ФАЛЬШЫВЫЯ ПАВОДЗІНЫ (ПАДЗЕІ ВАКОЛ “ДЗЯДОЎ”)
На першы пагляд некаторыя падзеі здаюцца выпадковымі і не зьвязанымі паміж сабой. Але дастаткова азірнуцца назад, каб убачыць пэўную тэндэнцыю, якую адпрацавалі спэцслужбы. А дзейнічае паводле гэтай тэндэнцыі прамаскоўская псэўдаапазыцыя, прысьцёбнутая да рэжыму. Ужо з сярэдзіны 1990-х гадоў заўважана, што як толькі Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” пачынае падрыхтоўку да важнага мерапрыемства, псэўдаапазыцыйная агентура забягае наперад, блытае людзей, імкнецца нашкодзіць і сарваць пляны патрыётаў. Фронтаўцы заклікаюць грамадзтва да сьвяткаваньня Дня Волі 25 Сакавіка, а які-небудзь правакатар з канторы, накшталт Статкевіча або Хадыкі, пачынае арганізоўваць “адзначэньне дня Канстытуцыі” на 15 сакавіка — гэта значыць, за пару тыдняў да важнейшага нацыянальнага сьвята. Усё робіцца дзеля таго, каб энэргія грамадзтва пайшла ў псэўдаканстытуцыйны гудок, каб як мага менш людзей прышло на Дзень Волі, каб блыталася інфармацыя ў прэсе.
Такая ж брудная гульня стала традыцыйнай перад штогоднімі Дзядамі. Зусім невыпадкова, што сёлета напярэдадні нядзелі 30 кастрычніка, калі найбольш мэтазгодна сабраць людзей ў Курапатах і годна правесьці мэмарыяльныя мерапрыемствы, агентура правяла сваю тыповую падстаўную акцыю.
“Незалежныя” (ад Беларусі) СМІ трубілі пра 29 кастрычніка, пра тое, як у Курапатах павінны адбыцца нейкія яркія падзеі. Людзі не маглі разабрацца, калі ж сапраўды трэба ісьці на мэмарыяльныя мерапрыемствы — 29-га ці 30-га. І вось 29 кастрычніка ў Курапатах адправілі свой баль некалькі падстаўных. Яны ўсталявалі на вялікім камені бронзавую шыльду з надпісам пра тое, што “на гэтым месцы Вярхоўны Савет БССР абяцае паставіць помнік ахвярам сталінізму”. Няма ўжо КПСС, БССР, а гэтыя ўсё круцяцца, спрабуюць ажывіць бальшавіцкіх монстраў. Кіраўнічок створанай спэцслужбамі рэжыму групоўкі, якая прэтэндуе на “ахову Курапатаў” Кузьняцоў выступіў перад прысутнымі з прамовай. Самае цікавае, што ён там сказаў, не паддаецца камэнтару: “Трэба, каб гэтае месца засталося нэўтральным...”.
“Нэўтральнасьць”, паводле гэтай публікі, — гэта ня згадваць, хто забіваў беларусаў у Курапатах ды іншых месцах пакутніцтва, хто тварыў зло на нашай зямлі, памірыцца-парадніцца з расейскімі акупантамі і вэтэранамі НКВД. Вось сапраўднае прызначэньне гэтых кузьняцовых, арэшак, жыхараў ды іншых жулікаў, якія ў 2001-2002 гг. аж надрываліся, заклікалі рэжым “спыніць несанкцыянаванае стаўленьне крыжоў у Курапатах”. А калі ім не ўдалося спыніць народнае рушаньне, то яны прыпісалі крыжаўзьвіжаньне сабе і пачалі вадзіць па сьвятой зямлі экскурсіі для замежнікаў ды прымаць у сваю кішэню грошы з ахвяраваньняў і грантаў.
Подлую ініцыятыву падхапілі некаторыя журналісты. Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ ужо атрымала афіцыйны дазвол на правядзеньне 30 кастрычніка сёлета шэсьця і мітынгу ў Менску ў гонар Дзядоў, а радыё “Свабода” запусьціла ў эфір нейкага нікому раней невядомага журналіста Куліка, які аргумэнтаваў, што “мерапрыемствы яшчэ не дазволеныя, бо партыя не аплаціла гарадзкім уладам шэраг паслугаў”. Людзі тэлефанавалі кіраўніцтву Партыі з розных канцоў краіны, пыталіся: дык ёсьць дазвол ці няма, што рабіць? Брэх аднаго правакатара заблытаў тысячы людзей (і ўсё гэта разам з рэклямай акцыі псэўдаапазыцыі 29 кастрычніка). Трэба тут адзначыць, што беларуская рэдыкцыя радыё “Свабода” такімі штучкамі можа канчаткова падарваць свой аўтарытэт у беларускім грамадзтве. А можа гэтая рэдакцыя і ня мае патрэбы ў грамадзкім аўтарытэце? Калі так, тады гэта іншая справа. І трэба тады пераходзіць на ганарары ад антыбеларускага рэжыму ды прымаць новую назву — “Няволя” або “Голас ГБ”.
Нягледзячы на ўсю гэтую мітусьню і вэрхал, сотні людзей пайшлі 30 кастрычніка на шэсьце і прынялі ўдзел у мэмарыяльным мітынгу. Але і тут інфарматары не маглі пазьбегнуць грубай дэзы. “Свабода” заўважыла сярод удзельнікаў шэсьця такога В. Сіўчыка, запіснога правакатара, які прынёс безьліч шкоды народнаму руху і знаходзіўся, відаць, на заданьні. І вось гэтая, даўно раскрытая і вытураная фронтаўцамі з усіх структураў пустышка вяшчала для радыёслухачоў пра важнасьць шэсьця і свой у ім удзел. Такія прыёмчыкі — гэта ня проста правінцыйная журналістыка. Гэта — сьведамая фальсіфікатарская дзейнасьць.
Трэба казаць усёй гэтай паганскай кампаніі — рукі прэч ад нашай сьвятыні!
Валеры Буйвал