ПЛЯНУЮЦЬ ЛІКВІДАВАЦЬ БЕЛАРУСКІЯ ТЭАТРЫ
На гэтай партыйнай старонцы нашыя чытачы могуць прачытаць некаторыя разьдзелы з маёй працы “Прамаскоўскі рэжым”, дзе гаворыцца пра механізм этнацыду і паказваецца як існуючы рэжым плянава і пасьлядоўна вынішчае беларускую культуру. Вось чарговы прыклад. Плянуюць ліквідацыю беларускіх тэатраў. Першым хочуць перавесьці на расейшчыну Беларускі Тэатр Юнага Гледача ў Менску.
Пра гэта глядзі ніжэй матэрыял Валянціны Аксак (радыё “Свабода”, 25 кастрычніка 2005 г.).
Тэатр юнага гледача зьбіраецца пераходзіць на расейскую мову
Рашэньне пра гэта прыняла некалькі дзён таму мастацкая рада тэатру. Гэтае рашэньне, аднак, кіраўніцтвам ТЮГу не афішуецца, і ніяк не камэнтуе яго ўпраўленьне культуры Менгарвыканкаму, у чыім падпарадкаваньні цяпер тэатар знаходзіцца.
Дырэктар тэатру Юры Бутта прынятае мастацкай радай рашэньне пацьвердзіў, аднак зазначыў, што яно ня мае абавязковае сілы.
Бутта: “Мастацкая рада мае дарадчы характар. Ну яны так сабе памеркавалі там, нешта прыдумалі. Ну і што? Вырашае мастацкае кіраўніцтва і адміністрацыйнае кіраўніцтва”.
Пры гэтым дырэктар дадаў, што на экспэрымэнтальнай сцэне тэатру ўжо некалькі сэзонаў ідуць спэктаклі ня толькі па-беларуску.
Бутта: “Ёсьць у мяне экспэрымэнтальная сцэна, дзе можна рабіць і моўныя экспэрымэнты. У мяне там і француская мова гучала, і расейская, і беларуская”.
Што ж да зьмены мовы спэктакляў на асноўнай сцэне, то дырэктар ТЮГу выказваецца асьцярожна — маўляў, пакуль што яны ставяцца па-беларуску.
Бутта: “На асноўнай сцэне іграюцца спэктаклі пакуль, вось да сёньняшняй нашай з вамі размовы, на беларускай мове. Пакуль працуем на гэтай мове, на якой працавалі з 12 красавіка 1956 году”.
Рашэньне мастацкае рады Тэатру юнага гледача ва ўпраўленьні культуры Менгарвыканкаму камэнтаваць адмовіліся. Намесьнік начальніка ўпраўленьня Анатоль Сабітаў сказаў, што гэта ўнутраная справа калектыву.
Сабітаў: “Гэтай інфармацыі даваць ня буду, спытайце ў іх”.
А вось як пракамэнтаваў рашэньне тюгаўцаў адзін са сталых аўтараў тэатру драматург Пятро Васючэнка, чыя п'еса “Рыцар ордэна Сонца” ўжо трэці сэзон карыстаецца посьпехам юных гледачоў:
Васючэнка: “Гэтую навіну я пачуў з вашых вуснаў, з самога тэатру навінаў няма. Але калі такое напраўду здарылася, дык я не магу ўхваляць гэтае рашэньне. І калі б я ўдзельнічаў у абмеркаваньні гэтага пытаньня, то прывёў бы наступныя аргумэнты. Тэатар мае, па-першае, сваю традыцыю, ён ня ў гэтым годзе заснаваны і традыцыйна працуе, як беларускамоўны.
Па-другое, калі такое рашэньне прымаецца, апытваецца больш шырокае кола зацікаўленых асобаў, у тым ліку ёсьць беларускія драматургі, ёсьць беларуская рэжысура, Саюз тэатральных дзеячаў, Міністэрства культуры — тэатар жа дзяржаўны. І ёсьць, нарэшце, думка гледачоў”.
Зянон Пазьняк