ІДЭАЛЫ БНР У КАНТЭКСЬЦЕ ЧАСУ

Мы кажам пра ідэалы сакавіка як пра вяршыню ўсьведамленьня нацыянальных інтарэсаў, сфармуляваных у дакумантах, дэклярацыях і дзеяньнях. Забесьпячэньне гэтых інтарэсаў ёсьць аб'ектыўнай вымогай нацыі. Ад іх нельга адмовіцца ці падмяніць нечым іншым.

Успамінаньне пра адмену і падмену тут ня ёсьць выпадковым для тых нацыяў, якія змагаюцца з палітыкай імпэрыі і з імпэрскай ідэялёгіяй. Бо падмена каштоўнасьцяў ёсьць адзін з асноўных мэтадаў імпэрскай палітыкі супраць свабоды народаў.

Беларуская Народная Рэспубліка ўтварылася ў барацьбе з Расейскай імпэрыяй. Галоўнымі каштоўнасьцямі, якія сьцьвердзіла БНР — гэта дзяржаўная незалежнасьць Беларусі, вольнае нацыянальнае разьвіцьцё Беларусі і грамадзянская свабода людзей Беларусі (роўнасьць перад законам).

Расейская палітыка ў дачыненьні да Беларусі за апошнія сто гадоў практычна не перамянілася ні ў чым. Пагроза незалежнасьці Беларусі і пагроза існаваньню беларускай нацыі з боку Расеі ня зьменшала, а толькі павялічылася. Адсюль вынікае бясспрэчнае меркаваньне, што людзі, якія займаюцца палітыкай у Беларусі і якія ў той ці іншай ступені шукаюць падтрымкі і разуменьня ў Маскве, гэтыя асобы ідуць у разрэз зь беларускімі інтарэсамі і прынцыпамі БНР і, як правіла, дзейнічаюць насуперак ім.

У змаганьні зь беларускай незалежнасьцю на працягу апошняга стагоддзя Расея старалася выкарыстаць два этапы. Першы — гэта стварэньне свайго ўплыву і прысутнасьці ва ўладзе на Беларусі. Другі этап — гэта падрыхтоўка інкарпарацыі Беларусі ў Расею, якая дэкляравалася як “аб'яднаньне” Беларусі з Расеяй. Наступны этап — анэксія ці паглынаньне, мусіў быць ужо вынікам першых двух этапаў. Гэтак адбывалася інкарпарацыя беларускіх тэрыторыяў у 1910-х — 1920-х гадах. Гэтакая ж палітыка праводзіцца і цяпер.

У гэтай сувязі пытаньне абароны незалежнасьці Беларусі, нягледзячы на існаваньне незалежнай Беларускай дзяржавы, паўстае вельмі востра, а значыцца, павялічваецца і значэньне гістарычнага асэнсаваньня ідэалаў Беларускай Народнай Рэспублікі, якая выступае цяпер як ідэйны эталён незалежнасьці Беларускай дзяржавы.

Пытаньнем нумар адзін нацыянальнага змаганьня за незалежнасьць і свабоду і нацыянальнае самасцьвярджэньне было і ёсьць пытаньне легальнага прызнаньня і дзяржаўнага ўкараненьня нацыянальнай мовы.

Статус нацыянальнай мовы гэта ёсьць пытаньне абсалютнага і найважнейшага значэньня ў нацыянальных рухах Эўропы. Гэта адназначна пацьвердзіла гісторыя больш чым двух стагоддзяў нацыянальнага змаганьня за свабоду (пачынаючы з канца 18-га стагоддзя).

Важнейшым этапам гэтай барацьбы была гэтак званая “вясна народаў” — змаганьне за нацыянальную незалежнасьць паняволеных народаў супраць чатырох імпэрыяў (Расейскай, Отаманскай, Прускай і Аўстрыйскай).

Мы, беларусы, улучаныя ў антыімпэрскую барацьбу і заканамернасьці гэтага змаганьня адчуваем па сёньняшні дзень. Бо з чатырох імпэрыяў захавалася ўжо толькі адна — Расейская. Таму для нас, украінцаў, чачэнцаў і іншых народаў, што былі паняволеныя Расеяй, барацьба яшчэ не спынілася.

