ДАЛЕЙ АД АРДЫ

Сусед, — рабочы за 50 гадоў — паведаміў у чарзе па ваду: “Заўтра сядзьмое наябра, начаплю красны банцік і пайду на плошчадзь празнаваць з нашымі...”. Вось які нэабальшавік-рамантык мясцовага разьліву. Слухаем маналёг далей: “А я і ў цэркаў хаджу... І пра Мілінкевіча ў “Народнай волі” прачытаў, нічыво ў іх з Мілінкевічам ня выйдзет...”. Рэдкі сярод ленінцаў тып, ён умее таксама слухаць і просіць даць яму пачытаць тэкст Зянона Пазьняка “Беларуска-расейская вайна”. Сусед, аказваецца, з Крупак і за ўсю сваю партыйную кар'еру так і не навучыўся “велікому і могучему”, “на котором разговарівал Ленін”. А вось і цяпер афіцыйная прапаганда забівае яму стомленую галаву загатоўкамі-“ідэялягемамі” (як кажа непараўнальны тэарэтык вінцукізму Падгол). Загатоўкі хрэстаматыйныя: “в Белоруссіі нічего нет, даже нефті”, “Путін хорошій, но что он может сделать?”, “прі союзе мы столько построілі, столько построілі!...”. Слухаеш дзядзьку і становіцца шкада гэтае пакаленьне беларусаў, у душах якіх столькі блытаніны і навязанай лухты. Цікава, што на маё тлумачэньне пра несумяшчальнасьць служэньня Сатане і Богу (чырвонага банціка і храма), беларус не пярэчыць і абяцае над гэтым задумацца. Рэжым і ягоныя маскоўскія гаспадары хацелі б завесьці ў пастку дурноты ўсіх нас, выставіць усіх беларусаў дурнямі перад усім сьветам. Гэта асабліва выразна разумееш 7 лістапада, калі апошнімі ў сьвеце менавіта беларусы павінны насіцца з “красным днём календара” і адзначаць угодкі чужой “акцябрскай рэвалюцыі”. Нават гэбоўская Расея імкнецца выкруціцца з гэтай ганьбы. Лубянцы прыдумалі абсалютна штучны “день народного едінства” 4 лістапада, а 7 лістапада ціхенька і ў асноўным віртуальна адзначаюць “день согласія і пріміренія”. Афіцыйна нават маскоўцы (аўтары той “рэвалюцыі”) адмовіліся выстаўляцца дурнямі перад сьветам, скінулі гэтае амплуа на нас. Там, у Маскве гэта было б зусім нелягічна: цар Міколка Крывавы цяпер сьвяты РПЦ ды і ў цэлым на нечым больш трывалым, чым ленінізм, трэба абаперці сёньняшнюю маскоўскую імпэрыю. Да таго ж моладзь сьмяецца і ня хоча ніякага Леніна. Вось і адбыліся лякальныя маршы маразматыкаў у шэрагу расейскіх гарадоў да ленінскіх ідалаў. У шматмільённай Маскве камунякаў сабралося ажно пяць тысячаў. Зюганаў стаяў на трыбуне побач з Лімонавым (расейскі камуніст побач з расейскім фашыстам). Зюганаў, паказваючы ў бок маўзалея, выдаў сэнтэнцыю, вартую антычнага аракула: “Это могила нас всех...”. Аднак, можна падзівіцца крывадушнай хітрасьці сучаснага маскоўскага гэбізму. Крыклівы імпэрыялізм яны скінулі на думцаў Жырыноўскага і Рагозіна, крыклівы фашызм на Лімонава, крыклівы камунізм на Зюганава (усё лубянскія крэатуры). А самы ў Крамлі і ў замежных паездках выстаўляюцца дэмакратамі ды цывілізатарамі. У РПЦ яны жагнаюцца, перад інтэлігенцыяй пра культурку тэарэтызуюць. Толькі пры ўважлівым назіраньні становіцца зразумела, што падстаўныя жырыкі-зюганавы, свастыкі-леніны існуюць абсалютна арганічна ў сістэме лубянскай дэмакратыі. Што ўсе яны — нэабальшавіцкія клоўны, бацюшкі РПЦ “с Леніным в башке”, расейскія генэралы і маршалы з тлустымі фізіяноміямі прафэсійных кілераў, камісары і эстрадныя носьбіты рускай папсы — уся гэтая шваль уяўляе сабой цэльны і непадзельны вобраз расейскай арды. І ўсёй гэтай ардзе (не выключаючы аніводнага яе элемэнта) павінны салідарна супрацьстаяць беларусы, не пускаць гэтую нечысьць у сваю хату і ў сваё жыцьцё.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