СЯРГЕЙ ПАПКОЎ: “ГЭТА — БАРАЦЬБА НАНАЙСКІХ ХЛОПЧЫКАЎ”

Што хаваецца за “спрэчкамі” Пуціна і Лукашэнкі

Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ адказаў на пытаньні Віктара Марціновіча, намесьніка галоўнага рэдактара “Беларускай газэты”. Інтэрвью апублікавана ў гэтым выданьні 1-га верасьня 2003 г., № 33, ст. 4-5.

У матэрыяле выказаны адносіны і пазыцыя Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ да інфармацыйнай і рэальнай сітуацыі па стварэньні незаконнай саюзнай дзяржавы, да рыхтуемага незаконнага рэферэндуму. Тут даецца поўны тэкст інтэрвью С. Папкова. У варыянце, які надрукаваны у газэце, сп. В.Марціновіч не даў апошняе пытаньне і адказ на яго а таксама самастойна ўнёс некаторыя ня ўзгодненыя зьмены.

— З чым, на Вашу думку, зьвязана зьмяненьне пазыцыі беларускіх каналаў у стаўленьні да Расеі?

— Я лічу, што ідзе вялікая гульня. Раней быў такі эстрадны нумар: барацьба нанайскіх хлопчыкаў. Тое, што адбываецца паміж Пуціным і Лукашэнкам — гэта і ёсьць — абсалютова эстрадны варыянт барацьбы нанайскіх хлопчыкаў. Падзеі, якія разьвярнуліся 26-27 жніўня вакол расейскага рубля — эстрадны канцэрт, які зладзілі прэзыдэнты. Лукашэнка партабуе выканаць папярэднія ўмовы — прыняць Канстытуцыйны акт. Як быццам гэты акт распрацаваны не Масквой. А напісаны ён менавіта Масквой. Прыяжджаў перад гэтым Барыс Грызлоў, заявіў, што акт цалкам гатовы да прыняцьця, засталося толькі яго падпісаць. Гэта значыць, акт рыхтуе Масква. А Лукашэнка ладзіць гульню, маўляў, гэта Маква ня хоча Канстытуцыйнага акта, ставіць умовы: маўляў, я падпішу, але толькі пасьля таго, як бы зацьвердзіце акт. Гэта — падман людзей, піяраўская акцыя для таго, каб пачаць рэфэрэндум. І галоўным пытаньнем гэтага рэфэрэндума будзе ня трэці тэрмін, а прыняцьце Канстытуцыйнага акту, фактычнае зьнішчэньне незалежнасьці Беларусі.

— Але ведаеце, гэта выглядае некалькі нелягічна. Калі бы беларуская ўлада рыхтавала рэфэрэндум па аб’яднаньні з Расеяй, яны бы наадварот пераконвала беларусаў у тым, што Расея — гэта наш надзейны партнэр. Разам з тым, у беларускім этэры мы назіраем адваротную карціну — патокі нэгатыву пра Расею. Усе зводкі пачынаюцца з катастрофаў у Расеі, “згубаў” верталётаў і тэрактаў. Навошта так?

— А я скажу навошта. Тыя людзі, якія за саюз з Расеяй, пойдуць на рэфэрэндум у кожным выпадку. Іх — усяго 15-20%. З гэтай часткай насельніцтва праблем няма. Важна вывесьці на ўчасткі для галасаваньня пратэстны электарат. Тых, хто супраць аб’яднаньня. Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб зацягнуць на рэфэрэндум болей за 50% беларусаў. Зразумейце: абсалютова няважна, як яны прагаласуюць. Яны могуць галасаваць супраць, улада усё адно сфальсіфікуе вынікі волевыяўленьня. Важна дабіцца яўкі. З гэтай мэтай беларускія каналы і льюць нэгатыў на Расею, каб людзі прыйшлі галасаваць “супраць”. Паўтаруся: галоўнае для ўлады — выцягнуць пратэстны электарат. І кіраўнікі апазыцыйных партыяў (якімі яны сябе лічаць) ідуць на паваду, заклікаюць ісьці на рэфэрэндум і галасаваць супраць. Гэта — тое, што трэба Лукашэнку. Тое, што трэба Маскве. Маючы яўку, яны “намалююць” які заўгодна вынік. Тыя, хто прыйдуць на рэфэрэндум галасаваць “супраць”, наступнай раніцы пачуюць, што прыйшло 65%, прагаласавала “за” — 87%. Усе пытаньні прайшлі. І як сябе будзе адчуваць чалавек, які ня хоча аб’яднаньня?

— Скажэце, а навошта ўладзе весьці такую складаную гульню? Чаму бы, замест агітацыі супраць Расеі, прыцягненьня на ўчасткі пратэстнага электарату і наступных фальсіфікацыяў яго волевыяўленьня, проста не пачаць масава агітаваць за Саюз? Няўжо ідэя інтэграцыі непапулярная ў грамадзтве?

— Канешне. Беларусы ж глядзяць расейскае тэлебачаньне, бачаць, што там адбываецца, які распад і развал ідзе. Не ў Маскве, вядома, а на пэрыфэрыі. Беларусы разумеюць, што пасьля аб’яднаньня такая сытуацыя чакае і іх. І ніхто ўжо ня верыць інтэграцыйнай рыторыцы Лукашэнкі. Больш за тое, яго не падтрымлівае аніводны слой насельніцтва. Сацыялягічныя дасьледаваньні дэманструюць, што ў актыве прэзыдэнта — ледзь болей за 20% насельніцтва, ён стаў палітычнай меншасьцю. Яму ўжо не давяраюць. Менавіта пагэтаму яму трэба дабіцца хаця бы яўкі на рэфэрэндум.

— Вы мяркуеце, што толькі 15-20% насельніцтва гатовыя аб’яднацца з Расеяй?