У пэрыяд нацыянальнага змаганьня і асьветніцтва сьцьвярджэньню афіцыйнага статуса нацыянальнай мовы было падпарадкаванае ўсё нацыянальнае мастацтва, літаратура і тэатр. Гэта пацьверджана дэклярацыямі літаратурных, мастацкіх і асабліва тэатральных дзеячоў, бо тэатр па трапнаму вызначэньню рускага нацыянальнага драматурга Астроўскага — гэта ёсьць вобраз, адлюстраваньне нацыі (“Театр — это нация”).

Заснавальнік венгерскага прафэсійнага тэатра Ота Кэлеман яшчэ ў канцы 18-га стагоддзя цьвердзіў, што асноўная задачай тэатра і творчасьці ягонай трупы — гэта ўкараненьне і прапаганда венгерскай мовы (венгерскія вярхі грамадзтва былі тады анямечаныя)

Асьветніцтва пэрыяду “вясны народаў” вызначала тады ідэалёгія нацыі і ідэалёгію нацыянальнага змаганьня і невыпадкова наперад усяго ставіла нацыянальную мову.

Нацыянальныя асьветнікі і змагары народаў разумелі, што мова ёсьць адначасна грунт (аснова) і сродак нацыянальнай культуры. А значыць, і дэмакратычнай нацыянальнай дзяржавы.

Гэта вынікае з таго, што мова ёсьць ня толькі вынікам нацыянальнага разьвіцьця, але і галоўным сродкам гэтага разьвіцьця. Без нацыянальнай мовы нацыя і нацыянальная культура не разьвіваюцца (не ствараюцца, таксама, нацыянальная літаратура і тэатр, і г.д.).

З усіх імпэрыяў-прыгнятальнікаў самую ненавісную і самую разбуральную пазыцыю ў дачыненьні да нацыянальных моваў мела (і мае па сёньняшні дзень) Расея. Беларусь даткліва адчула на сябе вынткі гэтай палітыкі ў 19-м стагоддзі і асабліва за камуністамі ў савецкі час. Цяперашняя ўнутраная акупацыя Беларусі расейскім гэбізмам найбольш выяўляецца якраз у сфэры моўнай русіфікацыі, зачыненьні беларускіх школаў, выгнаньня беларускай мовы з афіцыйнага і грамадзкага ўжытку, стварэньні атмасфэры нецярпімасьці да носьбітаў беларускай мовы і г.д.

Антымоўная палітыка расейскага імпэрыялізму выраблена распрацаваная. Акрамя непасрэдных забараняльных і зьнішчальных дзеяньняў маскоўскі рэжым выкарыстоўвае антымоўную прапаганду, прыдумвае на яе аснове антымоўныя канцэпцыі нібыта “разьвіцьця” Беларусі, займаецца падтасоўкай гістарычных фактаў, прапаноўваючы абсурдныя схемы, якія выключаюць з ужытку і культуры беларускую мову.

Гэтакія прыёмы і ідэялягічныя схемы былі прыдуманыя яшчэ функцыянэрамі “заходнерусізму” (у асноўным агентамі рускіх спэцслужбаў), якія нібыта выступалі “за Белоруссию”, “но без белорусского языка”. Абапіралася такая прапаганда звычайна на дэнацыяналізаваныя групы насельніцтва.

Пры цяперашнім рэжыме на Беларусі такія схемы паўтараюцца і мадыфікуюцца. Напрыклад, пасьля таго, як спэцслужбамі была створаная так званая “аб'яднаная апазыцыя”, то заканамерна, што яна стала езьдзіць у Маскву набірацца маскоўскага розуму. Заканамерна і тое, што яна перайшла на рускую мову (гэта, дарэчы, насаждаў і падтрымліваў галоўны стваральнік гэтае “апазыцыі” Ганс Георг Вік).

Цяпер антымоўная палітыка разьвіваецца наступным чынам. Прыдумалі “русскоязычные формы протеста”. (Тут ужо тыповы “заходнерусізм”). Маўляў, “мы за Белоруссию, ребята, и за белорусский язык, но чтоб понятно было, надо по-русски”.

Русіфікацыя Беларусі (і ня толькі Беларусі) праводзіцца зусім не для таго, “чтоб понятно было” (ім усё і так “панятна”), а для таго, каб паралізаваць беларускае супраціўленьне і культуру і ліквідаваць беларусаў як жыцьцяздольную нацыю, а потым забраць іхную зямлю разам зь імі і зь іхнымі патрахамі. (З “патрахамі”, бо душа ўжо будзе мёртвай).

