ФАШЫЗАЦЫЯ РЭЖЫМУ

Фашызм як і камунізм зьява на Беларусі чужародная, паходзіць з Расеі, адбівае расейскія інтарэсы, інсьпіруецца расейскай агентурай. Цяпер дзеяньні супраць беларускай культуры робяцца пасьлядоўна і агрэсіўна, паўсюдна падтрымліваюцца існуючай уладай.

Вось некалькі фактаў за апошнія два дні:

27-га кастрычніка лукашэнкаўскія “палаткі” прынялі ў першым чытаньні законапраект “Аб супроцьдзеяньні экстрэмізму”. Але зь яго вынікае, што ўсялякая грамадзка-палітычная дзейнасьць можа па гэтым законе прыраўнівацца да “экстрэмізму”.

Генэрал-маёр КГБ В. Дземянцей афіцыйна заявіў у “палатках”:

“Ёсьць шмат фактаў, якія сьведчаць пра тое, што асноўным аб'ектам памкненьня спэцслужбаў замежных краінаў, прынамсі, амэрыканскіх, зьяўляецца дэстабілізацыя сытуацыі ў Беларусі. Выпрацавана пэўная тактыка, ажно да інтэрвэнцыі”. (Такія глупствы звычайна гаворацца для апраўданьня ўнутранных рэпрэсіяў.)

Улады не дазволілі правесьці зьезд ТБМ у Доме Літаратара ў Менску. Пры гэтым нехта пабіў у ТБМ дзьверы і шыльду.

Раздача партыйных газэтаў і літаратуры рэжым прыраўняў да хуліганства. За распаўсюджваньне партыйных газэтаў быў арыштаваны і засуджаны вядомы віцебскі змагар з рэжымам фронтавец Уладзімер Плешчанка.

Тамаш Ракса, Паводле радыё і газэтаў