ЮРЫ БЕЛЕНЬКІ ПРА ЗАКОН “АБ ПАЛІТЫЧНЫХ ПАРТЫЯХ”.
Пачынаючы з 1-га лістапада ў Беларусі дзейнічае новая рэдакцыя закону “Аб палітычных партыях” Партыі сталі яшчэ пад больш жорсткім кантролем з боку ўлады. Прынамсі, упершыню ў сучаснай беларускай гісторыі ўлады цяпер могуць на законнай падставе прыпыняць дзейнасьць палітычных партыяў і аб'яднаньняў да шасьці месяцаў. Закон таксама афіцыйна забараняе рэгістраваць у Беларусі арганізацыйныя структуры палітычных партыяў замежных краінаў.
Новы закон таксама ўводзіць дадатковыя абмежаваньні ў фінансаваньні партыяў. Яны не маюць права атрымліваць грашовыя сродкі і маёмасьць ад замежных арганізацыяў і грамадзянаў, ананімных фундатараў, рэлігійных арганізацыяў... Ёсьць і іншыя абмежаваньні. Прынамсі, забаронена адначасовае сяброўства больш чым у адной партыі і сяброўства ў партыі юрыдычных асобаў. Акрамя таго, штогод (да 1 сакавіка) усе партыі мусяць прадстаўляць у міністэрства юстыцыі справаздачы пра зробленую працу.
Сябры апазыцыйных партыяў прызнаюць, што цяпер працаваць будзе цяжэй. Бо зьмены заканадаўства адаб'юцца на дзейнасьці палітычных партыяў, абмяжуюць яе. Намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі сфармуляваў гэта так: “робіцца ўсё, каб палітычная партыя была за межамі рэальнага палітычнага працэсу”. Аднак, на ягоную думку, улады не ўлічваюць тут адзін істотны момант — ёсьць рэчы, якія яны ня могуць узяць пад свой кантроль.
Беленькі: “У любым выпадку, якія б юрыдычныя абмежаваньні не былі прынятыя, дзеяньні беларускага народу ў шырокім пляне будуць накіраваныя на захаваньне сваёй незалежнасьці, адстойваньне сваіх правоў — чалавека, грамадзяніна, беларуса. І тут у такім шырокім пляне гэтыя абмежаваньні нічога не дадуць тым, хто прымаў гэты закон і выступаў ініцыятарам гэтых зьмен. Хутчэй наадварот, гэта паслужыць у пэўнай ступені каталізатарам, паскорыць працэсы ў грамадзтве, якія скінуць гэты прамаскоўскі антыбеларускі рэжым, матывацыя якога ёсьць не інтарэсы беларускага народу, а зусім іншыя, якія знаходзяцца за крамлёўскай сьцяной”.
Радыё “Свабода”