйныя асобы любяць уручыць яе кнігі гасьцям Нясьвіжа. Гэта ўсё нармалёва. Але да самой Клаўдзіі Якаўлеўны ставіліся як да таго ж Васіля Быкава”.

Паводле яе аднадумцаў, Клаўдзію Шышыгіну-Патоцкую ўлады асьцерагаліся таму, што яна крытычна ацэньвала іх цяперашняе стаўленьне да захаваньня гістарычных помнікаў. Найперш, да Радзівілаўскага замку. У маім архіве захавалася гутарка з Клаўдзяй Якаўлеўнай, зь якой я сёлета ў ліпені абмяркоўваў гэтую тэму:

Шышыгіна: “Сам па сабе замак, якім ён быў і якім ён застаўся, ён заслугоўвае ўвагі. Але як там праводзіцца рэстаўрацыя, то гэта выклікае шмат пытаньняў. Невядома, што з гэтага атрымаецца. Там няма дастатковай колькасьці рабочых: можа якіх пару дзясяткаў, а можа і менш там працуе. І яны няправільна робяць гэтыя работы”.

Апроч краязнаўчай дзейнасьці, яна брала актыўны ўдзел у грамадзка-палітычным жыцьці Нясьвіжа. Гаворыць Алесь Язьвінскі:

Язьвінскі: “Яна была ў БНФ “Адраджэньне”. У сацыял-дэмакратычнай Грамадзе ўдзельнічала, калі яна стваралася. То бок, яна была і актыўнай у грамадзкіх адносінах. Заўжды перажывала за Беларусь. Вось калі была вядомая галадоўка дэпутатаў у Вярхоўным савеце, дык вось яна хацела ехаць туды галадаць.

Яна заўжды перажывала душою за ўсё. Калісьці, памятаю, прыяжджаў Кебіч і была сустрэча з інтэлігенцыяй у палацы. І яе не маглі не дапусьціць туды. Яна прыйшла і запытала пра ўсё, што хацела. Такіх асобаў пабойваюцца, але ж і ігнаруюць.

І зараз вось, калі такое здарылася, я на пахаваньні ня бачыў ніводнай афіцыйнай асобы. У асноўным на пахаваньні былі настаўнікі, сваякі і пратэстанты. Я ад сваёй арганізацыі, паколькі яна была ў нас, дык я зрабіў вянок зь бел-чырвона-белым сьцягам”.

Міхал Стэльмак, Радыё “Свабода”