БЕЛАРУСАМ КАНАДЫ

Дарагія землякі! Віншую ўсіх з урачыстым адкрыцьцём 40-га Агульнага зьезду Згуртаваньня беларусаў Канады!

Няхай магутна жыве наш Беларускі вольны дух! Беларусь будзе вечна, пакуль будзем мы. Таму ўсюды, дзе б мы не былі і куды б не закінуў нас суровы лёс, хай квітнее ў душы сьветлы вобраз — наша дарагая Бацькаўшчына! Колькі магчыма ўспаможам яе ў цяжкі час нашымі добрымі справамі і нашай любовяй!

Цяперака нішчыцелі нашай Айчыны асабліва насіляюцца, каб вынішчыць нашу вялікую Беларускую Мову. Нішчыцелі ведаюць, што мова — гэта нацыя і што пакуль яна жыве — жыве Беларусь.

Нічога не атрымаецца ў нішчыцеляў. Змагаймася! Кожны беларус можа ўспамагчы свой народ. Дзеля гэтага ня трэба нават займацца палітыкай. Гэта так проста: кожны беларус ўвесь час, усюды і заўсёды павінен гварыць па-беларуску. І як толькі так станецца, то абрынецца, рассыпецца, як пясок, уся іхняя інтэграцыя і акупацыя, цемра і лукашэншчына. Сіла ў нас самых. Тутака, у Канадзе ды ў Амэрыцы, дзе беларус больш свабодны ў духу сваім, памятайма пра гэта і карыстайма з духоўнай свабоды.

Набліжайма сьветлы час, калі ўсе сусьветныя беларусы змогуць вярнуцца, спаткацца ў сваёй вольнай шчасьлівай Беларусі — яна стала нашай калыскай і станецца нашым раем.

Няхай добра адбудзецца ваш Зьезд! Няхай радасна будзе ўсім вам разам!

Жыве Беларусь! Вечна жыве! Слава героям!

29 кастрычніка 2005 г.

Зянон Пазьняк

Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