ЯК ПРАЙШЛІ ДЗЯДЫ Ў КУРАПАТАХ?
Дзень памяці продкаў шмат людзей ідуць у Курапаты, каб ушанаваць памяць бязьвінных ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
На ўваходзе ва ўрочышча сёньня стаіць скрыня “Ахвяраваньні на крыжы ў Курапаты”. Прыехаўшы ва ўрочышча апоўдні, я заўважаю, што ў скрыні ўжо дастаткова шмат грашовых купюраў. Актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо сьведчыць, што ў Курапаты сёньня ідуць людзі з самай раніцы. Сам спадар Уладзімер павесіў сёньня ручнікі на курапацкія крыжы.
Юхо: “Дзяды, як заўсёды, адзначаюцца 2 лістапада. Традыцыйна прыходзім, каб ускласьці кветкі, ушанаваць памяць загінулых ня толькі ў Курапатах, але і ўсіх беларусаў, усіх нашых продкаў, нашых дзядоў”.
Кляшторная: “Нашаму пакаленьню на Дзяды ёсьць куды прыйсьці — у Курапаты. Таму што шмат хто ў сваім сіроцтве нават і ня ведаў сваіх бацькоў. Народжаныя пасьля таго, як іх бацькі былі зьнішчаныя, ня кожны з тых дзетак нават прозьвішча сваё мог вярнуць. Адно, што ўцешна, што гэтае месца не занядбанае”.
Сакратар управы КХП БНФ Валер Буйвал зьвяртае ўвагу на наступную акалічнасьць:
Буйвал: “Уся Эўропа адзначае цяпер Дзень усіх сьвятых. Людзі ідуць на могілкі, пра гэта паведамляюць усе каналы тэлебачаньня. А ў нашай краіне няма выходнага дня для гэтага. Дзяржава не прызначыла часу людзям для ўспаміну пра сваіх продкаў, пра сваіх дзядоў. Гэта якраз сьведчаньне, які характар мае рэжым, які пануе ў Беларусі, рэжым, які не шануе сваёй гісторыі, ахвяраў сваіх папярэднікаў, не шануе свайго ўласнага народу — жывога і мёртвага”.
Сёньня на Дзяды некаторыя людзі прыйшлі ў Курапаты, каб памянуць сваіх рэпрэсаваных бацькоў ці дзядоў, другія ж шануюць памяць усіх ахвяраў сталінізму, нават калі іх сваякі не пацярпелі ў той сумны час.
Спадар: “Тут альбо ў іншым месцы пад Менскам быў расстраляны і мой дзед — Юркевіч Франц Іванавіч. Яго расстралялі 19 кастрычніка 1938 году”.
Спадарыня: “У мяне тут дзядзька пахаваны. Пра такое ня трэба забывацца. Калі гэтага ня будзем памятаць, дык што тады застаецца”.
Спадарыня: “А вось прывяла ўнука, каб паглядзеў. Што ведаю, распавяду яму”.
Спадарыня: “У мяне бацьку Казіміра Ўладзіслававіча Зуеўскага расстралялі ў 1937 годзе. І я чамусьці вырашыла: а раптам ён тут?..”.
Паводле розных падлікаў у курапацкай зямлі ляжаць парэшткі ад 40 да 250 тысяч людзей, якіх за сталінскім часам расстралялі карнікі НКВД.
Радыё “Свабода”