БЕЛАРУСКІ ТЭАТР

19-га кастрычніка ў тэатральнай залі ў Брукліне адбыўся гастрольны выступ Нацыянальнага Акадэмічнага Драматычнага Тэатра імя Якуба Коласа Зь Віцебску. Перад ўваходам ў тэатр гледачоў сустракаў хлопчык ў нацыянальным адзеньні зь Бел-Чырвона-Белым Сьцягам (малодшы Сокалаў-Воюш). Паказвалі адразу два спэктаклі. Пасьля заканчэньня гледачы, стоячы доўгімі воплескамі віталі артыстаў. Карэспандэнтка радыё “Свабода” Галіна Прыгара зьмясьціла на радыё рэпартаж пра гэтую падзею: “Коласаўцы ў Нью-Ёрку: посьпех пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам.” Ніжэй вытрымкі з рэпартажу.

“Коласаўцы далі два спэктаклі: “Арышт, альбо От цо да”, і “Шагал, Шагал...”.

Першай на сцэне гледачы пабачылі сымбалічную п'есу Сакрата Яновіча пра трагічны лёс Браніслава Тарашкевіча “Арышт” (рэжысэр Віталь Баркоўскі). Гледачу давялося прыгадаць гістарычны кантэкст, калі ў Заходняй Беларусі беларусы змагаліся супраць апалячваньня, адстойвалі сваю беларускасьць у турмах. Дый на тэрыторыі савецкай Беларусі таксама змагаліся ў турмах савецкага НКВД. Праходзілі людзі праз прыніжэньні і катаваньні, што і было адлюстравана на сцэне. Шмат якія маналёгі з вуснаў Браніслава Тарашкевіча пра нацыянальную годнасьць, самасьвядомасьць, Незалежнасьць ды дзяржаўнасьць Беларусі адсюль, зь Нью-Ёрку, успрымаюцца вельмі актуальна.

Гульня актораў спынялася воплескамі. Былі моманты, калі заля гатовая была ўстаць. Каля сцэны лунаў бел-чырвона-белы сьцяг, а на вачах асабліва эмацыйных гледачоў-эмігрантаў былі сьлёзы.

Старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Антось Шукелойць, які сам прайшоў за сваю беларускасьць праз НКВД, заўважыў у камэнтары “Свабодзе”, што вельмі ўражаны спэктаклем “Арышт”. А Зянон Пазьняк (які ў свой час абараніў дысэртацыю па гісторыі тэатру) адзначыў надзвычай высокае майстэрства актораў, а таксама выдатную рэжысуру.

Пазьняк: “Мае ўражаньні надзвычай добрыя. Я спадзяваўся горшага. Мне думалася, што нейкі можа быць рэгрэс. Але я ўбачыў тэатар высокай культуры, тэатар сталічнага ўзроўню, добрай гульні актораў і высокай рэжысуры. Асабліва што датычыць “От цо да” па Сакрату Яновічу. Выдатна! І ўсім вельмі спадабалася. Трэба сказаць, што публіка ў асноўным была сучасная эміграцыя, якая добра разумее і ўспрымае тэатар. Так што вельмі прыемнае ўражаньне засталося і аптымістычнае. Таму што калі разьвіваецца творчасьць, асабліва тэатральная, дык гэта гаворыць аб унутраным стане нацыі. Бо тэатар — гэта нацыя, як правільна некалі сказаў расейскі драматург Астроўскі”.

Варта прыгадаць, што спэктакль “Шагал, Шагал...” атрымаў першую прэмію на тэатральным фэстывалі ў Эдынбургу”.

Інфармацыйная камісія КХП-БНФ