КАСТРЫЧНІЦКІ СОЙМ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ “АДРАДЖЭНЬНЕ” І КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ

9 кастрычніка ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ.

Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Толькі Беларускае Адраджэньне пераможа чужую навалу” (тэкст прыкладаецца). Выступілі з дакладамі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. Яны ахарактарызавалі палітычную і эканамічную сітуацыю ў Беларусі і па-за яе межамі і задачы партыйнай дзейнасьці. Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны, якія распавялі пра паглыбленьне крызісу рэжыму і росьце пратэстных настрояў насельніцтва. Сойм прыняў Заяву “Псэўдаапазіцыя гуляе ў небеларускую палітыку”.

Псэўдаапазыцыя гуляе ў небеларускую палітыку

Заява

1–2 кастрычніка ў Менску адбыўся так званы “кангрэс дэмакратычных сілаў”. Папярэдне арганізатары паведамлялі ў СМІ, што на мерапрыемства зьбяруцца 400 дэлегатаў. Аднак, у дзень адкрыцьця мерапрыемства дэлегатаў зарэгістравалася ўжо больш за 800. Можна меркаваць, што ў апошні момант “дэлегатаў” сьпешна зьбіралі іншым чынам. Гэтая рыса і шмат чаго іншага сьведчыць аб тым, што мерапрыемства пад назвай “кангрэс” было чарговым шумным шоў антыбеларускай псэўдаапазыцыі.

Арганізатары і ўдзельнікі шоў актыўна падкрэсьлівалі, што ўсіх іх аб’яднала “нелюбоў да Лукашэнкі”. Калі гэта нават і праўда, то больш нічога агульнага ў такіх стракатых, розных палітычных і ідэялягічных групоўках не магло быць (сабраліся камуністы, сацыялісты некалькіх сацыялістычных партыяў, лібэралы і яшчэ дзесяткі розных прадстаўнікоў, якія займаюцца палітычным бізнэсам). Яны ня раз заяўлялі на “кангрэсе” пра сваю вернасьць агульнай дэмакратыі, “демократии вообще”. Яны не забываліся час ад часу заявіць пра “незалежнасьць Беларусі”. Але іхныя словы пра патрыятызм, як заўсёды, ёсьць нічым іншым як рытуальнай рыторыкай. Сымвалічным было адкрыцьцё “кангрэсу”, у зале якога арганізатары афіцыйна не ўсталявалі аніводнага нацыянальнага беларускага Бел-Чырвона-Белага сьцяга, пад якім беларускія патрыёты з 1988 г. вядуць барацьбу за вызваленьне Беларусі. Мерапрыемства адкрыў прамовай на расейскай мове (мове акупантаў Беларусі) старшыня аргкамітэту А. Бухвостаў. І гэта не выпадкова. Ён і іншыя арганізатары “кангрэсу” (А. Лебедзько, А. Дабравольскі, В. Вячорка ды інш.) у апошнія гады рэгулярна езьдзяць у Маскву, дзе даюць інфармацыю расейскім дзяржаўным структурам і спэцслужбам ды атрымліваюць ад іх парады і прапановы. Згаданыя асобы ўжо заяўлялі пра тое, што яны “зробяць інтэграцыю Расеі і Беларусі лепш за Лукашэнку”. Вядома, што ўся гэтая “аб’яднаная дэмакратычная апазыцыя” была ўтворана на прыканцы 1990-х гадоў сумеснымі намаганьнямі палітслужбаў Расеі і Нямеччыны з мэтай аслабленьня нацыянальнага супраціву беларускага народу, дэзынфармацыі і дэзарыентацыі беларускай і міжнароднай грамадзкасьці, з мэтай расколу і зьнішчэньня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Сёлетні “кангрэс” зьявіўся толькі чарговай псэўдакцыяй гэтых псэўдадэмакратаў. Іх аб’ядноўвае адно — жаданьне атрымаць за сваю прыстасавальніцкую дзейнасьць гранты з Захаду і Усходу. Лёс Беларусі, нашага народу іх не цікавіць. Яны гатовыя выканаць любую каманду з Масквы і Брусэлю, хоць бы яна была не на карысьць Беларусі.

