РАЗВАГІ НА СМЕРЦЬ ВАСІЛЯ БЫКАВА
22 чэрвеня на 80-м годзе жыцьця памёр вялікі беларускі пісьменьнік і вялікі беларус Васіль Быкаў.
У беларускай і сусьветнай літаратуры творчасьць Быкава — гэта цэлы накірунак, адкрыцьцё для сьвету. Быкаў вобразна выявіў і псіхалягічна, па-мастацку адлюстраваў лёсы беларусаў і лёс народа на вайне і ў часы бальшавіцкага ліхалецьця. Быкаў узьняў наш народ над усім сьветам, паказаў веліч ягонага духу, ягоную моц і адначасна абазначыў прычыны трагедыі ягонага нацыянальнага існаваньня. Быкаў у сваёй творчай паставе глядзеў на Беларусь (як трапна заўважыў докгар В. Кіпель) па абодва бакі фронту. Таму яго і называлі сумленьнем нацыі.
Быкаў трымаўся вельмі годна. Асабліва калі ў канцы 80-х пачалася наша нацыянальная рэвалюцыя і ён стаў у шэрагі адраджэнцаў. Гэта ўзьняло ягоны вобраз сярод беларусаў і зьбянтэжыла акупантаў ды няшчырых сяброў беларушчыны.
Бальшавікі і іхны “перадавы атрад" — КГБ — перасьледвалі Быкава, але не змаглі зьнішчыць. Ён, гэтак жа, як некалі Янка Купала, быў для іх не па зубах. Купалу, завабіўшы ў Маскву, яны потьм забілі, а Быкаву стварылі невыносныя, хамскія ўмовы на Бацькаўшчыне і вымусілі да эміграцыі.
3 часу стварэньня Народнага Фронту ў нас быў супольны шлях. Але мы вельмі бераглі Быкава, ніколі не выстаўлялі яго ў палітыцы, каб не наразіць на зьнявагі нікчэмнасьцяў на правакацыі агентуры, на фамільярнасьць дурняў. Гэта мы ўсё стараліся браць на сябе. Мы ніколі не забываліся, што Быкаў — вялікі пісьменьнік. Мы ніколі не забываліся пра ягоную павагу і аўтарытэт. Нам дастаткова было, што ён з намі.
І вось яго няма. Няма больш Быкава. На пахаваньне вялікага беларуса 25 чэрвеня прышлі тысячы, моц народу. Ягоную труну пакрылі Беларускім Бел-Чырвона-Белым нацыянальным сьцягам, яе несьлі на руках над морам людзей.
I цяперака (калі пішацца гэта), праз тыдзень пасьля сьмерці Быкава, ідуць і ідуць людзі няспына на Ўсходнія могілкі ў Менску каб пакланіцца ягонай магіле.
Сьмерць Быкава вельмі яскрава адлюстравала сітуацыю ў Беларусі. 3 аднаго боку — ўзрушаны народ, які прышоў правесьці ў апошні шлях свайго вялікага пісьменьніка. 3 другога — кучка выжылай з розуму антыбеларускай улады, якая адмовілася прыняць удзел у пахаваньні і разьвітацца з Быкавым, бо ненавідзела Беларускі нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, які тут быў паўсюдна з чорнымі стужкамі. “Улады " ў асобе міністра культуры і генералаў убачыўшы беларускія нацыянальныя сьцягі, заявілі, што “яны" пакідаюць жалобнае разьвітаньне. Забралі нават свой афіцыйны катафалк, а Лукашэнка — свой няшчыры вянок. Праўда, назаўтра пасьля пахаваньня гэты вянок з расейскім надпісам “Президент Республики Беларусь А. Лукашенко" зьявіўся ўжо на Ўсходніх могілках і каля яго выставілі варту.
Вось такая фантасмагорыя нядобрых і недалёкіх людзей. Сімптаматычна, што нікчэмныя паводзіны існуючай улады нікога не абурылі. Маўляў што зь іх возьмеш, самы сябе прынізілі, паказалі сваю сутнасьць і ўзровень.
Цяпер усё стаіць перад вачыма: размовы з Быкавым, ягоная прысутнасьць, агульныя справы.., стварэньне Народнага Фронту ў 1988 годзе, клопат пра Курапаты, зьезды і соймы БНФ, сумесныя паездкі па Беларусі і нарэшце — эміграцыя.
Мы меркавалі з Сяргеем Навумчыкам (які быў найбліжэйшай асобай да сям'і Быкава на эміграцыі), што я прыеду ў Прагу ў сярэдзіне сакавіка (яшчэ перад апэрацыяй Быкава). Не атрымалася. Зацягнулі зь візай. Потьм заплянаваныя паездкі ў Вільню, у Нью-Ёрк.
Апошні раз мы размаўлялі з Быкавым па тэлефоне вечарам у чацьвер 5-га чэрвеня перад палажэньнем яго ў Бараўлянскі шпіталь. Голас ягоны быў вельмі сумны, казаў што апэрацыя ў Празе не дапамагла, робіцца горай.
Толькі калі я паклаў слухаўку я зразумеў што Быкаў прыехаў у Менск назаўсёды, ведаючы пра гэта сам. За тыдзень да сьмерці яму стала лепш, і мы з сябрамі радаваліся паляпшэньню, мелі спадзяваньні.
Беларусы ў Амэрыцы балесна ўспрынялі жалобную вестку. 29-га чэрвеня ў царкве Сьвятое Жыровіцкае Іконы Божае Маці ў Гайленд-Парку адбылася памінальная служба, паніхіда за супакой душы Васіля Быкава. Айцец Вячаслаў Логін сказаў казань перад людзьмі, расказаў пра творчую веліч, жыцьцёвы шлях і пахаваньне вялікага пісьменьніка.
Зянон Пазьняк