ДЖЭЙМС ВУЛСІ ПРА РАСЕЮ

Былы кіраўнік амэрыканскай няўрадавай арганізацыі “Freedom House”, былы дырэктар ЦРУ Джэймс Вулсі на пытаньне карэспандэнта радыё “Свабода” пра Расею сказаў:

Вулсі: “Нам трэба зьмяніць эканамічны падмурак адносінаў паміж Расеяй і рэштай сьвету, пазбаўляючыся залежнысьці ад нафты. Дарэчы тое ж самае тычыцца адносінаў Саудаўскай Арабіі з рэштай сьвету. Адна з прычынаў, чаму эўрапейцы так прыязна паводзяць сябе ў адносінах да Расеі, гэта тое, што Расея мае шмат нафты. Разам з былым дзяржсакратаром ЗША Джорджам Шульцам мы падрыхтавалі справаздачу, у якой прапануем вельмі хутка пераходзіць на выкарыстаньне гібрыдна-электрычных аўтамабіляў, асабліва з функцыяй хуткага падключэньня, каб палову энэргіі, яны атрымоўвалі з электрасеткі. Мы прапануем як мага хутчэй з урадавай падтрымкай пераходзіць на розныя віды біяпаліва — такія, як этанол з цэлюлозы, дызэльнае паліва з адкідаў. Калі цягам наступнага дзесяцігодзьдзя ня толькі Расея, але й Саудаўская Арабія ды іншыя дзяржавы, якія здабываюць нафту, пабачаць, што імпартэры маюць усё менш патрэбы ў іхнай нафце, калі яны пабачаць, што паляпшаецца сытуацыя са спажываньнем паліва і з альтэрнатыўнымі відамі паліва, тады яны будуць сябе паводзіць больш памяркоўна. І прэзыдэнт Пуцін, і саудаўцы лічаць, што маюць кантроль над рэштай сьвету, дзякуючы сваім запасам нафты і сваёй пазыцыі двух найвялікшых экспартэраў нафты. Мы павінныя зрабіць усё магчымае, каб пазбавіць іх гэтай крыніцы улады”.

Радыё “Свабода”