Стракатыя “дэмакраты” абралі так званага “адзінага кандыдата”, які, паводле іхніх заяваў, “будзе супрацьстаяць Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах у 2006 годзе”. Гэта — А. Мілінкевіч, якога “незалежная” (ад Беларусі) прэса называе “нацыяналістам, фронтаўцам і патрыётам”. Мусім паведаміць, што А. Мілінкевіч ніколі ня быў сябрам Беларускага Народнага Фронту. Менавіта ягоная дзейнасьць прывяла да дэзарганізацыі структураў Фронту у Горадзенскай вобласьці, дзе ён займаўся палітычным бізнэсам. А. Мілінкевіч шэраг гадоў узначальвае так званы “рэсурсны цэнтар апазыцыі”. Гэта значыць, ён распараджаецца вялікімі грашовымі плынямі, разьмяркоўвае гранты, вырашае, каму даць грошы, а каму ня даць. І адбываецца гэтая “апазыцыйная фінансавая” дзейнасьць ва ўмовах дыктатарскага рэжыму, які забараніў і разграміў шэраг беларускіх газэтаў, часопісаў, вучэльняў, школаў і г.д. А. Мілінкевіч жа беспраблемна вядзе сваю дзейнасьць. Відавочна, што прамаскоўская дыктатура зацікаўленая ў існаваньні такога “цэнтру”. Менавіта А. Мілінкевіч зь ягоным цэнтрам фінансава забясьпечваў кампанію псэўдаапазыці ў кастрычніку 2004 г., калі “апазыцыянэры” разам з рэжымам заклікалі народ ісьці на псэўдарэфэрэндум і “сказаць сваё НЕ Лукашэнку” (гэтым яны забясьпечылі неабходны кворум і магчымасьць дыктатуры сфальшаваць вынікі галасаваньня). Пасьля свайго абраньня “адзіным кандыдатам” А. Мілінкевіч зрабіў некалькі туманных заяваў, з якіх цяжка зразумець ягоную пазыцыю. Адзінае, што абсалютна ясна ў ягонай палітычнай пазыцыі — гэта непрызнаньне факту, што Расея вядзе супраць Беларусі агрэсію, што з боку Расеі ёсьць пагроза нашаму суверэнітэту і незалежнасьці. Для А. Мілінкевіча Расея — “добрый партнёр” і ўсё. Журналісты і сьведкі фінальнай часткі “кангрэсу” пасьпелі ўбачыць, што псэўдаапазыцыйнага “кандыдата” ахоўваюць маладыя афіцэры КГБ. А. Мілінкевіч нават не хавае гэтага і публічна выказаў падзяку “ворганам грамадзкага парадку” і асабіста старшыні КГБ С. М. Сухарэнку (Газэта “Народная Воля”, 7 кастрычніка 2005 г.). А. Мілінкевіч і тыя, хто стаяць за ім — падстаўная псэўдаапазыцыя, якая падманвае беларусаў псэўдаапазыцыйнай рыторыкай і спрыяе здачы Беларусі пад акупацыю расейскаму імпэрыялізму.

Нават у тактычным сэнсе “кангрэс” быў акцыяй прамаскоўскай гульні, таму што ўжо цяпер яшчэ адзін псэўдаапазыцыйны дзеяч А. Казулін зрабіў афіцыйную заяву аб тым, што не прызнае “адзінага” і сам будзе кандыдаваць на прэзыдэнта. Далей такіх заяваў і кандыдатаў зьявіцца яшчэ больш. Усё гэта на справе робіцца не супраць Лукашэнкі, а галоўнае — каб заблытаць грамадзтва і адвесьці ягоны пагляд ад рэальнага кандыдата беларускай нацыянальнай дэмакратыі і беларускага народа — Зянона Пазьняка, бо толькі гэты кандыдат сапраўды выяўляе ідэю і інтарэсы вольнай Беларусі і дэмакратычнай беларускай нацыі. Аналіз сітуацыі паказвае, што Масква зрабіла стаўку на Лукашэнку (лепшага “інтэгратара”, лепшай марыянэткі Маскве ня трэба). Масква нядаўна дала Лукашэнку вялікі крэдыт, які той павінен выкарыстаць на сваю перадвыбарчую кампанію і захаваньне пэўнай стабільнасьці ў Беларусі на гэты пэрыяд. “Кангрэс” — гэтая шумная і бязглуздая акцыя псэўдаапазыцыі ў рамках існуючага прамаскоўскага рэжыму была дапушчана і праведзена з маскоўскім прыцэлам. “Адзіны кандыдат” будзе актыўна забясьпечваць Лукашэнку чарговую “элегантную перамогу” на чарговых сфальшаваных выбарах.

Нас зьдзівіў факт прысутнасьці на “кангрэсе” шэрагу прадстаўнікоў дыпляматычных місіяў, акрэдытаваных у Беларусі. Зьдзіўляе таксама факт актыўнага віншаваньня “кангрэсу” з боку замежных дэмакратычных партыяў і кіраўнікоў. Замест уважлівага аналізу фактаў і падзеяў у Беларусі палітыкі дэмакратычных краінаў бяздумна падтрымліваюць чарговую акцыю дыктатарскага рэжыму і расейскіх спэцслужбаў.

