НАЦЫЯНАЛЬНАЕ СТАНОВІШЧА
Становішча, у якім цяпер знаходзіцца Беларусь, нагадвае аддалена сітуацыю, якая склалася ў канцы ХVIII стагоддзя, калі сумеснымі намаганьнямі трох імпэрыяў Беларусь і Рэч Паспалітая былі разарваныя паміж немцамі і Масквой.
Гэта было даўно. Гістарычная памяць у грамадзтве амаль зьнішчаная, і цяпер, калі сітуацыя стала паўтарацца, для бальшыні яна незразумелая. І ў гэтым бяда. Бо сьляпога біць лёгка. Тым часам фактам ёсьць тое, што на Беларусі зноў сутыкнуліся супольныя нямецка-расейскія інтарэсы. Пачатак гэтага сутыкненьня і ўзаемадзеяньня дакладна зафіксаваны — 1998 год, Місія АБСЭ пад кіраўніцтвам Ганса Віка.
Вынікам нямецка-рускага ўзаемадзеяньня было стварэньне ў Беларусі ненацыянальнай, неадраджэнскай і па сутнасьці прамаскоўскай апазыцыі рэжыму, цалкам кіруемай з Брусэля і Масквы. Двайны ўплыў, як і падвойная сэрвільнасьць “апазыцыі”, вынікалі, відаць, са зьместу вядомай дамоўленасьці паміж Гансам Вікам і КГБ.
Сэнс гэтай палітычнай апэрацыі — адабраньне ад беларускага нацыянальна-вызвольнага Адраджэньня дамінуючай функцыі палітычнай альтэрнатывы рэжыму. За альтэрнатыву рэжыму была прапанаваная якраз падстаўная апазыцыя Віка. Гэты фальшывы вобраз падтрымліваецца з вялікадзяржаўнага ўсходу і з лібэральнага Захаду. Створана такая сітуацыя, якая, у выпадку зьмены ўлады, выключала б нацыянальны шлях разьвіцьця Беларусі (бо “апазыцыя” ідэёва не нацыянальная).
Раскол Беларускага Народнага Фронту, стварэньне неадраджэнскай, ненацыянальнай апазыцыі, штучная падача і ўспрыманьне яе як дамінуючага накірунку ў змаганьні з рэжымам Лукашэнкі — ўсё гэта было стратэгічнай і прапагандысцкай перамогай Масквы і Брусэля (дакладней, Бэрліну) на полі беларускай палітыкі. Гэта мела і прадаўжае мець фатальныя наступствы для нацыянальнай будучыні Беларусі.
Нашая задача — задача нацыянальна-дэмакратычных сілаў Беларусі — ліквідаваць прамаскоўскі рэжым, вярнуць страчаныя пазыцыі і не дапусьціць наступнага захопу ўлады ў краіне прамаскоўскімі коламі.
Аналіз атакі на беларускае адраджэньне дазволіў вызначыць галоўныя прыярытэты ў змаганьні за нацыянальна-дэмакратычную будучыню Беларусі. Найперш патрэбная нацыянальная асьвета людзей, якая заклала б грунт нацыянальнай сьведамасьці грамадзтва. Без нацыянальнай асьветы электаральная перамога на выбарах ва ўмовах антыбеларускай дыктатуры, фальсіфікацыі і русіфікацыі, практычна, малаверагодная.
Другі прыярытэт, які вырашальны ў справе кансалідацыі, свабоды і дэмакратыі ў Беларусі — гэта абарона і грамадзкае сцьвярджэньне беларускай мовы. Без станоўчага застасаваньня гэтай справы, без дзяржаўнага разьвіцьця беларускай мовы ня ўдасца нічога дзяржаўнага ажыцьцявіць. Можа быць страчаны нават суверэнітэт. Тут сітуацыя не “тэарэтычная”, а рэальная — побач Расея з сваімі імпэрскімі прэтэнзіямі.
Нашыя канкрэтныя беларускія палітычныя дзеяньні разгортваюцца ва ўмовах напоўлегальнага існаваньня. Гэта, практычна, ёсьць умовы акупацыйнага становішча. Таму шмат якія важныя пытаньні нацыянальна-дэмакратычнага змаганьня за вольную Беларусь публічна не абмяркоўваюцца. Гэта абцяжарвае наш рух. Але гэта ёсьць таксама і неабходнасьць для перамогі.
Зянон Пазьняк