ФІНСКІ ГЕРАІЧНЫ ПРЫКЛАД
Калі крамлёўскія бандыты ў лістападзе 1939 г. выставілі незалежнай Фінляндыі нахабны ўльтыматум (узгоднены з лепшым сябрам страны советов А. Гітлерам) і запатрабавалі для сябе фінскай зямлі па самыя гэльсінскія гароды, у Маскву паехала ўрадавая дэлегацыя, каб улагодзіць канфлікт (фіны не хацелі вайны).
Прэм'ер Паасіківі напісаў у сваіх мэмуарах пра тыя трывожныя дні, успамінаючы, як да мяжы на кожнай, самай маленькай чыгуначнай станцыі іхны цягнік сустракала сьцяна народу. Людзі не трымалі ніякіх плякатаў і транспарантаў, не гукалі лёзунгаў. Фіны сьпявалі нацыянальныя песьні, трымаючы ў руках нацыянальныя сьцягі. “Мы без словаў разумелі, што хацелі сказаць нам нашыя людзі...” — прызнаваўся праз гады палітык. У Крамлі фінская дэлегацыя паводзіла сябе годна і грэбліва адкінула дзікія прэтэнзіі імпэрыялістаў. 30 лістапада 1939 г. саветы пачалі агрэсію супраць невялікай краіны і малалікага (асабліва ў параўнаньні з савецкай ардой) паўночнага народу.
15-16 кастрычніка сёлета адзін з расейскіх тэлеканалаў прадэманстраваў дзьвюхсэрыйны фільм фінскіх кінематаграфістаў пад назвай “Зімовая вайна”, створаны ў 1989 г. да 50-х угодкаў гераічнай абароны Фінляндыі. Аўтары прысьвяцілі фільм лёсу аднаго з батальёнаў, які на працягу трох з паловай месяцаў вайны знаходзіўся на перадавой. Таленавітая стужка ўразіла проста быкаўскім драматычным рэалізмам. Аўтары любым спосабам імкнуліся пазьбегнуць парадна-фанфарнай інтанацыі, паказалі ўвесь жах вайны, стварылі шэраг яркіх і запамінальных вобразаў. Учорашнія сяляне, рабочыя, студэнты маршыравалі на фронт амаль не прайшоўшы вайсковай вывучкі. Але фінаў выручала тое, што яны — заўсёды блізкія да сваёй суровай прыроды — мелі выдатную спартовую загартоўку, не баяліся холаду, умелі выдатна бегаць на нартах і страляць. Але галоўным было народнае братэрства, вялікая ідэя фінскага нацыяналізму. Час ад часу ў беларускага гледача самы сабой напрошваліся параўнаньні. Фінскія генэралы і палкоўнікі заўсёды зьвярталіся да падначаленых на чалавечай мове, без расейскіх мацюкоў і пагрозаў. Заўсёды пыталіся: “Хлопцы, вы здолееце выстаяць?”. І стомленыя жаўнеры адказвалі: “Зробім, што будзе ў нашых сілах...”. На савецкім баку фронта шумна сьвяткавалі 21 сьнежня дзень народзінаў маскальскага сатаны Сталіна. А праз колькі дзён над фінскімі пазыцыямі па ўсім фронце рэхам гучэлі гімны ў славу Хрыста — эўрапейскі народ сустракаў Каляды.
Практычна без авіяцыі, з малой колькасьцю гарматаў фінская пяхота супрацьстаяла мільённай лаве савецкіх рабоў. Раз-пораз у фільме дэманстраваліся кашмарныя атакі савецкіх дывізіяў супраць пазыцыяў гераічнага батальёна. Як саранча, бегла ў атаку цемра ў худых шынялях і будзёнаўках (а мароз быў 40 градусаў). Фінскія разьведчыкі, прапаўзаючы потым паміж горамі трупаў, казалі адзін адному: “Што ж гэта такое!? Яны зусім не шкадуюць сваіх людзей...”. Фіны зьбіралі ня толькі ўсіх сваіх параненых, але таксама й целы забітых. Загінуўшых везьлі ў родныя мясьціны, дзе людзі разьвітвалія з героямі ў касьцёлах. Гледзячы на безаблічную масу арды на экране, думалася аб тым, што побач з іншымі няшчаснымі ахвярамі дьябальскай імпэрыі ў самагубчых атаках удзельнічалі дзесяткі тысячаў беларусаў. Маскоўскія акупанты ня ў першы і не ў апошні раз карысталіся нашай моладзю ў сваёй подлай справе. Колькі яшчэ страшных лекцыяў павінна атрымаць ад маскальскіх акупантаў наша нацыя, каб урэшце зразумець, што галоўны, самы крыважэрны наш вораг знаходзіцца на Усходзе, за Смаленскам, і што нельга яму служыць і ваяваць за яго? На прыканцы фільма (сакавік 1940 г.) ад батальёну засталося чалавек дваццаць у пашарпаных і брудных масхалатах, змардаваных, але нязломных мужчынаў, якія не пусьцілі арду на сваю зямлю. Яны не адразу паверылі гончыку, які прынёс ім 15 сакавіка зьвестку пра заканчэньне вайны. Ня верыў у гэта й увесь сьвет, які назіраў (надта ж бязьдзейсна) за няроўным змаганьнем на Поўначы. Фінляндыя адстаяла тады сваю незалежнасьць, саветы вымушаны былі адмовіцца ад свайго акупацыйнага праекту ў выглядзе сацыялістычнай савецкай фінскай рэспублікі. Вялікі прыклад змагарнай Фінляндыі павінен натхняць сёньняшніх беларусаў у барацьбе за волю і незалежнасьць нашай дарагой Бацькаўшчыны.
Валеры Буйвал