МЕМАРЫЯЛЬНЫЯ ШЭСЬЦЕ І МІТЫНГ У ГОНАР “ДЗЯДОЎ” У МЕНСКУ

30 кастрычніка Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ правяла мэмарыяльныя шэсьце і мітынг у Менску. Каля тысячы ўдзельнікаў прайшлі пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі і выявай Пагоні ў цэнтры сталіцы па праспэкце Скарыны ў бок Курапатаў. Людзі несьлі транспаранты “Ніякіх саюзаў з імпэрскай Расеяй”, “Ушануйма ахвяраў Курапатаў!”, “Не дапусьцім новых Курапатаў!” Мужчыны несьлі дзесяць вялікіх крыжоў. Група сябраў Партыі прывезла вялікі крыж з Пінска. Побач з былымі вязьнямі ГУЛАГУ ішлі маладыя юнакі і дзяўчаты, якія нарадзіліся ў 1988 годзе, калі адбылося першае змагарнае шэсьце на Дзяды і пачалася наша нацыянальна-вызваленчая рэвалюцыя. Беларуская моладзь, пакаленьне равесьнікаў рэвалюцыі разам з бацькамі і дзядамі — значыць, Жыве Беларусь! Убачыўшы шэсьце, людзі віталі ўдзельнікаў, на балконах высотных будынкаў луналі Бел-Чырвона-Белыя сьцягі. Псэўдаапазыцыя, якая сьцьвярджае на Захадзе, што “беларускі народ апанаваў страх...”, павінна была б убачыць гэтыя праявы Беларускай Салідарнасьці.

У Курапатах людзі спыніліся каля вялікага Крыжа Пакутаў і прасьпявалі гімн “Магутны Божа”. Потым шэсьце прашло на Кальварыю. Людзі запалілі сьвечкі і зьнічы, усклалі на магілы ахвяраў кветкі і вянкі. Быў заслуханы зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Вялікія Дзяды” (тэкст прыкладаецца). Потым выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, і сп. Алесь Чахольскі, адказны сакратар Управы Фронту і Партыі. Яны казалі пра памяць аб Дзядах, аб нашых продках, якіх мы ўшаноўваем у гэтыя дні. Штогод мы прыходзім у Курапаты, каб пакланіцца памяці ахвяраў расейскага тэрору супраць беларускага народу. Расея не пакаялася за свае злачынствы, расейская імпэрыя працягвае антыбеларускую палітыку, спрабуючы зьнішчыць нашу незалежную дзяржаву і паняволіць наш народ. Цяпер антыбеларуская вайна вядзецца ня зброяй. У выніку разбурэньня беларускай эканомікі прамаскоўскім рэжымам больш за мільён беларусаў мусяць шукаць працы ў Расеі, дзе іх абрабоўваюць, зьбіваюць і забіваюць. Жонкі праз месяцы знаходзяць сваіх загінуўшых мужоў у безыменных магілах у Маскоўшчыне. Гэтая вайна ўжо мае тысячы беларускіх ахвяраў. Па ўказцы Масквы антынародны рэжым імкнецца зьнішчыць беларускую мову і культуру, сьцерці з твару зямлі Курапаты — сьлед расейскага злачынства на беларускай зямлі, імкнецца вычварыць і разбурыць душу нашай моладзі. Велізарныя сродкі Крэмль кідае на правакацыі і злачынныя апэрацыі па ўсім сьвеце замест таго, каб рэалізаваць гуманітарныя праграмы і дапамагчы мільёнам расейскіх сіратаў, інвалідаў і беспрытульных. Рускі народ вымірае нябачанымі ў сучаснай Эўропе тэмпамі, ідзе татальная крыміналізацыя расейскага грамадзтва. І ў такую краіну ворагі Беларусі хочуць запхнуць наш народ?! Памяць аб мільёнах беларускіх ахвяраў павінна натхняць нас на абарону Бацькаўшчыны. Ня будзе беларус змагацца за шалёную расейскую імпэрыю на Каўказе, ня будзе служыць прыгнятальнікам. Паводле прыроднага права, паводле нашай Канстытуцыі мы будзем абараняць Беларусь, нашу мову, культуру, нашых дзяцей і ўнукаў ад расейскай агрэсіі. Каб не паўтарыўся тэрор расейскага НКВД, каб не паўтарыліся Курапаты. Псэўдаапазыцыя езьдзіць у Маскву, дзе раіцца з лютымі ворагамі, як лепш, чым Лукашэнка, “інтэграваць” Беларусь у Расею. Гэтая дзейнасьць падстаўной апазыцыі ёсьць фактам нацыянальнай здрады. Нельга дапускаць да ўлады гэтых срэбралюбных здраднікаў. На прэзыдэнцкіх выбарах 2006 годзе наш народ павінен зрабіць свой сапраўдны выбар, усім нам трэба згуртавацца вакол лідэра беларускай нацыі — Зянона Пазьняка. Гэта ён адкрыў праўду пра Курапаты ўсяму сьвету. Пад ягоным кіраўніцтвам Беларусь вярнула сябе незалежнасьць у 1991 годзе. Пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка беларусы цяпер вядуць змаганьне за сваю волю супраць расейскай агрэсіі і марыянэткавага рэжыму. Будучыня нашай Радзімы прыўкрасная ў сямьі эўрапейскіх цывілізаваных народаў, а не ў расейскім палоне.

Пасьля сканчэньня мітынгу людзі прасьпявалі гімн “Магутны Божа” і ўсталявалі крыжы на магілах ахвяраў, працягваючы стварэньне Народнага Мэмарыялу ў Курапатах.

30 кастрычніка 2005 г.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