“ГАЗАВЫЯ ЎГОДКІ” Ў МАСКВЕ

26 кастрычніка споўнілася роўна тры гады з дня дзікай газавай атакі, якую арганізавала ў Маскве ФСБ, “вызваляючы” закладнікаў у тэатры на Дуброўцы. Тады загінула больш за 300 асобаў; тыя, хто ацалеў, сталіся калекамі (там загінулі і пацярпелі таксама й беларусы, што паехалі былі ў Маскву “па культуру”). НТВ прызналася, што галоўным пытаньнем ўгодкаў трагедыі для семьяў ахвяраў было наступнае — як не дапусьціць удзелу ўладаў (якія ўжо ня раз наладжвалі на крывавым месцы крывадушныя пампэзныя шоў) у мэмарыяльных мерапрыемствах? Вось да чаго дажылася Масква і ўся Расея.

У нямногіх грамадзянаў РФ, якія ўрэшце разабраліся, што дзяржавай кіруюць злачынцы, няма даверу да гэтай дзяржавы і яе кіраўніцтва. Яны яшчэ не паўсталі супраць гэбізму, але ўжо ўсёй душой ненавідзяць гэтую сатанінскую сістэму, якая зьнішчыла і скалечыла іхных блізкіх. У адрозьненьні ад мінулых угодкаў улады ня надта й настойвалі на дзяржмерапрыемствах, імкнучыся як мага хутчэй затаптаць памяць пра гэбоўскае злачынства. СМІ пралапаталі нешта пра “хвіліну маўчаньня”, пра трыста галубоў, выпушчаных у маскоўскае неба. На самай справе да мэмарыяльнай шыльды ўскладалі кветкі, выпускалі птушак і маўчалі чалавек 250-300 — былыя закладнікі і сямейнікі ахвяраў. Усёй астатняй Расеі ўсё гэта было “да фені”, кожны займаўся сабой. Дзярждума прыслала ад сябе адзінага хіба што дэпутата, якога абражаныя людзі ў любой сітуацыі не маглі б абпляваць — папулярнага ў савецкім народзе сьпевака-лірыка Кабзона (астатнія пабаяліся справядлівага лінчу). А вось абражаныя грамадзяне ўжо не баяцца лубянскіх монстраў. Маладая дама ў чорным, ня крыючыся, казала ў тэлекамэру: “Майго мужа расстралялі ў першы дзень трагедыі. Дагэтуль мне не паведамілі, як гэта здарылася і чаму? Ён быў афіцэрам ФСБ...” СМІ таксама прызнаюць, што “за тры гады ўлады так і не зрабілі тлумачэньняў пра падзеі на Дуброўцы, дагэтуль невядомая агульная карціна трагедыі...” Вось гэта “страна”! Хаця што тут зьдзіўляцца? Пасьля таго адбылося яшчэ столькі кашмарных трагедыяў рэжысуры і выкананьня ФСБ, што “пра ўсё й не раскажаш”.

Валеры Буйвал