СМУТА

Вялізарны быў гэты ідал, у незвычайным бляску стаяў ён перад
табою, і страшны быў выгляд у яго. (Кніга прарока Данііла. 2:39)

Гісторыя ўтварэньня і існаваньня расейскай імпэрыі — гэта як тамы сьледчай справы. Галасы сьведкаў праз тоўшчу стагоддзяў гучаць прыглушана, ледзь чутна, але ня менш хвалююча і пераканаўча. Штрыхамі тысячагадовага пратакола вырысоўваюцца контуры маскоўскага монстра, дзяржаўнага ідала, якому няма роўных у чалавечай гісторыі. Хто вынішчыў, згвалціў і абрабаваў бoльшую колькасьць народаў, культураў і цывілізацыяў? Хто паглынуў шырэйшыя прасторы несваёй зямлі? Хто здолеў навязаць мільёнам людзей сваю ідэялёгію, а да таго ж стварыць уласны прывабны і фальшывы вобраз? Сарданапал, Аціла, Тамэрлан, Чынгіс-хан, Гітлер? Нельга параўнаць гэтых антыгерояў чалавецтва з партрэтнай галерэяй расейскага паноптыкума. Ня тыя часовыя і прасторавыя маштабы, ня тая бясконцасьць кашмара, ня тая здольнасьць да пераўвасабленьня і мімікрыі. Ацілы ды гітлеры пранесьліся па Эўропе разбуральным сьмерчам, іх перамаглі цывілізаваныя народы, яны сталіся прадметам далёкіх успамінаў і навуковых дасьледваньняў. Расейская імпэрыя працягвае жыць, калос на гліняных нагах яшчэ кідае свой змрочны цень на цэлыя кантынэнты, засьцінае сонца ад мільёнаў людзей, напаўняе трывогай сэрцы народаў.

У біяграфіі маскоўскага монстра былі, аднак, моманты, калі здавалася, што яму канец. Што ён амаль разбураны і стаіць на краю бездані. Але, як у фільме жахаў, пачвара ажывае зноў і зноў, перасьледуе сваю ахвяру і палохае гледачоў. Сакрушальная параза ў Лівонскай вайне, напалеёнаўская выправа “двунадесяти языков” і пажар Масквы, катастрофа ў першай і другой сусьветных войнах... З мора крыві і руінаў уздымаецца эўра-азіяцкі калос, усхваляе сябе і зноў бярэцца за сваю сатанінскую справу. Прычым адметнасьцю гэтай істоты зьяўляецца рэгулярны працэс самазьнішчэньня, калі разбуральная энэргія накіроўваецца ўнутр сябе. Не надта яркімі эпізодамі выглядаюць на фоне маскоўскіх рэпрэсіяў Варфаламееўская ноч у Парыжы або гішпанскія аута-да-фэ. Ня той размах! Вайна супраць свайго народу, масавае зьнішчэньне ўласных грамадзянаў, сваёй жа эліты падчас апрычніны, царкоўнага расколу, пятроўскіх “рэформаў”, леніншчыны-сталіншчыны не паддаюцца ніякому спосабу вымярэньня. Расея — гэта жыцьцё паводле прынцыпу адмоўнага натуральнага адбору.

