У БЕЛАРУСІ І Ў ПОЛЬШЧЫ АБУРАНЫЯ ДЭМАРШАМ МАСКВЫ

Расейцы ўвялі новае афіцыйнае свята “дзень нацыянальнага адзінства”, прымеркаванае да выгнаньня расейцамі беларускага акупацыйнага войска з Масквы ў пачатку 17-га стагоддзя. (Масква была занятая тады войскам ВКЛ з удзелам польскіх вайсковых адзінак.) Пра гэта пішуць польскія газэты. Радыё “Свабода” зьмясьціла тры матэрыялы: “Праваслаўная царква сьвяткуе вызваленьне Масквы ад продкаў сёньняшніх беларусаў” (Галіна Абакунчык), “Расейскі Дзень нацыянальнага адзінства — фальшывая гістарычная памяць?” (Аляксей Дзікавіцкі) і “Чаму Масква адзначае перамогу над беларусамі ВКЛ як дзяржаўнае сьвята?” (Ігар Карней).

Вось выказваньні журналістаў, палітыкаў, навукоўцаў і розных людзей:

“Сьвята іконы Казанскай Божай маці Беларускі экзархат сьвяткуе супольна з Расейскай праваслаўнай царквой, бо фактычна гэта адзіная структура. Сьвята зьвязана непасрэдна з падзеямі 1612 году — “паведаміў прадстаўнік Менскага эпархіяльнага ўпраўленьня, які не пажадаў назваць сваё імя.

Прадстаўнік: “У царкве будзе богаслужэньне сьвяточнае. Перадусім яно ў памяць іконы Казанскай Божай маці. Але гэтая ікона праслаўленая гістарычнымі падзеямі выгнаньня з Масквы палякаў”.

“Нагадаю, што так званыя “іншаземцы” (“палякі”) 1612 года ў маскоўскім Крамлі — гэта войскі Вялікага княства Літоўскага. І, фактычна, у Беларусі будзе сьвяткавацца выгнаньне з Масквы саміх сябе”, — кажа гісторык, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

Трусаў: “Крэмль, у асноўным захапіла беларуская шляхта. Былі й палякі, але ў асноўным беларусы й украінцы. Не такія мы затурканыя й занядбаныя, як нас малююць. Гэта значыць мы народ, які мог зваяваць нават суседнюю сталіцу. І Маскву мы зваявалі значна раней, чым Напалеон. Так, што гэтая дата для нас — пункт адліку нашага росквіту й заняпаду. Няма ў нас беларускай праваслаўнай царквы, а таму яны й сьвяткуюць на нашай тэрыторыі сваё сьвята — як яны нас выгналі з крамля. Калі нашая царква стане аўтакефальнай і незалежнай, тады гэтае сьвята яна сьвяткаваць ня будзе”.

Адначасна цяперашнія ўлады Беларусі па-ранейшаму працягваюць замоўчваць славутую бітву пад Воршай, калі ў 1514 годзе войскі пад кіраўніцтвам беларускага гетмана Кастуся Астрожскага разьбілі ў тры разы большае шматтысячнае войска расейскіх захопнікаў. Як да гэта ставяцца нашыя суайчыньнікі цікаўлюся ў прахожых на вуліцах Менску.

Спадар: “Ну, дык гэта ж іх сьвята. Мы ж ня можам яго сьвяткаваць, бо там жа літвіны, беларусы былі”.

Спадарыня: “Пэўна, беларускі народ спакойны ва ўсіх адносінах, таму мы так спакойна на ўсё гэта глядзім”.

Спадарыня: “Варшанскую бітву на дзяржаўным узроўні не сьвяткуем таму, што дзяржава такая ў наш час. Трэба самім дамагацца й усталёўваць такія сьвяты”.

Спадарыня: “Я думаю, што гэта вельмі кепска, што ў нас такая зараз прэзыдэнцкая палітыка замочваць усё нацыянальнае. Мы не зьдзіўляемся, але канечне мы супраць”.

Найбольш грунтоўна вывучаў ролю беларусаў у маскоўскай кампаніі пачатку 17 стагодзьдзя дасьледчык Анатоль Грыцкевіч. Ягоная выснова: капітуляцыі польска-беларускага войска пад ціскам маскоўскага апалчэньня ў тым сэнсе, як пра гэта гавораць у Расеі, не было.