— Будзем так казаць: людзей, якія жывуць з Расеяй у мазгах і сэрцах — ня болей за 15-20%. Яны яшчэ засталіся ў СССР, таму й пойдуць на плебісцыт.

— Так было заўсёды або скэптыцызм у адносна аб’яднаньня з Расеяй — павеў апошняга часу?

— Раней жадаючых аб’ядноўвацца было больш. Потым у Расеі пачаліся канфлікты, войны, прагрымелі тэракты. Беларусы ня хочаць аддаваць сваіх дзяцей у расейскае войска. Як ня хочаць яны і таго, каб на нашай тэрыторыі ўзьніклі такія ж канфліктныя сытуацыі. Калі мы войдзем у склад Расеі, усе яе праблемы стануць нашымі.

— Ці згодныя Вы з вывадам аб тым, што для нашай дзяржаўнай прэсы вораг нумар адзін — ЗША, вораг нумар два — Расея? Ці сапраўды нас так моцна настройваюць супраць сусядзяў?

— Нічога падобнага. Ідзе нармалёвая, прадуманая гульня. Што, можа яны прыпынілі работы па ўвядзеньні расейскага рубля? Можа, — спынілі рыхтаваць Канстытуцыйны акт? Можа, — не праводзяць сумесных калегіяў, або ліквідавалі аб’еднаную групоўку войскаў? А можа зачыстка беларускіх школаў, ліквідацыя беларускіх ліцэяў робіцца не для гэтага? Гэта ўсё падзеі з адной катэгорыі. Падрыхтоўка да ўключэньня Беларусі ў склад Расеі. Яны зараз займаюцца гэтым для таго, каб у канечным выніку ў русіфікацыі аказалася вінаватай не Расея. Сьпішуць гэта на Лукашэнку і на мясцовыя ўлады.

— Атрымоўваецца, супраць Лукашэнкі Крамлём вядзецца гульня, пра якую ён і не падазрае?

— Усё ён цудоўна ведае! І нездарма Грызлоў болей за гадзіну сядзеў зь ім і удакладняў дэталі будучых “эстрадных нумароў”, якія рыхтуюцца да пастаноўкі. Расеі трэба пераканаць эўрапейскую супольнасьць у тым, што Лукашэнка самастойны. Па сутнасьці, гэта ён разбурыў нашую Канстытуцыю, ён пайшоў на службу расейскім уладам, калі падпісаў дамову 1999 году аб стварэньні Саюзнай дзяржавы. Ён — на іх службе. Так што усё, што адбываецца ў расейска-беларускіх адносінах — альбо апошні, альбо адзін з апошніх “эстрадных нумароў” перад аб’яўленьнем рэфэрэндуму.

— Але ж ў дэбатах, якія разразіліся вакол расейскага рубля і Канстытуцыйнага акту, выразна праглядаецца пазыцыя Пуціна і канфрантацыйны ёй пункт гледжаньня Лукашэнкі. Першы настойвае на гарантыях увядзеньня рубля, другі — на прыняцьці Канстытуцыйнага акту як умове ўвядзеньня расейскай валюты. Няўжо гэта — таксама гульня?

— Канешне! У Канстытуцыйным акце ж і прапісанае ўвядзеньне рубля. Таму цалкам няважна, што будзе прынятае першым. Усе гэтыя дэбаты — толькі для таго, каб заблытаць людзей.

— Зь беларускімі тэлеканаламі зразумела. Але чым тады растлумачыць замоўчваньне расейскімі каналамі Беларусі? Калі рыхтуецца анэксыя, грамадзянаў Расеі належыла бы хуткімі тэмпамі рыхтаваць да яднаньня з братэрскім народам...

— А да чаго іх рыхтаваць? Нашто гэта рабіць? Якія праблемы могуць быць з боку расіянаў? Ім жа не патрэбны рэфэрэндум, у іх і ня будзе яго! Рэфэрэндум будзе ў нас. І адразу пасьля яго пачнецца ломка Канстытуцыі. Так што ўсе тыя, хто рыхтуецца да парляманцкіх выбараў 2004 года, займаецца пустой, а дакладней шкоднай работай. Ніякіх выбараў у Нацыянальны Сход у 2004 годзе ўжо ня будзе, калі дапусьцім правядзеньне рэфэрэндума. Бо, калі пройдзе рэфэрэндум, дзяржаўная сыстэма будзе зламаная. Памятайце, як ламалі палітычную сытуацыю пасьля плебісцытаў 1995-1996 гадоў? Адразу пасьля 1995 году палезьлі рваць сьцяг, пасьля 1996 — зьнішчылі Вярхоўны Савет. Пасьля гэтага рэфэрэндума, калі мы яго дапусьцім, так жа будзе зламанае ўсё: Канстытуцыя, ліквідаваныя “палаткі” Нацсходу, будзе аб’яўлены пераходны пэрыяд да стварэньня Саюзнай дзяржавы. Лукашэнка стане адзіным каралём на ўсёй Беларусі.

— І як гэтаму можна супрацьстаяць? Калі нават галасаваць супраць — марна?

— Толькі байкот! Толькі арганізацыя шырокага фронту супраць рэфэрэндуму, які павінны не дапусьціць легітымізацыі вынікаў плебісцыту. Аб гэтым, дарэчы, гавораць і нашыя замежныя калегі. Нядаўна ў “БГ” было інтэрвію кіраўніка казахскай службы Радыё “Свабода” Мэркхата Шарыпхана, ён сказаў, што галасаваць трэба “топаючы нагамі”, гэта значыць — непадпарадкаваньне, няўдзел. І гэта асноўны кірунак, на які павінна накіраваць сваю работу ўся беларуская грамадзкасьць.