АКТ БЛЮЗЬНЕРСТВА

Імпэратар Максімільян (той самы, што на пачатку 16 ст. хацеў разам з маскоўскімі царамі падзяліць і зьнішчыць наша Вялікае Княства) усё жыцьцё ратаваў сваю Габзбургскую імпэрыю. Грошай яму не хапала нават на наёмныя войскі, а пасьмяротнай славы хацелася. Нехта яму падказаў, што ня трэба бронзы, каб стварыць сябе помнік. Такім чынам у гісторыі мастацтва адбыўся цікавы кур'ёз. Максімільян загадаў зрабіць сабе манумэнт з паперы — графічны помнік. Запрасілі для працы выдатнейшых майстроў нямецкага Рэнэсансу — Альбрэхта Дзюрэра, Ганса Гальбэйна, Лукаса Кранаха. Такая вось “мастацкая рада” павінна была ратаваць дзяржкіраўніка без казны. Сілай таленту яны-такі стварылі манумэнт свайму манарху ў тэхніцы гравюры на дрэве (хаця, мабыць, у кулуарах пахіхікалі-пакпілі з фанабэрыстага Габзбурга).

У эўрапейскім мастацтве склаліся тыпы і архэтыпы мастацкіх вобразаў і матэрыяльнага іх ўвасабленьня, склалася герархія матар'ялаў і тэхнік. Маленькі графічны экслібрыс друкуецца на кавалачку паперы. А вось эпітафія на магіле або памятным месцы ня можа выконвацца на паперы або тканіне (такое дапушчальна ў сакральным мастацтве экзатычных афрыканскіх народаў, ня ў нас). З нетрывалых (часам маласур'ёзных) матар'ялаў мастакі выконваюць толькі пачатковыя, рабочыя, падрыхтоўчыя накіды, эскізы, праекты (без прэтэнзіяў на доўгае існаваньне такога твору). З гэткіх матар'ялаў можна ўспомніць гліну, гіпс, плястылін (ёсьць мастакі, якія выконваюць эскізы з мыла). Ёсьць яшчэ адзін закон эўрапейскага мастацтва — не выстаўляць эскізныя недаробкі ў якасьці скончанага твору.

“Незалежныя” (ад Беларусі) СМІ пратрубілі нам вушы пра акцыю, якую правяла намэнклятурная псэўдаапазыцыя 29 кастрычніка ў Курапатах. “Вінцучкі-лебедько” ўсталявалі там “адноўленую мэмарыяльную шыльду” колішняга Савета Міністраў БССР (аб тым што савецкі Саўмін дакляруе, маўляў, устанавіць помнік у Курапатах). Журналісты зьбегліся гуртом і фатаграфавалі, як “адзіны кандыдат” Мілінкевіч кланяўся шыльдзе і ўскладаў да яе кветкі. З урачыстым выглядам тоўпіліся перад шыльдай і слухалі маналёгі псэўдаапазыцыянэраў некалькі замежных паслоў (з Брусэля паступіла ўводная падтрымаць сваім аўтарытэтам новую фігуру Мілінкевіча). Усё было арганізавана з помпай, як у Максімільяна.

Назаўтра, 30 кастрычніка ў Курапаты прышлі сотні людзей — Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ арганізавала штогадовыя мэмарыяльныя мерапрыемствы ў гонар Дзядоў. Людзі маліліся, сьпявалі рэлігійныя і патрыятычныя гімны, усталёўвалі крыжы на магілах пакутнікаў. Некаторыя пацікавіліся, а дзе ж гэта шыльда, якой пакланяўся “адзіны” Мілінкевіч і іжэ зь ім? Доўга шукалі “шэдэўр” і ўрэшце знайшлі. Аказалася, што шыльдачка з надпісам пра тое, што “Вярхоўны Савет і Савет Міністраў БССР абяцаюць ўстанавіць на гэтым месцы помнік ахвярам рэпрэсій” была прымацаваная да каменя-валуна плястылінам (!!!), за ноч плястылін высах, і шыльдачка з каменя звалілася. Больш таго, калі людзі паднялі з зямлі гэтую бээсэсэраўскую абяцанку (ніколі ня выкананую), то ўбачылі — сама шыльдачка была няўклюдна злеплена з плястыліну і пафарбавана “пад бронзу”. Калі Дзюрэр з Кранахам сьмяяліся з Максімільяна, гэта было зразумела, але беларусам у Курапатах не да сьмеху. Да якой нізасьці апусьцілася псэўдаапазыцыя, да якой фальшыўкі! Мала таго, што сваёй мітусьнёй і дэзынфармацыяй заблыталі перад Дзядамі людзей, дык яшчэ й наладзілі каля курапацкіх магілаў гнюсны акт блюзьнерства. Паслоў, журналістаў ды разьзявакаў псэўдаапазыцыянэры сабралі каля кавалка сырога плястыліну і пампезна выдавалі сваю камэдыю за “бронзавае” “ушанаваньне памяці”. Патусаваліся і разышліся, а плястылін высах і праз некалькі гадзінаў упаў.

Памятаем, былі такія выдатныя творцы ў нашым сучасным мастацтве: жывапісец А. Марачкін, скульптар А. Шатэрнік. Яны сказалі сваё яркая мастацкае слова ў нацыянальным мастацтве 1970-80-х гадоў, стварылі запамінальныя вобразы. А потым, калі трэба было выбіраць паміж вінцучкоўскім “прагматызмам” і барацьбой за Беларусь пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка, яны пабеглі да вінцучкоў (бо паверылі ў прагматызм і грашовыя гранты). Але ўся гісторыя мастацтва дэманструе: як толькі мастак адварочваецца ад сьветлага ідэялу ў пагоні за прагматычным выгадніцтвам, то ягоны талент апускаецца, муза ўцякае ад творцы. І пачынаецца халтура. Пачынаецца плястылін “у імя прагматызму” і актыўны ўдзел у падстаўных тусоўках. Гэта павучальны ўрок для беларускай інтэлігенцыі. Ня трэба верыць балбатунам-прагматыкам з іхным “адзіным” кандыдатам-фальшыўкай.

Валеры Буйвал