ВАЛЕРЫ БУЙВАЛ: “ПРЫВАТНЫ ДЗЁНЬНІК”
Асабістымі развагамі пра пражытае і перажытае на мінулым тыдні дзеліцца Валеры Буйвал — мастацтвазнаўца, літаратурны перакладчык, сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ.
Нядзеля, 16 кастрычніка
Нехта з гісторыкаў напісаў быў у мінулым стагодзьдзі, што ў асэнсаваньні драмы Пэляпанэскай вайны для яго цікавей было б пазнаёміцца не з “Гісторыяй” Фукідыда, а з мэмуарамі раба Фукідыда (зь дзёньнікам зоркі ня першай велічыні, а малюпасенькай іскаркі ў цемры часу, што зіхаціць, згаснуўшы даўно). Цікава, як жа будзе сьвяціцца наш час праз тысячагадовыя адлегласьці, ці заўважаць зямныя істоты нашае сузор'е — ягоны заблытаны рысунак, ягонае няроўнае зьзяньне, аточанае глухой цемрай? Можа, перадавая навука створыць нават авангардную дысцыпліну — палітычную астраномію?
Лезе ўсялякае ў галаву...
Паўстагодзьдзя пражытага жыцьця — ясна, што не галяктычныя памеры існаваньня, дробязь і пшык на фоне вечнасьці. А ўсё ж прыемна, што ўдалося пабачыць сьвет, людзей, шэдэўры мастацтва (“Сыкстынскую Мадонну” Рафаэля, “Майсея” Мікелянджэлё, старонкі ірляндзкай Бібліі “Book of Kells”, залатую пагаду Шуэдагон у Рангуне...), стацца разам са сваім пакаленьнем сьведкам цывілізацыйных катаклізмаў і шараговым удзельнікам працэсу развалу адной фэадальнай імпэрыі. Я мог бы сказаць далёкім нашчадкам: “чытаю радкі быкаўскіх твораў, а ў душы гучыць не адзін раз чуты, жывы голас Васіля Ўладзімеравіча”.
Восень жыцьця, як і кастрычнік на двары, дыктуе свае законы. Гэта вам не прадвесьне, поўнае спадзяваньняў і ілюзіяў, лёгкіх думак і рэзкіх дзеяньняў. Але і ў восеньскім краявідзе свая яркасьць і краса, трэба радавацца сабранаму ўраджаю досьведу і стабільнасьці абранага шляху.
Панядзелак, 17 кастрычніка
Едзем з Таняй у Сьмілавічы. Мястэчка згадваецца ва ўсіх сур'ёзных энцыкляпэдыях. Маленькі беларускі Ерусалім. Радзіма экспрэсіяніста сусьветнай славы Хайма Суціна, які жыў у майстэрні ў Парыжы побач з Пікасо і маляваў бычынай крывёй, шукаючы чырвоную дамінанту на сваіх палотнах. У іншай краіне вялікаму габрэйскаму суайчыньніку стаяў бы бронзавы помнік, і ня толькі на малой радзіме, а і ў сталіцы (замест якога-небудзь Калініна ці Кірава).
У сёньняшніх Сьмілавічах шмат сонца, мала людзей, ціша — можа гэта ад стомленасьці сваёй уласнай гісторыяй? Аднак наша мэта — старыя могілкі за межамі мястэчка. Месяц таму памёр Ібрагім Канапацкі, адзін з інтэлектуальных лідэраў сёньняшняй Беларусі. Кладзем на магілку кветкі. Чытаю мусульманскі сымбаль Веры, што арабскай вязьзю накрэсьлены на кожным надмагільлі Ібрагімавых сваякоў і суседзяў — словы аб Богу, міласьцівым і чалавекалюбным. Менавіта спадар Ібрагім навучыў мяне чытаць арабскае пісьмо, адкрыў багацьце Кур'ану, зусім невядомае мне, постсавецкаму чалавеку. Мусульманскія пахаваньні побач з могілкамі праваслаўных сьмілаўцаў. А часам крыж стаіць побач з кур'анічнай плітой (ня ведаю, ці можна ўбачыць такое яшчэ ў якім кутку сьвету?!). Гэта — сямейнае пахаваньне, людзі жаніліся, жылі разам, і пажадалі пасьля сьмерці быць побач. Тут ня проста “талерантнасьць”, а нешта больш значнае.
