ВУГОРСКАЯ РЭВАЛЮЦЫЯ

Штогод на прыканцы кастрычніка Вугоршчына ўспамінае трагічныя падзеі 1956 г. Пасьля крытыкі сталінізма ў Маскве паняволеныя народы паверылі, што можна ісьці сваім шляхам і пачалі зрываць з сябе камуністычныя ланцугі. Усё пачалося з мірнай дэманстрацыі студэнтаў у Будапэшце, якія патрабавалі дэмакратыі і адстаўкі бальшавіцкага тырана Ракацы. Спэцслужбы адкрылі агонь па дэманстрантах і забілі дваццаць чалавек. У той жа дзень па ўсёй краіне падняліся сотні тысячаў (пазьней мільёны) людзей, пачалі граміць райкамы і валіць помнікі Сталіну. У Будапэшце людзі атачылі штаб-кватэру камуністычных спэцслужбаў, адтуль па іх зноў пачала страляць бальшавіцкая нечысьць. Калі праз колькі гадзін людзі выводзілі забойцаў з занятага будынку, то народ адмовіўся браць іх у палон і пазабіваў на месцы.

З самага 1945 г. бальшавіцкія спэцслужбы трымалі за горла свой народ, забівалі, катавалі людзей, абаранялі антынародную ўладу прыслужнікаў расейскіх акупантаў. У дні нацыянальнага паўстаньня угорская армія ўстала на бок народу, але ўгорскае ГБ білася да апошняга за сваех гаспадароў. Вугорцы пазнавалі мясцовых гэбэшнікаў па высокіх, крэпкіх скураных ботах. Літасьці да “абутых” ня было нідзе. Ракацы ўцёк у Маскву. На чале новага ўраду стаў Імрэ Надзь, папулярны ў народзе нацыянал-камуніст (ён таксама падвяргаўся раней рэпрэсіям з боку рэжыму). Урад запатрабаваў вываду з тэрыторыі Вугоршчыны савецкіх акупацыйных войскаў і распачаў дэмакратычныя рэформы. Масква, напалоханая рэвалюцыяй, вывела свае войскі. Але разгубленасьць працягвалася нядоўга. На патаемнай сустрэчы Хрушчова (“вялікага антысталініста-дэмакрата”) з камуністычнымі кіраўнікамі сацкраінаў была дасягнута згода па пытаньні агрэсіі супраць Вугоршчыны. Захад у тыя самыя дні быў заняты вайсковай апэрацыяй у раёне Суэцкага каналу (напярэдадні эгіпэцкі лідэр Гамаль Абдэль Насэр абвясьціў нацыяналізацыю пабудаванага заходнікамі каналу). Так што вугорцам давялося бараніцца супраць маскоўскага ворага самастойна. Калёны маскальскага войска ўжо на пачатку лістапада 1956 г. уварваліся на вугорскую зямлю. Камандваў ардой маршал Жукаў. Вугорцы баранілі сваю краіну і волю. У некалькіх месцах адбыліся нават танкавыя баі. Вайскоўцы і паспалітае рушэньне зьнішчылі дзесяткі тысячаў маскальскіх акупантаў. Падчас баёў у Будапэшце асабліва вызначыліся юныя героі. Падлеткі 14-17 гадоў цікавалі на дахах будынкаў, а потым закідвалі расейскія танкі і пяхоту “кактэйлямі Молатава”. Найбольш эфэктыўную атаку юнакі правялі каля маста Альжбэты, дзе спалілі цэлую калёну бронетэхнікі. Сілы, аднак, былі няроўнымі. Арда на доўгія дзесяцігоддзі зноў акупавала краіну. Сотні тысячаў маладых людзей — удзельнікаў рэвалюцыі — перайшлі аўстрыйскую мяжу і падаліся на Захад.

Але аднавілася справядлівасьць. Даўно ўжо вытураныя з краіны расейскія акупанты, забаронены сімвалы камунізму. Народ жыве ў дэмакратычнай дзяржаве. Зарастаюць быльнягом пакінутыя расейскія базы.

Валеры Буйвал