Чатырыста гадоў таму, у 1603 г. у маскоўскай імпэрыі пачаўся крызіс, сацыяльна-палітычная катастрофа, якую яшчэ сучасьнікі падзеяў назвалі “Смутным часам”. Надзіва, крызіс быў выкліканы не чужынскім нашэсьцем, а ўнутраным распадам згнілага нацыянальна-дзяржаўнага арганізма. Перадгісторыю і першапрычыны гэтага працэсу трэба шукаць у 16 стагоддзі. Імпэрская махіна пад кіраўніцтвам шызафрэніка Івана Жахлівага сутыкнулася з дзяржавамі заходняй цывілізацыі Швэцыяй, Лівоніяй, Беларусьсю. Рывок да Балтыйскага мора праваліўся. У 1558-83 гг. маскоўская азіятчына пацярпела паразу на эўрапейскім фронце. Расейскія сілы, вычарпаныя вайной, былі яшчэ больш грунтоўна падарваныя ў ходзе непараўнальнага “народна-гаспадарчага” экспэрымэнту пад камандай сярэднявечнага НКВД — апрычніны: адзяржаўліваньня зямлі і канчатковага пераводу ўсіх жыхароў у статус “холопей государевых” (не выпадкова Сталін так натхняўся вобразамі той эпохі). Краіна, аднак, не вытрымлівала такога гвалту. Расейцы актыўна пабеглі ў казакі і заняліся разбоем. На слабым розумам цары Фёдары Іаанавічы згасла дынастыя Рурыкавічаў. Новы цар Барыс Гадуноў, ратуючы сваю баярскую партыю і канцэпцыю трэцяга Рыма, разгарнуў быў “перастройку”. Ды скончыў, як і Гарбачоў, дэманстрацыяй нерэфармавальнасьці сваёй імпэрыі. Мітынг у Крамлі з нагоды згону Гадунова, паводле А. Пушкіна, завяршыўся хрыстаматыйным “народ безмолвствует”. Вернутыя з выгнаньня ворагі Гадунова Шуйскія ўжо не маглі спыніць працэс распада. У 1603 г. пачалося тое, што памянёны Пушкін трапна вызначыў як “русский бунт, беспощадный и бессмысленный”... Сума народнага гневу дасягнула крытычнай масы. Шматтысячная паўстанцкая сялянская армія Івана Балотнікава пагражала нават Маскве. Цар Васіль Шуйскі здолеў выратаваць дзяржаву з апошніх сілаў, ужываючы тактыку дзікіх рэпрэсіяў і выпаленай зямлі. Гэта быў клясічны пэрыяд у фармаваньні расейскай мадэлі буйнамаштабнага зьнішчэньня ўласнага народа. Адбывалася накапленьне гістарычнага досьведу крамлёўскай элітай, паступовая распрацоўка на практыцы мадэлі, паводле якой мільёны чалавечых жыцьцяў роўныя нулю. Гэты дзяржаўна-крымінальны досьвед маскоўскія кіраўнікі рэгулярна і актыўна будуць выкарыстоўваць у 17, 18, 19, 20-м стагоддзях, зьдзіўляючы чалавецтва вернасьцю пачварнай традыцыі ва ўмовах, калі сьвет вакол Расеі няспынна мяняўся. Настала 21 стагоддзе, а крамлёўскі царок з маральнай неабцяжаранасьцю збачэнца-карніка наладжвае забойчую газавую атаку ў маскоўскім тэатры ды яшчэ выхваляецца яе вынікамі перад цэлым сьветам...

Маятнік гістарычнага лёсу хіснуўся ў адваротны ад Масквы бок. Больш чым стогадовая расейская экспансія на Захад пачынаючы ад 1492 г. — праз Беларусь у Эўропу — на пачатку 17 стагоддзя выклікала магутны рэзананс: Эўропа рушыла на Расею, караючы краіну-агрэсара. Адной з важнейшых сюжэтных ліній ваенна-палітычнай драмы была беларуская тэма. Абодва Ілжэдзімітра, якія сьцьвярджалі па чарзе, што яны ёсьць выратаваны ад сьмерці малодшы сын Івана Жахлівага, і дамагаліся расейскага трону, былі беларусы. Ілжэдзімітры І — Грышка з дваранскага роду Атрэп'евых беларускага паходжаньня, цараваў у Маскве у 1605-06 гг. Ілжэдзімітры ІІ, “Тушынскі злодзей” — паповіч, настаўнік са Шклова (радзіма столькіх палітычных авантурнікаў!), называўся расейскім царом колькі месяцаў да восені 1608 г. Абодва трагічна загінулі ў віры смуты. Цяпер бы мы сказалі, што гэта былі няўдалыя апэрацыі беларускіх спэцслужбаў. Бо шматхадовай распрацоўкай з “уваскросшым” крамлёўскім прынцам займаліся першаплянавыя асобы нашай дзяржавы канцлер ВКЛ Леў Сапега, князі Адам Вішнявецкі і Ян Сапега. Беларускія атрады бралі актыўнейшы ўдзел у ваенных дзеяньнях на тэрыторыі Масковіі, вызвалялі і абаранялі захопленыя расейцамі ў 16 ст. гарады Смаленшчыны, штурмавалі Маскву, Угліч і Кастраму, даходзілі да Яраслаўля, Волагды і Белага возера. Знакаміты эпізод з опэры “Сьмерць за цара” зьвязаны якраз з беларускім аддзелам, які меўся захапіць нядаўна каранаванага Міхаіла Раманава, і быў заведзены ў пастку Іванам Сусаніным. Войскамі камандавалі нашы выдатныя палкаводцы Леў Сапега, Ян Кароль Хадкевіч, Ян Пётр Сапега, Аляксандр Лісоўскі, Януш Кішка. У 1610-12 гг. беларусы гаспадарылі ў Маскве, да самай капітуляцыі ў лістападзе 1612 г. трымаліся за мурамі Крамля (ой, ня любяць расейцы ўспамінаць гэты эпізод нашых узаемадачыненьняў!). Найкаштоўнейшым плёнам гэтай надзвычай цяжкой вайны было вызваленьне ад маскоўскай акупацыі нашай пэрлы — Смаленска.