Цуд Гасподні! Вітаўт Вялікі пасяліў татараў на нашай зямлі ўжо сем стагодзьдзяў таму. А гэты, здавалася б, чужы этнас пачаў пісаць па-беларуску арабскімі літарамі свае Аль-Кітабы і захаваў спрадвечныя формы беларускай мовы, якія без татараў забыліся б даўным-даўно. Якая пазытыўная энэргія ў нашай зямелькі, якая станоўчая моц!
Пра гэта думалася над магілай выдатнага беларуса Ібрагіма.
Аўторак, 18 кастрычніка
На аўтавакзале пасярод мітусьні разгаварыўся зь дзядком, які чакаў свайго аўтобуса (і вось не спытаў, адкуль ён, як ягонае імя?). Гэты вэтэран не праклінаў нацыяналістаў і не заклікаў да славянскага адзінства. Наагул, рарытэтны тып, такіх засталося зусім мала. Ён удзельнічаў у фінскай вайне 1939-1940 гадоў. Маскоўская імпэрыя пагнала тады беларускіх юнакоў і мужчын (ня першы і не апошні раз) у першых шэрагах на заваяваньне чужой тэрыторыі, на скарэньне іншага народу.
Днямі па тэлевізіі паказвалі дзьвюхсэрыйную стужку, створаную фінскімі кінамастакамі да 50-х угодкаў тых падзеяў. Шэдэўр быкаўскага драматычнага рэалізму па сваім стылі і духу. Лёс аднаго батальёну фінскіх добраахвотнікаў, які трымаў фронт, адбіваючы атакі савецкіх дывізіяў. Саветы адным са сьнежаньскіх дзён п'яным рыкам і стралянінай сьвяткавалі дзень народзінаў свайго сатаны Сталіна. А праз колькі дзён па ўсім фронце над фінскімі пазыцыямі магутна гучэлі гімны ў славу Хрыста — эўрапейскі народ сустракаў Каляды. Вось кантраст, які ўбачылі нашыя дзяды ў Запаляр'і і Карэліі.
Дзіва, але ў майго дзядка няма нянавісьці да тых фінаў (фіны, пэўне ж, ня немцы). Згадваючы былое, ён прыбадзёрваецца і гукае: “Фіны! Вось гэта ваякі! Стралкі, лыжнікі, як ваявалі!..”
Успомнілася й мне, як пагналі нас на бранку пад “Прощание славянки” за дзьве тысячы кілямэтраў у Скандынавію на нарвэскую мяжу. Няма вайны, а кантраст той жа: на расейскім баку панаваньне чорнай і шэрай фарбаў, п'янь, бруд і мацюкі. Некалькі сотняў мэтраў — і на тых жа камянях вясёлыя белыя і чырвоныя домікі нарвэжцаў, арганізаванасьць і парадак. Так хацелася гукнуць нешта свайму равесьніку за калючым дротам — “патэнцыйнаму ворагу з НАТО”. Я ўжо тады ўмеў чытаць па-нарвэску іхнага Ібсэна і быў гарачым прыхільнікам нарманскай тэорыі нашай гісторыі.
Серада, 19 кастрычніка
Дзень кабінэтнай працы. Каталіцкі часапіс “Наша Вера” запрапанаваў весьці рубрыку пад тытулам “Галерэя”. Гэта значыць, расказ аб адной карціне, каб з часам склалася часапісная галерэя твораў. Няма большай радасьці для мастацтвазнаўцы за гэты дыялёг. Карціна, як жывая істота, як крыніца праўды і прыгажосьці, як сьвет у сабе. Ужо напісаў быў пра творы Дурэра і Бэліні, Босха і Тржэбоньскага Майстры. Сёньня — дыялёг з Нуна Гансалвэшам, найвялікшым жывапісцам Партугаліі эпохі Адраджэньня.
