БУРБАНІЗМ

Калі рэвалюцыйны Парыж абвесьціў у 1792 годзе рэспубліку, манархісты начале з Бурбонамі паўцякалі замяжу. Яны актыўна ўдзельнічалі ў вайне супраць свайго народу і вярнуліся на французскі трон у 1815 г. пасьля канчатковай перамогі антынапалеёнаўскай кааліцыі фэадальных манархій. Рэстаўрацыя дынастыі Бурбонаў сталася сымвалам палітычнай эгзгумацыі ўсяго гнілога і беспэрспэктыўнага. Адной з цікавостак той рэстаўрацыі быў наступны факт: у 1815 г., калі трэба было праводзіць штогадовы традыцыйны парад парыжскага палка кавалерыі, то ў публічных абвестках параду надалі нумар, які быў наступны пасьля нумару апошняга дарэвалюцыйнага парада. Такім чынам арганізатары спрабавалі прадэманстраваць грамадзтву, што нібыта не было 25 гадоў рэвалюцыяў і войнаў, што народ не перакульваў трон, што на самай справе “усё цяпер ідзе па-старому”...

Расейскія камунякі таксама спрабуюць выкрэсьліць гады развалу саўдэпіі, гады стыхійнага антыкамунізму. Яны ўжо на поўным сур'ёзе выцягваюць са сьметніка струхлелыя муміі і даказваюць сучасьнікам, што трэба ажывіць гэтае гістарычнае сьмецьце. 26 кастрычніка расейская тэлевізія паведаміла, што “ў сібірскім горадзе Усць-Куце выканана рашэньне 18-гадовай даўніны — на плошчы ўсталяваны бронзавы помнік Леніну”. (Ну, як вам гэты парад дарэвалюцыйнай кавалерыі?). Каля помніка сабраліся мясцовыя дзеячы КПРФ і іхныя лякальныя правадыры. Лексіка прамоваў і фізыягноміка публікі — такое ўсё знаёмае, даўняе. І вось цікава. НТВ суправадзіла тэлесюжэт даволі іранічнымі камэнтарамі пра райкамы, пра ленінскія помнікі ў розных гарадах (адзін зь іх апрануты ў бронзавае жаночае паліто, другі вышынёй з сяміпавярховы дом...). Атрымліваецца нібыта сьмешна. Нібыта займаецца гэтым не пуцінскі рэжым, не натхняльнікі расейскага гэбізму, а выключна камуністы-зюганаўцы — гэткая партыйная ініцыятыва товарішчей. Аднак, гэбізм-пуцінізм, нягледзячы на ўсю сваю самаварную “православность”, зусім не адрынуў ад сябе “самого человечного человека” (гэта з Маякоўскага) з “истинно русским монгольским лицом” (гэта ўжо з Бярдзяева). Крамлёўскі рэжым ахвотна эксплюатуе маўзалейную мумію ў справе сваёй бурбонскай рэстаўрацыі. Па ўсёй “святой Русі” працягваюць стаяць кашмарныя ідалы Сатаны. А цяпер вось да іх дабавіцца яшчэ адзін — навюсенькі ідальчык у “два мэтры з кепкай”. Пры чым, крамлёўская рэстаўрацыя бальшавіцкіх бурбонаў робіцца нібыта ціхай сапай, паўзучым спосабам. Адсланілі ленінскі помнічак у нейкім Куце, падобна, як нядаўна адсланілі сталінскі манумэнцік пасярод якуцкіх сьнягоў. Толькі вядома, што, калі гэтую заразу не спыніць, то з расейскіх глухіх закуткоў яна ізноў будзе ламіцца на шырокі прастор, каб нішчыць людзей і цывілізацыі.

Дарэчы, у Беларусі рэстаўрацыю наладжваюць ня толькі з помнікамі. Зазірніце за плячо ўсьмешлівага “адзінага” Мілінкевіча. Каго ўбачыце вы на трэціх-пятых ролях у ягонай камандзе? — Вінцучка, Дабравольскага... А каго на ролях першых — галоўных? (бо зразумела, што “беспартыйны” Мілінкевіч — гэта вывеска, марыянэтка зь японскага тэатру). А вось, паводле ўсіх законаў палітычнай дзейнасьці, менавіта першыя асобы лялькаводаў вызначаюць палітыку “беспартыйных” лідараў кааліцыяў. Генсек мясцовай кампартыі Калякін — начальнік выбарчага штабу Мілінкевіча, камсамолец-лукашыст-антылукашыст Лебедько — начальнік мілінкевіцкага “ценявога ўраду”. Гэта вам не бронзавая рэстаўрацыя, гэта — злавесны антыграмадзкі, антыбеларускі акт палітычнага рэгрэсу (які выдаецца за трыюмф калектыўнай дэмакратыі і барыкаднай барацьбы). Камунякі зноў надзьмуваюцца, ім ня церпіцца ў хаўрусе з вінцучкамі-дабравольскімі аднавіць савецкую імпэрыю са сталіцай у Маскве (яны выдаюць гэта за сваю барацьбу супраць Лукашэнкі, як кажа адзін іхны фінансіст — “лусскіе демоклаты помогут нам болоться плотів діктатулы...”).

Антычная гісторыя дае нам яркі ўзор супрацьстаяньня гэтым бурбонскім бразготкам. Калі грамадзяне выгналі з Рыма апошняга этрускага цара-акупанта, этрускі вырашылі наладзіць рэстаўрацыю і паслалі супраць іх шматлікае войска. Рымскія шыхты ўбачылі, як на іх насоўваецца цемра пяхоты, перад якой крочаць вядомыя жорсткасьцю сваіх абрадаў этрускія жрацы ў чорных балахонах і ў жудасных масках. Сэрцы легіянэраў апантаў забабонны страх, яны гатовыя ўжо былі пакідаць зброю і ўцячы. Але раптам пачуўся гучны голас рымскага палкаводца: “Хлопцы, гляньце, ды гэта ўсё бутафорскія цацкі, ня боймася!” Генэрал засьмяяўся, засьмяяліся цэнтурыёны, зарагатала войска. Вораг быў разьбіты. Застануцца шалушкі і ад мясцовых мілінкевіча-камуняцкіх “этрускаў”.

Валеры Буйвал