ПАХОДНЯ, ЯКАЯ ВЕЧНА ГАРЫЦЬ
У гісторыі Беларусі ёсьць шмат выдатных падзеяў, пра якія неабходна заўсёды памятаць, апавядаць і ўспамінаць. Бо памяць пра іх узвышае і мацуе народны дух. У гэтым ёсьць дабро народнай гісторыі, якая адчыняе веданьне высакародных справаў.
Слуцкі Збройны Чын — гэта было беларускае народнае паўстаньне на Случчыне супраць расейскай агрэсіі. У паўстаньні не было адзінага і безумоўнага правадыра (такога, як, скажам, Пілсудзкі для палякаў). Збройна змагацца супраць расейска-бальшавіцкай навалы вырашыў калектыўна сам народ. Рашэньне прыняла абраная ім Рада Случчыны, якая прызначыла кіраўнікоў, запрасіла вайскоўцаў і аб'явіла мабілізацыю, народнае рушэньне.
I вось туг яскрава выявілася веліч нашых продкаў. Тысячы людзей узьняліся на барацьбу, пайшлі пад сьцягі паўстаньня. Дзяцюкі і мужчыны станавіліся дабраахвотна. Ехалі на конях, ішлі пехатой у беларускае войска. Маці выпраўлялі сваіх сыноў. Жанчыны зьбіралі харчаваньне, лекі і вопратку. Народ сам ішоў на вайну бараніць Беларусь.
У першыя дні рушэньня сабралася больш за 10 тысячаў дабраахвотнікаў-змагароў. Але не хапала зброі. Таму напачатку сфармавалі вайсковыя часткі, якія змаглі элемэнтарна ўзброіць, і 27 лістапада 1920 года пачалі баявыя дзеяньнгі супраць расейскай бальшавіцкай арміі.
I яшчэ адну навуку засьведчылі слуцкія змагары для тых, хто мусіць бараніць Бацькаўшчыну.
Якая б ні была навала, якая б ні была вялікая сіла ў акупантаў — зь імі трэба ўсімі спосабамі змагацца. Бо толькі ў змаганьні можна перамагчы. Толькі змаганьне з захопнікамі дае надзею на волю, адчыняе пэрспэктыву для перамогі, дае стымул наперад, паказвае прыклад і шлях пакаленьням.
Сёньня гэта пацьвярджае мужны і гераічны чачэнскі народ. Ён будзе вольньм і незалежным, бо свабодны ў душы і здольны асэнсавана змагацца за радзіму, незалежнасьць і волю.
Мы, беларусы, перажываем цяпер цяжкія і ганебныя часы ўнутранай акупацыі і палітычнай агрэсіі расейскага вялікадзяржаўя. Супраць нашай краіны, абапіраючыся на прарасейскі рэжым Лукашэнкі, Масква вядзе вайну бяз зброі. Але ўсё больш і больш беларусаў пачынаюць разумець мэтады і сэнс гэтай разбуральнай антыбеларускай вайны. Гэтак жа, як ведалі тое Слуцкія змагары.
Цяперашнія беларусы мусяць усьвядоміць тое, што разумеў некалі кожны жыхар нашай краіны: уся небясьпека, уся бяда ідзе ў Беларусь з Расеі, з крамлёўскіх палатаў і сутарэньняў.
Нельга супрацоўнічаць з тымі, хто разбурае нашу краіну, хто аб'явіў пра пляны захопу і анэксіі нашай дзяржавы. Гэта — агрэсары.
Мы павінны ўсімі сродкамі бараніць нашу дзяржаву, незалежнасьць, тэрыторыю, маёмасьць, зямлю і народ.
Мы, беларусы, мусім быць гатовымі на Бацькаўшчыне і на ўсім сьвеце па прыкладу слуцкіх паўстанцаў у патрэбны час стаць на абарону Беларусі. Нельга недаацэньваць пагрозаў з Масквы, недаравальна не заўважаць небясьпекі, злачынна праяўляць лёгкадумства і спадзявацца, што неяк ўсё праміне.
Стварайце Камітэты па абароне Беларусі ад расейскай агрэсіі! Падтрымлівайце іхнюю дзейнасьць. Распаўсюджвайце іхнюю інфармацыю. У нас ёсьць велізарная сіла, якую мы мусім прывесьці ў дзеяньне дзеля свабоды, незалежнасьці і шчасьця нашай краіны.
Слава Слуцкім героям-змагарам за Беларусь, за незалежнасьць і волю Бацькаўшчыны!
Зянон Пазьняк