Дыктатарскі рэжым на Беларусі ня мае будучыні, расейская імпэрыя развальваецца. Гістарычны працэс ня ўдасца спыніць або павярнуць назад. Беларускія патрыёты будуць абараняць незалежнасьць Беларусі ад расейскага імпэрыялізму і ягоных паслугачоў, нягледзячы на тупіковае неразуменьне сітуацыі шэрагам замежных палітыкаў.

Няма веры падстаўным і прадажным псэўдаапазыцыянэрам. Толькі народная Беларуская Салідарнасьць на грунце Беларускай ідэі і беларускай вольнай дзяржавы ёсьць шляхам да вызваленьня і дэмакратыі ў Беларусі.

Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

9 кастрычніка 2005 г.

Менск

Толькі Беларускае Адраджэньне пераможа чужую навалу

Паважаныя сябры Сойму Беларускага Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Вітаю вас у Бацькаўшчыне! Зычу вам упэўненасьці і здароўя. Няхай большаюць нашыя шэрагі і мацнее рух!

Нядаўна мы былі сьведкамі чарговага спэктаклю палітычнай імітацыі, якая стала цяпер сродкам лібэральна-гэбоўскай палітыкі. Маецца на ўвазе так званы “дэмкангрэс” падстаўной апазыцыі. Вось дзе добра відаць вынік і ўзровень шкоднай працы з усходу і захаду.

Калі адкінуць уражаньні і не зважаць на тое, што там казалася, то ацэнка наша такая: першы крок апэрацыі “адзіны кандыдат” Масква ўжо зрабіла (хаця гэта патрабаваньне Брусэлю, але купоны стрыжэ Масква).

Трэба мець на ўвазе тры разбуральныя задачы, якія выконвае гэты плян і ягоныя выканаўцы зь вікаўскай апазыцыі.

Найперш была абмежаваная магчымасьць уплыву нацыянальна актыўных людзей на народ. (Асьветніцтва — самае галоўнае, што трэба было заранёў рабіць перад выбарамі). Замест гэтага амаль цэлы год нешматлікія актывісты вымушаныя былі займацца толькі сабой (у паўсакрэтных умовах выбіралі “адзінага кандыдата”).

Гэтыю сітуацыю бесперашкодна выкарыстаў рэжым Лукашэнкі, умацаваў свае пазыцыі ў электараце шэрагам рэальных захадаў.

Другі мамэнт. Стварэньнем малаведамых “адзіных кандыдатаў” (за якімі паўпрацэнта падтрымкі) рэжым робіць бачнасьць нібыта дэмакратычнай сітуацыі ў краіне і роўных магчымасьцяў, рыхтуе сабе квазідэмакратычны фон для “элеганцкай перамогі”.

І трэці, галоўны аспэкт антыбеларускага пляну — “адзіны кандыдат” ад “дэмпартыяў” ствараецца ня супраць Лукашэнкі, а супраць кандыдата, які будзе прадстаўляць усю Беларусь, Беларускую ідэю, Адраджэньне, Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух. Рэжыму неабходна распалавініць сьведамы беларускі электарат. З вылучанай на адзінага кандыдата асобы (А. Мілінкевіч) адразу пачынаюць ляпіць быццам бы “нацыяналіста”, прыдумалі нават, што ён быццам бы быў у БНФ і г.д. (хаця ён шкодзіў Фронту, і мы памятаем, як). Тут дакладна такая ж схема, як у 2001 годзе, калі падстаўным супраць мяне выставілі горадзенскага С. Домаша (бо і Пазьняк горадзенскі). Дарэчы, А. Мілінкевіч кіраваў тады выбарчым штабам С. Домаша. Яны гэтай антынацыянальнай справай і займаліся ў якасьці нібыта “нацыяналістаў”. Калі стала зразумела, што асноўны супернік рэжыму ня будзе ўдзельнічаць у выбарах, тады Домаша адсунулі (бо патрэбны быў Ганчарык). Пасьля выкананьня заданьня С. Домаш нават палітыкай перастаў займацца.

Цяпер выплыў А. Мілінкевіч, таксама з Горадні, таксама нібыта “нацыяналіст” і г.д. Схему паўтараюць да драбніц. (Учора, між іншым, з вуснаў гэтага “нацыяналіста” мы пачулі, што беларускую культуру сфармавалі хрысьціянства, юдаізм і іслам (забыўся яшчэ пра буддызм і сінтоо.)

