А. МІЛІНКЕВІЧ: “УСЕ МАЮЦЬ НАРМАЛЬНЫЯ ЎМОВЫ ЖЫЦЬЦЯ”

15 кастрычніка а 15:00 менскага часу на тэлеэкране замільгала знаёмая фізіяномія “прафэсара”. А. Мілінкевіч даваў інтэрв'ю чэшскаму тэлеканалу СТ24 у пражскай тэлестудыі. Такі усьмешлівы, лагодны, ушчэнт інтэлігентны, такі адзіны і непаўторны “лідэр беларускай дэмакратыі”. Насупраць яго сядзеў і задаваў пытаньні маладзенькі пражскі журналісьцік, які прызнаўся, што “нічога ня ведае пра Беларусь, як і большасць чэхаў”. На ягоныя пытаньні Мілінкевіч “мудра і лагодна” усьміхаўся і адказваў роўна і без эмоцыяў (ён стараецца гаварыць “каротка і ясна” — у тлумачэньні не ўдаецца). Дык вось з усёй ягонай кароткай яснасьці мы зразумелі самае галоўнае. Гаворачы пра свае электаральныя пляны і пра палітыку Лукашэнкі (банальнасьці, накшталт: “апошняя дыктатура Эўропы”, “беларускі народ апантаў страх” і г.д.), “прафэсар” ані разу ня ўжыў слова “Расея” або “расейскі”. Ён, як заўсёды робіць гэтая публіка, прапанаваў чэшскім тэлегледачам вобраз самастойнага дзівака-дыктатара (нават назваў яго “таленавітым дэмагогам, які перамог на дэмакратычных выбарах у 1994 г.”), які вось сам па сабе наладзіў на тэрыторыі Беларусі дыктатарскія парадкі. Галоўнае — на кім трымаецца, на чыіх штыках сядзіць менскі рэжым — “адзіны прафэсар” не згадаў. Журналісьцік спытаўся ў яго пра сацыяльна-эканамічнае становішча ў Беларусі. Ведаеце, што адказаў Мілінкевіч? Цытуем: “Становішча ў гэтым сэнсе нармальнае. Ніхто ў нас не галадае. Усе маюць нармальныя ўмовы жыцьця. Беспрацоўя няма...”.

Ён ня ўспомніў пра мізэрныя заробкі і пэнсіі, пра штодзённую бяду сотняў тысячаў беларускіх семьяў, пра катастрафічны рост колькасьці бамжоў і жабракоў, пра паўтара мільёны нашых “гастарбайтэраў-рабоў”, якія працуюць і гінуць у Расеі, пра разбурэньне эканомікі шляхам расейскага дэмпінгу і штучнай арыентацыі на Маскву, пра дзяцей, якія спажываюць атручаныя прадукты ў чарнобыльскіх раёнах, пра маладых маці, якія здаюць сваю кроў, каб пракарміць малых дзяцей...”. Намэнклятурны монстр усьміхаўся і казаў, што “эканамічная сітуацыя ў норме...”. Журналіст спытаўся ў яго пра беларускую мову (“прафэсар”, зразумела, барабаніў па-расейску). “Лідэр дэмакратаў” нечакана прызнаў, што “супраць беларускай мовы вядзецца вайна...”. Ды толькі не згадаў галоўнае: што вайну вядуць рукамі лукашыстаў расейскія акупанты нашай зямлі. “Прафэсар” працягваў: “Праблема ў тым, што выпускнікі нацыянальных школаў, што скончылі навучаньне ў сярэдзіне 1990-х гадоў ня могуць цяпер уладкавацца на працу...”. Вось і ўсё. Сапраўды, а навошта чэхам расказваць пра факты зьнішчэньня прамаскоўскім рэжымам 85% беларускіх школаў, пра ліквідацыю газэтаў і часопісаў, пра шалёны зьдзек з нашай мовы, пра гвалтоўную русіфікацыю (дарэчы, слова “русіфікацыя” гэты “вялікі сын дэмакратыі” ня ўжыў ані разу — няма такой праблемы)? Гледзячы на прытарную садукейскую ўсьмешачку адзінага Мілінкевіча, успаміналіся такія ж прадажныя і падвойыя дзеячы псэўдаапазыцыі (апошнім часам яны неяк выйшлі з моды): яшчэ адзін прафэсар Хадыка, гладзенькі Вінцучок камсамолец Лябедзька (ён жа Лебедько) ды інш. Агульная ў іх сістэма роўнай і ўпэўненай гаворкі, дзе паўпраўда жыве разам з няпраўдай, дзе схавана галоўнае, а выстаўлена другаснае і зусім ня важнае. Ён, як і яны, гаварыў пра сваю гатоўнасьць вывесьці людзей на вуліцы і “бараніць дэмакратыю”. Гэтыя папы-гапоны ўжо ня раз выводзілі беларусаў на правакацыйныя шэсьці пад дэбільнымі лёзунгамі “За хорошую жізнь”, “За перемены” ды за іншую лухту. Роля гэтай публікі — падлейшая. Правакатаў мяняюць, калі яны канчаткова назаляюць вочы і вушы людзям у Беларусі і на Захадзе. Сьведама і ня сьведама гэтая камарыльля служыць разбуральнікам, непрыяцелям Беларусі. Гэта шкодныя імітатары і дэмагогі, якіх абрыдла слухаць. Нельга давяраць такім людзям.

Валеры Буйвал, Інфармацыйная камісія КХП-БНФ