МЭМАРЫЯЛЬНЫЯ МЕРАПРЫЕМСТВЫ Ў ЛОШЫЦКІМ ЯРЫ

Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ правялі 5 лістапада мэмарыяльныя мерапрыемствы яшчэ на адным месцы пакутніцтва нашага народу — у Лошыцкім Яры ў Менску. Людзі прайшлі шэсьцем ад палацу культуры Камвольнага камбінату да месца, дзе расейскія акупанты забівалі беларусаў у 1930-я гады. Удзельнікі ішлі пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі, несьлі вялікі транспарант “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй!”. Каля Лошыцкага Крыжа на магілах ахвяраў расейскага тэрору супраць беларускага народу адбыўся мэмарыяльны мітынг. Людзі прасьпявалі гімн “Магутны Божа”, прачыталі малітвы. Потым выступілі ўдзельнікі мерапрыемства. Яны казалі пра жыцьцядайнасьць нашай народнай традыцыі адзначэньня Дзядоў, на якой трымаецца сувязь пакаленьняў народу. Антынародная ўлада ня можа абарваць, зьнішчыць гэтую сувязь. Цяперашні рэжым трымаецца на традыцыях забойцаў, якія нішчылі лепшых людзей Беларусі. Але марныя іхныя намаганьні: жыве наш народ, наша культура і мова і будуць жыць вечна. Мы не дапусьцім, каб расейская імпэрыя НКВД-КГБ зноў захапіла нашу зямлю і зноў вынішчала ды абрабоўвала беларусаў. Імпэрыя зьнішчае свой уласны, тройчы няшчасны расейскі народ. Мы ня хочам падзяліць ягоны страшны лёс і будзем бараніць Бацькаўшчыну, нашы сьвятыні і нашу будучыню ад расейскай навалы. Людзі паўтаралі за выступоўцамі: “Жыве Беларусь! Слава нашым Дзядам!”

Інфармацыйная камісія КХП-БНФ