УЛАДЫ ДАЗВОЛІЛІ “ДЗЯДЫ” 30 КАСТРЫЧНІКА ШЭСЬЦЕ І МІТЫНГ У КУРАПАТАХ

29 і 30 кастрычніка адбудзецца шэраг мэмарыяльных мэрапрыемстваў, прымеркаваных да Дзядоў і Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Як рыхтуюцца да іх актывісты палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў?

Асноўная жалобная акцыя адбудзецца ў нядзелю 30 кастрычніка — шэсьце і мітынг у Курапатах. Сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ атрымалі адпаведны дазвол уладаў. Шэсьце на Курапаты будзе праводзіцца ўжо васямнаццаты раз, пачынаючы ад 1988 году, калі пры разгоне акцыі міліцыянты ўжылі сьлезацечны газ. Гаворыць намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі:

Беленькі: “Традыцыйнае шэсьце адбудзецца. Дазвол атрыманы. Маршрут традыцыйны. 10:30 — збор на бульвары Талбухіна, з 14:30 да 17:00 мітынг ва ўрочышчы Курапаты, прысьвечаны Дню памяці продкаў. Людзі павінны памятаць, што нацыя жыве, нацыя мае пэрспэктыву, калі яна памятае сваю гісторыю, калі яна знаходзіць час, каб адысьці ад будзённых справаў і прыйсьці на такія мерапрыемствы. Гэта акцыя ня проста памяці, гэта акцыя, скіраваная ў будучыню”.

Заўтра ж у Курапатах сябры КХП БНФ правядуць традыцыйную талаку, яны будуць прыбіраць тэрыторыю ўрочышча і рыхтаваць лункі для ўсталяваньня крыжоў у нядзелю.

У суботу таксама ўрочышча Курапаты наведаюць актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” і дзьвюх асацыяцыяў ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, якія ўшануюць памяць пакутнікаў сталінскага рэжыму. Гэтая акцыя прымеркаваная да Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, які штогод адзначаюць актывісты грамадзкай ініцыятывы. Гаворыць гісторык Ігар Кузьняцоў:

Кузьняцоў: “Мы зьбіраемся ў раёне каменя, зь якога зьнікла мэмарыяльная табліца “Тут будзе ўсталяваны помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў”, і ўсе мерапрыемствы будуць зьвязаныя з адкрыцьцём гэтага мэмарыяльнага знаку. Зьмест новага знаку будзе такі: “Ахвярам сталінскага рэжыму”, ніжэй надпіс: “Той, хто мае Бога ў сэрцы, не дапусьціць новых Курапатаў”.

Сёньня ж актывісты аб'яднаньня “Моладзь БНФ” рыхтуюцца да таго, каб заўтра ўскласьці кветкі і запаліць сьвечкі ў парку Чалюскінцаў ля крыжа, усталяванага на месцы расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Гаворыць старшыня аргкамітэту “Моладзі БНФ” Алесь Каліта:

Каліта: “Цяпер я знаходжуся ў парку Чалюскінцаў каля Крыжа ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Рыхтую лункі пад сьвечкі, якія будуць пастаўленыя заўтра. Прыбраў трохі тэрыторыю. Цяпер рыхтую дрэўкі пад сьцягі. 29 кастрычніка а 19-й гадзіне мы зьбіраемся каля прахадной гадзіньнікавага заводу і рушым сюды да крыжа, каб ушанаваць памяць загіблых”.

Ганна Соусь, Радыё “Свабода”