Грыцкевіч: “Там знаходзілася, як звычайна, войска ВКЛ перш за ўсё. Якраз палякаў было ня так шмат, але паколькі кароль называўся польскі, дык і пайшло, што “палякі”. Але фактычна, гэта была польска-беларуская акупацыя Маскоўскай дзяржавы”.

Карэспандэнт: “Адзначэньне такога сьвята на дзяржаўным узроўні ў Расеі ўвогуле абгрунтаванае?”

Грыцкевіч: “Сьвята прыцягнутае за вушы. Сёньня Дзень абраза Казанскай Божай маці. Ніхто ні ў гэты, ні ў наступныя дні Крамля не штурмаваў. Проста людзі галадавалі, і здаліся на ўмовах, што іх ня будуць забіваць. 7 лістапада канчаткова перадалі Крэмль апалчэньню. Проста вырашыла Расейская праваслаўная царква мець у дяржаўных сьвятах сваё сьвята. А паколькі яно блізкае — што 7-га, што 4 лістапада, то і сумясьцілі”.

Анджэй Новак — гісторык, прафэсар Ягелёнскага унівэрсытэту ў Кракаве лічыць, што і расейцы і палякі, узгадваючы пра падзеі чатырохсотгадовай даўніны, кіруюцца гістарычнымі стэрэатыпамі.

Новак: “Што тычыцца гэтак званай “вялікай смуты”, дык яна, насуперак распаўсюджанаму сярод расейцаў меркаваньню, не была выкліканая уварваньнем сілаў Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага, але ўнутранай вайной баярскіх клянаў за ўладу пасьля сьмерці апошняга прадстаўніка дынастыі Рурыкавічаў. Выйгралі гэтае змаганьне Раманавы, якія са свайго слугі Атрэп'ева зрабілі царскага нашчадка, выкарыстаўшы пры гэтым “палякаў”. Потым, ужо заваяваўшы ўладу, Раманавы перарабілі гісторыю, прадставіўшы грамадзянскую вайну як змаганьне іхнага гераічнага роду супраць экспансіі ворагаў-каталікоў. Трэба памятаць, што на пачатку дэлегацыя Рэчы Паспалітай на чале з выбітным палітыкам і мысьляром Вялікім канцлерам ВКЛ Львом Сапегам прыехала ў Маскву, каб запрапанваць саюз, зьбліжэньне з Захадам, на што Гадуноў не пагадзіўся. У гэтым палягае фальшывая гістарычная памяць расейцаў”.

Паводле прафэсара Новака, у сваёй гісторыі расейцы некалікі разоў зьвярталіся да створанага Раманавымі міфу.

Новак: “Яшчэ ў часе першай вайны з Напалеонам, расейцы паставілі помнік Мініну і Пажарскаму, выдумалі Івана Сусаніна, зьявіліся паэмы, опэры, якія праслаўлялі выгнаньне палякаў і ліцьвінаў (беларусаў). Гэта было патрэбна, каб падкрэсьліць адвечную варожасьць Захаду да Расеі. Цяпер, калі Пуцін хоча адбудаваць імпэрскую пазыцыю Расеі, гэта ізноў патрэбна. Так што выгнаньне нашых продкаў застаецца сымбалем, які выкарысталі 400 гадоў таму, 200 гадоў таму, а цяпер яшчэ раз выкарыстоўваюць на пачатку ХХІ стагодзьдзя”.

Былы прэзыдэнт Польчшы Лех Валэнса лічыць, што расейцы заўсёды шукалі зьнешніх ворагаў і таму новае сьвята пасуе да гэтай палітыкі.

Валэнса: “Расейцам заўсёды патрэбны быў зьнешні вораг, каб падтрымаць унутранае адзінства. Калі такога ворага не было, дык яго выдумлялі”.

У сваю чаргу былы амбасадар Польшчы ў Расеі Стэфан Мэлер, які некалькі дзён таму стаў новым міністрам замежных справаў Польшчы заявіў нашаму радыё, што ў гэты дзень будзе ўзгадваць іншыя падзеі, таксама зьвязаныя з польска-беларускай гісторыяй.

Мэлер: “Я хутчэй ўзгадаю разьню, якую войска маршала Суворава зрабіла ў Варшаве ў гэтыя дні напрыканцы васемнаццатага стагодзьдзя, калі расейскія аддзелы душылі паўстаньне Тадэвуша Касьцюшкі. Гэта для раўнавагі з тымі расейскімі ўгодкамі, якія на маю думку не пасуюць, каб быць нацыянальным сьвятам”.

Тамаш Ракса, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