У КУРАПАТАХ СЯБРЫ КХП БНФ ПРАВЯЛІ ТАЛАКУ

22 кастрычніка сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ правялі ва ўрочышчы Курапаты талаку напярэдадні Дзядоў. На талацэ пабывала карэспандэнтка радыё “Свабода” Ганна Соўсь:

“Ва ўрочышчы Курапаты дагэтуль ляжаць некалькі дзясяткаў дрэваў, паваленых падчас жнівеньскага ўрагану. Тыя, што паваліліся блізу кальцавой дарогі, ужо прыбралі работнікі Ждановіцкага лясьніцтва, а вось з правага боку Крыжовай алеі бярозы гэтак і ляжаць ўжо амаль трэці месяц. Гальлё зь іх абразаюць і потым паляць сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, але, каб прыбраць самі дрэвы, неабходна іх расьпілаваць і вывезьці, а для гэтага патрэбна адмысловая тэхніка. Сталы ўдзельнік курапацкіх талокаў актывіст КХП БНФ Уладзімер Юхо згадвае, што падчас урагану, калі валіліся дрэвы, курапацкія крыжы амаль ўсе засталіся некранутымі, і гэта вельмі сымбалічна. Уладзімер Юхо працягвае:

Юхо: “Сёньня сябры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ праводзяць чарговую талаку ў Курапатах. Трэба адзначыць, што ўсё лета талокі праводзіліся кожную суботу. Мінімум 5 чалавек тут працавалі. Таму Крыжовая алея падтрымлівалася ў добрым стане. Двойчы давялося касіць траву на алеі каля крыжоў. Да Дзядоў мы навядзем яшчэ большы парадак тут, прыбярэм усё, каб людзі, якія прыйдуць адзначаць Дзяды, бачылі плён нашай працы”.

У наступную нядзелю, 30 кастрычніка, адбудзецца шэсьце і мітынг у Курапатах, прымеркаваныя да Дня памяці продкаў. Адпаведную заяўку падалі ў Менгарвыканкам і Менаблвыканкам сябры КХП БНФ. Плянуецца, што ў гэты дзень ва ўрочышчы будуць устаноўленыя некалькі дзясяткаў крыжоў. Лункі пад іх ужо падрыхтаваныя. Уладзімер Юхо гэтаксама паказвае мне крыж ля кальцавой дарогі, які паставіў нядаўна ягоны ўнук у памяць пра свайго прадзеда, які пацярпеў ад сталінскіх рэпрэсіяў.

Мой наступны суразмоўца — сябра КХП БНФ Георгі Ярашук:

Ярашук: “Чаму я сёньня прыйшоў? Гэта мой штодзённы абавязак перад загінулымі, забітымі беларусамі, якія змагаліся за нашу волю, наша шчасьце, за наш народ. Таму я й прыйшоў — ушаноўваць памяць нашых продкаў”.

Інфармацыйная камісія КХП-БНФ