БЭНІТА ВАЛЬДНЭР МУСІЦЬ ЗЫЙСЬЦІ Ў АДСТАЎКУ
Кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту і Партыі БНФ зьвяртае ўвагу на беспрынцыповасьць пазыцыі Спэцыяльна ўпаўнаважанай для зьнешніх зносінаў Эўрапейскай Камісіі Бэніты Фэрэра Вальднэр.
Арганізацыя замежнага вяшчаньня на Беларусь на мове акупантаў гэтай краіны (гэта значыць на рускай мове) сьведчыць аб непавазе да беларусаў як эўрапейскай нацыі, гаворыць пра неабавязковасьць прытрымлівацца прынятых пазыцыяў у палітыцы Эўразьвязу.
Беларусы ў 1991 годзе дэмакратычным шляхам аднавілі незалежнасьць сваёй краіны і прызналі беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай вольнай дзяржавы, за што прагаласавалі ў парляманце дзьвюма трацінамі галасоў.
Гэтае ж палажэньне аб дзяржаўнасьці беларускай мовы беларускі парлямант зацьвердзіў у новай дэмакратычнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая была прынятая ў 1994 годзе. Эўропа, краіны Эўразьвязу прызналі гэтую дэмакратычную Канстытуцыю і незалежнасьць нашай краіны.
Потым, у 1996 годзе, кіраўнік выканаўчай улады і стаўленьнік КГБ Расеі А. Лукашэнка незаконным шляхам скасаваў Канстытуцыю 1994 года, зрабіў акупацыйны пераварот і незаконна ўвёў сваю канстытуцыю, дзе фармальна зацьвердзіў савецкае “дзьвухмоўе”, якое, як і за саветамі, стала спосабам забароны беларускай мовы і русіфікацыі ў беларускай дзяржаве.
Эўропа і Эўразьвяз не прызналі легітымнасьці лукашэнкаўскай канстытуцыі. І што ж цяпер? Спадарыня Бэніта Вальднэр яе, выходзіць, прызнала і імкнецца праводзіць русіфікацыйную палітыку Лукашэнкі ў Эўразьвязе. Вось гэта Спэцыяльна ўпаўнаважаная асоба! Вось гэта палітыка!
Умовы чарговага тэндару на вяшчаньне ў Беларусь у другі раз упарта прынятыя спадарыняй Бэнітай Вальднэр з прыярытэтам найперш для “Нямецкай хвалі” (потым для Бі-Бі-Сі ды французкай кампаніі). Гэта ў той час калі ў Польшчы і Летуве ўжо ёсьць тэхнічныя магчымасьці і вопыт беларускага вяшчаньня (але іх нават не дапусьцілі да тэндару).
Ёсьць стандартныя палажэньні ў дзяржаўнай палітыцы фінансаваньня. Калі дзяржаўны чыноўнік насуперак карысьці справы аддае прыярытэт (падыгрывае) буйнаму мэдыйнаму бізнэсу — справа пахне карупцыяй (нядаўна ў Польшчы быў падобны выпадак — так званыя “справа Рывіна”).
Аднак пытаньне фінансавай тэндэнцыйнасьці мэдыятэндару — гэта клопаты Эўразьвязу. Вернемся да русіфікацыі. Расейская мова ў цяперашняй Беларусі — гэта мова акупацыйнага дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Русіфікацыя — гэта сутнасьць антыдэмакратычнага рэжыму на Беларусі. Расейска-савецкія акупанты камуністы расстралялі сотні беларускіх пісьменьнікаў за беларускую мову, зьнішчылі тысячы беларусаў. Рэжым перасьледуе беларускую моладзь за беларускую мову, а моладзь змагаецца за яе. Цяпер ёй трэба будзе змагацца яшчэ і з заходняй русіфікацыяй.
Спадарыня Бэніта Вальднэр, відаць, не адпавядае ўзроўню сваёй пасады ў Эўразьвязе. Ёй лепш пакінуць складаную для яе пасаду і пайсьці ў адстаўку, чым ствараць прблемы на Ўсходзе Эўропы.
Зянон Пазьняк
Нью-Ёрк Старшыня Беларускага Народнага
Фронту “Адраджэньне”
Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі
12-га скліканьня.