“БЕЛАРУСКІ ДЗЕНЬ” У КАНГРЭСЕ ЗША

Ідэя правесьці “Беларускі дзень" у Кангрэсе была выказаная кангрэсмэнам Стывенам Лятарэтам у час спатканьня зь ім беларусаў 28-га траўня, пра якое ўжо паведамлялася ў травеньскім нумары “Бепарускіх Ведамасьцяў".

Сутнасьць мерапрыемства ў тым, што ў Кангрэс прыязджае грамада беларусаў з розных штатаў і на працягу аднаго дня, разьмеркаваўшыся, спаткаецца па чарзе з шэрагам ужо падрыхтаваных кангрэсмэнаў якім выкладае свае меркаваньні й пажаданьні па пэўных пытаньнях.

Ідэя правядзеньня “Беларускага дня" нам вельмі падыходзіла і вынікала з двух задачаў. Найперш, знайсьці падтрымку (і галасы) амэрыканскіх кангрэсмэнаў для “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі", праект якога акурат знаходзіцца ў Кангрэсе і будзе разглядацца ў верасьні-кастрычніку. Наступнае — агульнаю мэтаю: здабыць актыўнае пацьверджаньне гарантыяў незалежнасьці Беларусі з боку Амэрыкі ў сувязі з далейшым разгортваньнем расейскай палітыкі па інкарпарацыі Беларусі, падрыхтоўкаю да ліквідацыі беларускіх грошай і да чарговага антьканстытуцыйнага рэфэрэндуму па фактычнай анэксіі Беларусі (прыняцьце так званага “канстытуцыйнага акту ").

Тут трэба нагадаць, што ў сьнежні 1994 году ў Будапэшце на сэсіі АБСЭ тры краіны — ЗША, Вялікабрытанія і Расея — падпісалі мэмарандум (пасьля таго, як Беларусь адмовілася ад ядзернай зброі) аб гарантыях суверэнітэту Беларусі й абавязаліся быць ягонымі гарантамі ў выпадку ўзьнікненьня пагрозы дзяржаўнай незалежнасьці. Гэтая пагроза якраз і павялічылася з боку аднаго з “гарантаў" — Расеі. У размовах з кангрэсмэнамі (у прыватнасьці, з Рашам Гоптам) мы асабліва акцэнтавалі ўвагу на тым, шго Расея ня можа быць пасярэднікам у дачыненьнях зь Беларусьсю, бо яе інтарэсы вялікадзяржаўныя, накіраваныя супраць нашай незалежнасьці. Амэрыканскія палітыкі, якія спадзяюцца на Расею, ня ўлічваюць гэтага.

Каб падрыхтаваць “Беларускі дзень" у Кангрэсе як збалянсаванае мерапрыемства, патрэбна мінімум два месяцы. У нас жа было максімум два тыдні, бо, фактычна, з 23-га чэрвеня кангрэсмэны пачынаюць разьяжджацца на вакацыі. Збольшага нашыя актывісты пасьпелі папрацаваць толькі ў двух штатах (Нью-Ёрку і Нью-Джэрзі), падрыхтавалі мэмарандумы, заявы, паведамленьні, інфармацыю.

17-га чэрвеня ў Вашынгтоне адбыліся заплянаваныя сустрэчы. Восем беларускіх прадстаўнікоў абышлі восем дэпутацкіх офісаў і спаткаліся з шасьцю кангрэсмэнамі, перадалі дакуманты й інфармацыйныя матэр'ялы. (Кангрэсмэн Палён пры гэтым згадзіўся ўзяць удзел у беларускім сьвяце ў Гайленд-Парку ў царкве, у сярэдзіне ліпеня.) У Кангрэс езьдзілі Вітаўт Кіпель, Юрка Азарка, Вячка Станкевіч, Віталь Зайка, Уладзімер Кадола, Уладзімер Шчэрбацэвіч, Натальля Гаршкова, Зянон Пазьняк.

Меркаваліся таксама спатканьні з кангрэсмэнамі беларускай дэлегацыі штату Агаё. Гэтая праграма была выкананая часткова. Тут, як, зрэшты, і паўсюдна — галоўная праца яшчэ наперадзе.

Назаўтра, 18-га чэрвеня, мы са спадаром В. Кіпелем мелі зьмястоўную размову ў Дзярждэпартамэнце са спадаром Майклам Уягарам, а напярэдадні — з добра знаным у беларускім і ўкраінскім асяроддзі спадаром Арэстам Дэйчакіўськім.

Падсумоўваючы ўсе праведзеныя візіты й перамовы, можна сказаць, што пакладзены добры пачатак. Усюды мы знайшлі прыхільнасьць у пытаньнях, якія ставіліся. Зразумела. Што трэба працягваць працу ў гэтьм кірунку. Кангрэсмэны абяцалі падтрьмаць “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі". А гэта галасы ў беларускі актыў.

“Беларускі дзень" добра было б праводзіць кожны год і арганізоўваць яго заранёў з шырокім прадстаўніцтвам.

Зянон Пазьняк