Тыя, хто праектуюць “русскоязычные формы протеста”, выдатна ўсё гэта разумеюць. У той час, як дэнацыяналізаваны беларус (часта нават з унівэрсітэцкім дыплёмам) не разумее нічога. У гэтым ёсьць галоўная цяжкасьць нацыянальна-дэмакратычнага змаганьня на Беларусі і з гэтай прычыны вынікае слабасьць беларускай дэмакратыі.

Сакавік і Рада БНР наглядна паказалі, што беларуская дэмакратыя ў Беларусі можа быць абапертая толькі на нацыянальную ідэю (а дакладней — на ідэалы БНР). Усё астатняе “аб'яднанае”, “русскоязычное”, “эўрацэнтрычнае” і т.п. — усё гэта сурагаты, распрацаваныя, як паказвае вопыт, у адпаведным ведамстве Расейскай імпэрыі з мэтай завесьці беларускі нацыянальна-дэмакратычны працэс у сьляпы завулак, дыскрэдытаваць, зьнішчыць і ліквідаваць. Не было яшчэ выпадку, каб тыя, хто насаджае расейскую мову, адначасна змагаліся і супраць русіфікацыі.

Пытаньне нацыянальнага існаваньня нацыянальнай мовы не зьяўляецца дыскусійным пытаньнем. Пра існаваньне нацыянальнай мовы ня дыскутуюць. Яе сьцьвярджаюць, зьберагаюць, абараняюць, разьвіваюць і г.д., але пра яе існасьць ды неабходнасьць не спрачаюцца. Гэта толькі імпэрыялісты хочуць навязаць спрэчку пра забароненую ці прыгнечаную імі мову, бо гэта ёсьць мэтад прыгнёту.

Мова валодае асобым статусам у культуры. Яна належыць усяму народу як фэномэну гісторыі, які мову стварыў. Усе пакаленьні валодаюць і карыстаюцца мовай, але ніхто (ніякае народнае пакаленьне) не распараджаецца яе існаваньнем. Не мае права ні яе ўмаліць, ні ліквідаваць. І гэта адлюстравана ў праве. У тым ліку і ў беларускім (да 1996 г.).

Мова — аб'ектыўны фэномэн культуры, які набывае метафізічную сутнасьць. Мова аб'ектыўна неабходная для разьвіцьця культуры і нацыянальнага існаваньня і таму ўсе дзеяньні па яе падтрыманьні ёсьць правамоцныя незалежна ад думкі і паводзінаў пакаленьня. І ў той жа час усе захады па яе псаваньню нават з боку бальшыні пакаленьня (калі б такое магло здарыцца), былі б злачынствам, супярэчылі б натуральнаму і канвэнцыйнаму (юрыдычнаму) праву.

Нацыянальная мова гэтакі ж падобны фэномэн, як жыцьцё. Ніхто не дыскутуе, трэба жыць ці ня трэба. Пытаньне стаіць толькі пра захаваньне і забесьпячэньне жыцьця.

Усё гэта я адзначаю толькі дзеля таго, каб паказаць падступнасьць і заведамую фальшывасьць расейскай антымоўнай прапаганды, разьлічанай на нацыянальна адсталыя групы грамадзтва.

Там, дзе гавораць па-расейску “за Белоруссию” ды яшчэ і просяць “ради Белоруссии” “не выпячивать белорусский язык”, ці там, дзе пікетуюць па-расейску “за демократию” і за “лучшую жизнь” і г.д., там (вопыт ужо паказаў) няма ні беларускай праўды, ні галавы, ні сэрца. У лепшым выпадку гэта пустацвет на целе змучанай нацыі, у горшым — пустазельле, атрутны блёкат, чартапалох, якім зарастае наш шлях у сьветлую народную прышласьць.

Каб дапамагчы сабе і сваёй краіне, беларусам трэба трымацца ясных і простых правілаў — усюды гаварыць па-беларуску. Гэта будзе перамога, якую ніхто ня зможа ад беларусаў адабраць. І дасягаецца яна лёгка — жаданьнем і вынікам волі.