Дыялёг наладзіўся. Героі Гансалвэша на нячутнай мове жывапісу распавядаюць пра свой час і сваю краіну, пра народ, што ледзь ня зьнік, ледзь не растварыўся ў засені вялікага гішпанскага суседа, які падмяў і падпарадкаваў іншых жыхароў Пірэнэйскага субкантынэнту: баскаў, каталёнцаў, астурыйцаў. Але партугальцы здолелі абараніць сваю незалежнасьць, мову, культуру і традыцыю. Цяпер Партугалія — дэмакратычны дзяржаўны арганізм, салідарны народ, верны сваёй культуры.
Дыялёг вядзе далей, да навуковай фантастыкі (хаця гэта й забаронены шлях у мастацтвазнаўчай навуцы). Было б цудоўна, калі б у нашым сталічным мастацкім музэі захоўваўся шэдэўр якога-небудзь равесьніка Скарыны — партрэтны вобраз эліты беларускага Рэнэсансу: Радзівілы, Сапегі, Пацы, Глябовічы вакол патрона Вільні сьвятога Хрыстафора...
Чацьвер, 20 кастрычніка
Прыехалі італьянскія сябры з арганізацыі “Дапаможам ім жыць”, якая пазнаёміла з Італіяй тысячы беларускіх дзяцей і працягвае аказваць гуманітарную дапамогу нашым людзям. Некаторыя ўпершыню ў Беларусі. А дзьве сыньёры з гораду Равэрэта Адрыяна і Рабэрта ўжо прайшлі ўрокі беларусаведы з нашай дапамогай. Іх ужо не зьдзіўляе, што на правінцыі ў нас можна сустрэць касьцёлы барока, якія і Рым упрыгожылі б. Што Рэнэсанс у Вялікім Княстве ўкараняла іхная зямлячка Бона Сфорца. Што з тае пары, нягледзячы ні на што, італьянская традыцыя жыве ў беларускай культуры. А італьянскія словы palazzo, piazza, castello дагэтуль гучаць у нашай мове і даўно сталіся нам роднымі.
Мы наведваем сем'і, дзе жывуць дзеці-інваліды. Бацькі ня хочуць здаваць гэтых дзяцей у дзяржаўныя прытулкі, браты і сёстры ня хочуць разьвітвацца з малымі, якія, здавалася б, павінны ствараць дыскамфорт у штодзённым жыцьці. Салідарнасьць блізкіх людзей уражвае. Думаеш пра тысячы іншых сем'яў, дзе ўсе нібыта здаровыя і дзелавыя. А ўсё ў іх рассыпаецца, нішто не злучае гэтых у прынцыпе чужых людзей. Як пераадолець адчужэньне ў нашым грамадзтве? Як абудзіць інстынкт (менавіта інстынкт) чалавечай і нацыянальнай салідарнасьці? Мабыць, трэба дзейнічаць “паводле аналягаў”: азірнуцца на сваю славутую мінуўшчыну, павучыцца ў тых жа партугальцаў і італьянцаў, як быць самім сабой і ня блытацца паміж Масквой і Варшавай.
Пятніца, 21 кастрычніка
За штодзённымі клопатамі мяне не пакідае пачуцьце (можа прадчуваньне), што мы стаім на парозе лёсавызначальных падзеяў. Плянэта Беларусь завяршае пэўны цыкль на сваёй арбіце. Пра гэта напісаў Зянон:
Якое чырвонае неба на ўсходзе,
Залоціцца кніг пераплёт,
Дзе напісана,
Як зьменіцца ўсё на Зямлі.
Адзін дзень у тваёй біяграфіі, адзін дзень у жыцьці народу — пясчынка ў клепсыдры. Але так ня хочацца, каб гэты дзень прамінаў марным эпізодам. Для ўсіх нас, што жывуць у Беларусі, ёсьць столькі стваральнай працы дзеля будучыні. Не змарнуйма ж часу!
Валеры Буйвал
21 кастрычніка 2005, Радыё “Свабода”.