НАЗІРАЕЦЦА ПАВЕЛІЧЭНЬНЕ ВАРОЖАСЬЦІ
З першых дзён лістапада заўважна актывізавалася Масква, ейныя “спэцслужбы” і “гэбэ” супраць беларускага руху. Зь некаторых беларускіх форумаў у Сеціве (шмат якія зь іх кантралююцца КГБ) выключылі беларускіх удзельнікаў і зьнішчылі ўсе іхныя выказваньні. Ліквідавалі таксама станоўчыя і нэўтральныя выказваньні пра мяне (пакінулі нэгатыўныя).
У Інтэрнэце на форумах “працуе”, між іншым, цэлы гэбоўскі штат. Яны там “дыскутуюць” паміж сабой, нібыта “сварацца” і г.д. — абгаджваюць беларускае. Яны там на працы. Такая ў іх спэцыяльнасьць.
Расейскае тэлебачаньне на замежжа (RTVІ) з дня ў дзень “круціць” цяпер здохлую качку — паведамляе, што Цэнтрвыбаркам нібыта “адмовіў у рэгістрацыі Пазьняку” ў якасьці кандыдата і не дапусьціў да выбараў. Тым часам выбары ў Беларусі павінны пачацца ў 2006 годзе. Ні пра якіх “кандыдатаў” у Цэнтрвыбаркаме яшчэ гаворкі не вядзецца. І тым ня менш Масква ўжо дэзынфармуе сьвет, рыхтуецца такім чынам да выбараў у Беларусі.
Асобным разьдзелам у беларусафобаў значыцца абплёўваньне, фальсіфікацыя і перакручваньне гісторыі Беларускага Народнага Фронту і беларускага змаганьня за незалежнасьць. Тут яны стараюцца ўжо разам з “апазыцыяй”, думаюць, відаць, што апазыцыйнай агентуры больш павераць. Вось узорчык з так званай “Белорусской газеты”: “Ужо васемнаццаць гадоў Беларусь адзначае Дзень памінаньня продкаў Дзяды ў Курапатах то з “чаромухай”, то з АМАПам. На першую такую акцыю, арганізаваную маладзёвымі аб'яднаньнямі “Талака” і “Тутэйшыя” некалі прышлі дзясяткі тысячаў людзей”. Тут (у гэтым выказваньні) заведамае круцельства.
Аргкамітэт БНФ быў створаны 19 кастрычніка 1988 года. Першай заплянаванай вялікай акцыяй Фронту было правядзеньне Дзядоў. Ашалелыя ад няўдачы камуністы (ад таго, што ня здолелі перашкодзіць стварэньню БНФ) і слухаць не хацелі пра Фронт. Таму падачу заяўкі ў Гарвыканкам на правядзеньне Дзядоў Аргкамітэт Фронту прапанаваў моладзі з Тутэйшых і Талакі, сябры якіх былі ў Аргкамітэце БНФ. Фармальна Фронт быў нібыта збоку. (Дарэчы, такім мэтадам — падача заявак у Гарвыканкам ад афіляваных ці спадарожнікавых арганізацыяў альбо грамадзянаў — Фронт карыстаўся часта. На гэта былі прычыны.)
Камуністы ведалі, што 30 кастрычніка Фронт рыхтуецца адзначыць Дзяды, і заплянавалі вялікую правакацыю (вывелі ўнутраныя войскі, вадзяныя гарматы, спэцмашыны для захопу людзей і г.д.). Вынікам яе (як мы потым даведаліся) павінна было стацца “пусканьне крыві”. Зьбіраліся зрабіць крывавае пабіцьцё людзей (як у Алма-Аты ў 1986 годзе), а адказнасьць за кроў і забойствы плянавалі зьвярнуць на “фашистов из БНФ”. (Камуністы, і ўвогуле, расейцы, вельмі любяць усіх тых, хто ня зь імі ды за беларускую мову называць “фашыстамі”.)
Але плян масавага крывавага пабіцьця камуністам ажыцьцявіць не ўдалося. Мы разгадалі іхную злачынную задумку і паблыталі ім карты. 30 кастрычніка, ня гледзячы на зьбіцьцё і атручваньне сьлезацечным газам, людзі скансалідаваліся супраць існуючага рэжыму і падтрымалі Фронт. Гэты дзень стаўся для Фронту ідэёвай і маральнай перамогай над камуністычным рэжымам.
І вось цяпер нашчадкі тых мандрылаў дробненька помсьцяць, па прынцыпу, як ва ўкраінскім анекдоце: “ні з'ім, так покусаю”.
У той час ужо і Талака, і Тутэйшыя, і Мартыралёг, і іншыя арганізацыі ішлі адзіным рухам з БНФ. Урэшце Фронт і паглынуў іх, практычна, цалкам, і гэта ўзмацніла БНФ, зрабіла зь яго сілу, якая вызначыла лёс Беларусі.
Зянон Пазьняк