Можна прапанаваць кодэкс моўных паводзінаў кожнага беларуса. Такія пісаныя і няпісаныя кодэксы былі распрацаваныя ў іншых народаў, напрыклад, у чэхаў, палякаў, летувісаў, эстонцаў і іншых, і датычылі асобы, сям'і, выхаваньня дзяцей, школы, грамадзкіх паводзінаў і г.д. Там, дзе зьбіраюцца беларусы: ці гэта на Бацькаўшчыне, ці на чужыне — усюды павінна гучэць беларуская мова.

Гэта мусіць стаць няпісаным правілам, бо пачынаць трэба з сябе, а потым патрабаваць ад іншых. Ёсьць моцны мэханізм адраджэньня, які ў цяжкіх варунках выкарысталі іншыя народы і які, як ні дзіўна, не ўключаецца ў Беларусі, хаця становішча тут даўно і настойліва таго вымагае.

Ідэёвым і практычным апірышчам у гэтай справе ёсьць дакуманты, дэклярацыі і практычная дзейнасьць Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

У сувязі з гэтым трэба адзначыць другі тыповы момант палітыкі, які раней знайшоў практычнае вырашэньне ў дзейнасьці Рады БНР.

Гэта прыём так званага “непрадрашэнства”, характэрны для тактычных паводзінаў расейцаў у дачыненьні з вымушанымі саюзьнікамі ў палітыцы. У часы халоднай вайны яны фармулявалі на эміграцыі гэты тэзіс так: давайце ўсе — беларусы, украінцы, рускія, грузіны і г.д. — аб'яднаемся і будзем супольна змагацца, нічога не вырашаючы (не предрешая) наперад. А потым, як звалім бальшавізм, тады ўжо будзем разьбірацца між сабою, хто якой свабоды хоча.

Па свайму нахабству гэты тэзіс проста шулерскі. Расейскія шавіністы хацелі скарыстаць паняволеныя народы для аднаўленьня сваёй нэабальшавіцкай імпэрыі. Бо вагавыя катэгорыі Расеі і паняволеных народаў былі несуадносныя і зразумела, як пасьля скіданьня бальшавікоў разгортвалася б ужо тое “предрешенство”. Яшчэ ці ня сталася б горай для паняволеных краінаў.

Паколькі расейцаў тады падтрымлівала Амэрыка, то БНР, якая не прымала тэзісу “непрадрашэнства”, стварыла сваю падстаўную аргшанізацыю, якую накіравала для кантактаў з “непрадрашэнцамі”, а сама засталася збоку.

Цяпер мы бачым у Беларусі зноў падобную гульню. Вікаўскую апазыцыю з прычыны яе недзеяздольнасьці паступова пакінулі ў баку і стварылі групоўку “пяцёрка плюс”, куды ўвайшлі камуністы, прарасейская АГП, прагматыкі з БНФ і яшчэ пару групаў. Пасьля паездак у Маскву ды запросінаў у Брусэль гэтая групоўка пачала гаварыць: давайце ўсе аб'яднаемся — камуністы, сацыялісты, БНФ, — звалім Лукашэнку, а потым ужо будзем між сабой разьбірацца ды змагацца.

Гэтыя людзі, як нібы тыя рускія “прадрашэнцы”, робяць выгляд, быццам ня ведаюць, што за Лукашэнкам стаіць Масква і прапануюць змагацца не з маскоўскай агрэсіяй, а са стаўленьнікам Масквы, не “предрешая” таго, а што ж будзе потым.

Што будзе потым, лёгка ўявіць. Масква, застаўшыся на палітычным полі Беларусі, працягне сваю агрэсію і сваю інтрыгу на іншым узроўні. (Халуям, дарэчы, і дзякуй ня кажа. Не ў маскоўскіх звычках).

Такім чынам, і дэклярацыі Рады БНР і яе гістарычная практыка палітычных дачыненьняў дае нам матэр'ял для параўнаньня і аналізу і для практычных высноваў у нашай беларускай адраджэнскай палітыцы.

Дзейнасьць Рады БНР гэта станоўчая зьява ў нашым палітычным жыцьці. Абвяшчэньне незалежнасьці Беларусі 25 сакавіка 1918 г. адчыніла новую эпоху ў беларускай гісторыі — эпоху нацыянальнага змаганьня за Беларусь і культурнае адраджэньне беларускай нацыі.

Мы ўшаноўваем гэтае сьвята і будзем шанаваць заўсёды з усёй павагай і ўдзячнасьцю беларускім змагарам, якія 87 гадоў таму павярнулі кола новай беларускай гісторыі.

Зянон Пазьняк