У схеме дзеяньняў падстаўной апазыцыі трэба зьвярнуць увагу на паводзіны яе ў прынцыповых пытаньнях на працягу апошняга году. Восень-2004. Яны, як заведзеныя, заплюшчыўшы вочы, клічуць усіх удзельнічаць у антызаконным рэфэрэндуме, які праводзіў рэжым. Ніякая лёгіка пра байкот антызаконнай справы, ніякая думка, ніякая відавочнасьць, зразумелая нават дзіцяці, на іх ня дзейнічалі. Ня верачы ў выйграш галасаваньня (пра што самы прызнаваліся), яны ўсяроўна бяздумна, упарта клікалі галасаваць: “Скажы сваё НЕ Лукашэнку!” Сказалі. Вынік вядомы. Гэтак яны дапамаглі стварыць цяперашнюю сітуацыю з трэцім тэрмінам Лукашэнкі, ведаючы ўсё, што робяць.

Цяпер яны бавяцца ў іншую гульню. Ведаюць (Масква заявіла), што пасьля паражэньня на Ўкраіне, гэбоўская Расея ўсе свае сілы кідае ў Беларусь, каб утрымаць ва ўладзе Лукашэнку. “Белоруссию не отдадим!” — выказваліся ўсе, ад рускіх “дэмакратаў”, да рускіх крэмлекратаў. Расея паставіла на Лукашэнку, дала яму грошы, крэдыты, авансы, ільготы, дыпляматычнае прыкрыцьцё, абяцанкі і г.д.

Тым часам падстаўная апазыцыя ў Беларусі як быццам нічога не разумее і амаль у поўным складзе едзе ў Маскву. Там яны просяцца, абяцаюць вернасьць, нават самы прапанавалі маскоўцам, каб тыя прызначылі сярод іх “адзінага кандыдата”.

Што гэта ўсё азначае? Можа, усе яны хворыя і няздольныя адэкватна ацэньваць рэчаіснасьць? Але ўсё яны разумеюць.

Гэтыя людзі хворыя на нацыянальную нікчэмнасьць. Нікчэмнасьць зрабіла зь іх “прафэсійных апазыцыянэраў”, што сталася ўжо ў Беларусі сінонімам здрады, бо апазыцыйнасьць яны, безідэйныя, ператварылі ў бізнэс, у зарабленьне паскудных чужых грошай, а прагматызм зрабілі філясофіяй сваіх паводзінаў. Нікчэмнасьць аплочваецца чужымі. У мінулым годзе ім сказалі чужыя з Захаду ісьці на выбары і рэфэрэндум, бо інакш грошай не дадуць. Пайшлі. Супраць волі сваёй нават пайшлі. Пішчэлі, але пайшлі, прадажнае племя. І нішто не спыніла іх, гэтак прагнецца ім халявы. Гэткую б жарсьць — ды за свабоду Бацькаўшчыны! Але за свабоду трэба плаціць самым, часам нават жыцьцём. У гэтым і ўся розьніца паміж беларускімі дэмакратычнымі адраджэнцамі — і нікчэмнымі дэмакратычнымі прагматыкамі.

Цяпер яны штурхаюцца ў Маскву супраць прамаскоўскага Лукашэнкі. І Масква дасьць свабодным халуям. Лукашэнку дае, і ім дасьць. “Боритесь, ребята, за демократию!”

Якая ўжо тут Беларусь, народ, Бацькаўшчына, гонар, культура ды воля!

Гэтак будзе ўвесь час, пакуль “апазыцыяй” будуць яны. Вось гэта той вынік, які ніяк не маглі зразумець многія беларусы і які прадбачылі нашыя непрыяцелі, якога дамагліся ў 1999 годзе немцы ў супрацоўніцтве з Масквой і КГБ, калі плянавалі разгром БНФ — адсунуць у бок беларускія нацыянальна-вызвольныя сілы і выцягнуць на паверхню палітыкі прамаскоўскую гразь.

Нізкі ўзровень у нацыянальнай палітыцы цяпер ня толькі ў нас, ён плавае на паверхні па ўсёй Эўропе. Таму ідуць адтуль падвойныя стандарты і падтрымка расейскай акупацыі ў Беларусі, і русіфікацыя (!), і упартасьць у шкодзе. Дрэнь атрымала свабоду, і наверх выплывае нішто.

Мы мусім цяпер разумець, што змаганьне за вольную Беларусь, за беларускую культуру, за дэмакратыю і свабоду ёсьць ужо нечым большым, чым змаганьне за нас. Гэта ёсьць таксама барацьба за праўду, за ісьціну і справядлівасьць супраць агульнага расьперазанага лібэральнага зла.

Зычу ўсім добра і здаровымі жыць дзеля сябе і агульнай вялікай беларускай справы.

Жыве Беларусь!

Зянон Пазьняк

Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

І Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

9 кастрычніка 2005 г.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

9 кастрычніка 2005 г.