Аднак, у гэтай “смутнай” вайне сутыкнулася безьліч палітычных і ваенных сілаў, якія мелі супрацьлеглыя стратэгічныя інтарэсы. Швэды, нібыта прыйшоўшы на дапамогу расейцам, нечакана ўдарылі ім у сьпіну. Разбойная, некантралюемая стыхія — украінскія казакі — вызначылася зьверствамі і зьнішчэньнем як на тэрыторыі Масковіі, так і ў Беларусі. Кароль і вялікі князь Жыгімонт накіраваў польска-беларускае войска на Расею, каб урэшце рэалізаваць даўнюю ідэю падпарадкаваньня яе абшараў. Ягоны сын Уладыслаў быў нават у 1610 г. афіцыйна абвешчаны баярскай радай царом Расеі, пачала вызначацца формула дзяржаўнай уніі Рэчы Паспалітай і Расеі. Канцэпцыя правалілася з разгромам у 1612 г. польска-беларускага гарнізона ў Маскве сіламі паспалітага рушэньня Мініна і Пажарскага і з абраньнем у 1613 г. на расейскі трон першага Раманава. Карфаген ня быў разбураны. Гісторыкі ўмоўна зьвязваюць гэтую падзею з заканчэньнем дзесяцігадовай Смуты ў Расеі.

А. Салжаніцын іранічна пісаў, што “Мішу Раманава абралі, таму што яго ніхто не баяўся”. У іх заўсёды так было на фоне рэгулярных смутаў: Сталіна абралі, таму што “недалёкі каўказец, якім можна маніпуляваць”; Хрушчова і Брэжнева, бо таксама добра пасавалі на ролю марыянэтак; позьніх генсекаў, бо маразматыкі і памруць скора... А выходзіла ўсё страшней. Не так даўно на маскоўскі трон насельніцтва Расеі (начале з акадэмічнай інтэлігенцыяй) пасадзіла новую, чыстакроўную кагэбісцкую дынастыю, аргумэнтуючы, што “Путин — строгий, оперработник, нам нужна крепкая рука...” Толькі прыход да ўлады савецкага КГБ вызначыў не заканчэньне, а якраз абвастрэньне агульнарасейскай смуты. Беларусы, што вяртаюцца з Расеі пасьля кароткага візыту, альбо ўцякаюць адтуль пасьля многіх гадоў працы, падобныя на кантужаных ахвяраў катаклізма. Іхныя маналёгі вельмі падобныя, незалежна ад адукацыі, небагатыя па лексіцы, але вельмі выразныя па сутнасьці: “Расея — гэта жах! Вакол адны бандыты, галеча, не плацяць заробкі, усе п'юць, жанчыны стаяць ля дарог і прадаюцца...” Тысячы нашых суайчыньнікаў за апошнія гады згінулі там (часам знаходзяць іхнія трупы, часам не). Гнілы вялізарны расейскі ідал усё яшчэ палохае чалавецтва сваімі ракетамі і ўкарэненымі па ўсім сьвеце мафіёзнымі структурамі. Цывілізаваныя краіны ліхаманкава адгароджваюцца ад яго натаўскімі бастыёнамі, аддаюць маскоўскаму монстру даніну “на дэмакратызацыю” (а ён крадзе і становіцца ўсё больш нахабным), адкупляюцца жывым таварам — Беларусьсю і Чачэніяй. Падобна, што чатыры стагоддзі расейска-эўрапейскіх дачыненьняў нічаму не навучылі эўрапейскія эліты.

1613 год Беларусі запомніўся з іншай нагоды. Упершыню ў гісторыі Рэчы Паспалітай адбыўся надзвычайны Сойм. Беларускае рыцарства пратэставала супраць палітыкі Жыгімонта ІІІ, які давёў Вялікае Княства да крызісу, пакінуў яго без дапамогі ў барацьбе з усходнімі варварамі. Але яшчэ ў 1618 г. каралевіч Уладыслаў безвынікова штурмаваў муры Масквы, імкнучыся вярнуць сябе крамлёўскі трон.

Галоўны гістарычны ўрок 1603-18 гг. сфармулявалі не спэцыялісты-гісторыкі, а цяперашнія ўцекачы-беларусы, якія паўтараюць рэфрэнам: “Трэба трымацца падалей ад жудаснай Расеі! Ніякіх фэдэрацый і саюзаў з гэтым кашмарам!..”

Валеры Буйвал